Аплатка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Аплатка
Паходжаньне
Асноўны складнік

Апла́тка (ад лац. oblatum — «прынашэньне») — вельмі тонкі белы лісток прэснага цеста, выпяканы зь белай мукі і вады без дадатку дрожджаў. Зазвычай на дысках выціскаюцца выявы на тэмы Нараджэньня Хрыстовага або хрысьціянскія сымбалі.

Зьбіраючыся за вігілійным сталом, каталікі лацінскага абраду дзеляцца міжсобку аплаткамі, ламаючы іх і пры гэтым зычачы адзін аднаму пажаданьні. Вігілійная аплатка ёсьць сымбалем яднаньня і дараваньня, знакам прыхільнасьці і любові. Дзяленьне яе на пачатку вігілійнае вячэры ёсьць выразам жаданьня быць разам.

Звычай вядомы ў Беларусі, Польшчы, Славаччыне[1], Летуве і іншых каталіцкіх краінах сьвету.

Выпякаюцца аплаткі ў кляштарах або касьцёлах ў адмысловых мэталічных формах. Апроч белых аплатак, прызначаных для ламаньня падчас вігіліі, выпякаюцца таксама каляровыя для хатніх жывёлаў і быдла.

Аналягам вігілійных аплатак у некаторых хрысьціянаў усходніх абрадаў (у тым ліку ў беларускіх грэка-католікаў) зьяўляецца звычай дзяліцца каляднай прасфорай.[2]

Паходжаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Традыцыя ламаньня хлебу паўстала яшчэ ў першыя вякі хрысьціянства (глядзіце антыдор). Пачаткова яна ня мела сувязі з Нараджэньнем Хрыстовым, зьяўляючыся сымбалем духоўнай сулучнасьці сябраў суполкі. З часам на вігілійныя набажэнствы пачалі прыносіць хлеб, які дабраслаўлялі і якім дзяліліся, падобна як падчас эўхарыстыі, але без асьвячэньня.

У Рэчы Паспалітай гэты звычай разьвіўся ў XVII стагодзьдзі як частка шляхецкай каталіцкай культуры і распаўсюдзіўся таксама на суседнія краіны. Тут таксама зьявілася традыцыя выціскаць на цесьце выявы на рэлігійную тэматыку.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Sviatky na Slovensku (славацк.) SlovakiaSite Праверана 27 сьнежня 2012 г.
  2. ^ Раство Хрыстова 2012 г.