Аўгустоўскі канал

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Шлюз Горчыца (Польшча)

Аўгусто́ўскі кана́л — гідратэхнічнае збудаваньне 19 ст. на тэрыторыі Беларусі (Гарадзенскі раён) і Польшчы. Даўжыня 101,2 км, у межах Беларусі 22 км. Глыбіня 1,8 м. Праходзіць з р. Нараў па рэках Бобра, Нета, далей праз азёры Сайна, Нецка, Белае, Сьцюдзёнае, па р. Чорная Ганча ў Нёман. Беларуская частка канала налічвае 3 шлюзы — Нёмнава, Дамброўка, Валкушак (шлюз Кужынец — на мяжы Беларусі з Польшчай) і 2 плаціны. Шлюз у Нямнове самы вялікі — трохкамэрны, даўжыня яго трох камэраў — 43,5 м. Астатнія шлюзы адна й двухкамэрныя.

Плян па пабудове канала належаў Францішку Друцкаму-Любецкаму для стварэньня воднага шляху з басэйнаў Віслы й Нёмана да расейскіх партоў на Балтыйскім моры ў абыход тэрыторыі Каралеўства Прусія, якае ўвяло вялікія правазныя пошліны. Праект, які атрымаў назву «Аўгустоўскі канал», быў цалкам распрацаваны ў 1824 годзе й прадугледжваў канцавым пунктам канала порт Віндавы (цяпер Вэнтсьпілс). У тым жа годзе праект ўхваліў расейскі імпэратар Аляксандар І. Паводле першапачатковага праекту, агульная даўжыня канала ад р. Бебжа да порта Віндавы мусіла скласьці 395 км, але пабудавана было толькі 101,2 км, бо другая лінія канала па рэках Нёман—Дубіса—Віндава (цяпер р. Вента) не была пабудаваная, паколькі ў канцы 19 ст. пачаў бурна разьвівацца чыгуначны транспарт.

Праект распрацоўваўся й канал будаваўся пад кіраўніцтвам ваеннага інжынэра Ігнація Прандзінскага, які разьлічваў, што будаўніцтва мусіла быць закончанае праз 10 гадоў, а першыя судны маглі пачаць курсіраваць ужо праз 3-4 гады. Асноўныя работы былі выкананыя да 1830 году. Будаўніцтва перапынялася за часам паўстаньня 1830—1831 г. і аднавілася (пад кіраўніцтвам інжынэра Тэадора Урбанскага) у 1833, закончылася ў 1839 г. На канале было 18 шлюзаў, мноства мастоў, плацінаў, службовых будынкаў.

Аўгустоўскі канал паблізу г. Аўгустаў (Польшча)

Канал выкарыстоўваўся для перавозкі мукі, солі, збожжа, крэйды, гіпсу й г.д. У Аўгуставе быў пабудаваны буйны порт і спэцыяльныя дарогі для коней, каб цягнуць баржы ўверх па цячэньні. Водная траса была разьлічаная на праход суднаў да 40 м у даўжыню, да 5 м у шырыню і здольных перавозіць да 10 тон грузу. Зь сяр. 19 ст. канал пачаў паступова прыходзіць у заняпад. З 1852 па ім сплаўлялі толькі лес, а зь сярэдзіны 1860-х канал закінулі. Падчас Другой сусьветнай вайны нямецкія войскі ўзарвалі тры шлюзы, каля дзясятку мастоў і восем плацінаў. Пасьля Другой сусьветнай вайны польская частка канала была адрэстаўраваная. Беларуская частка канала за доўгія гады ператварылася ва ўнікальную экасыстэму. У 1970-я на гэтай тэрыторыі быў створаны дзяржаўны батанічны заказьнік «Сапоцкінскі».

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  410Г000146

Аўгустоўскі каналсховішча мультымэдыйных матэрыялаў