Балтыйскі шлях

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Балтыйскі шлях. Летува

Балтыйскі шлях (па-эстонску: Balti kett, то бок Балтыйскі ланцуг; па-латыску: Baltijas ceļš, па-летувіску: Baltijos kelias) — мірная акцыя ў Прыбалтыйскіх ССР, праведзеная 23 жніўня 1989 году. Жыхары Летувы, Латвіі й Эстоніі зрабілі жывы ланцуг даўжынёй амаль у 600 км (каля двух мільёнаў чалавек, то бок прыкладна 25% трох прыбалтыйскіх рэспублік на той час), такім чынам аб’яднаўшы Талін, Рыгу й Вільню. Акцыя была прымеркаваная да 50 гадоў са дню падпісаньня пакту Молатава-Рыбэнтропа, мэтай акцыі было прыцягнуць увагу сусьветнага грамадзтва да гістарычных падзеяў, якія зьмянілі статус краінаў Прыбалтыкі. Згодна з пактам і сакрэтным пратаколам, які прыкладаецца да яго, СССР і Нямеччына падзялялі сфэры ўплыву ў Эўропе: Латвія, Эстонія, Фінляндыя, усходнія вобласьці Польшчы й Бэсарабіі адыходзілі СССР, а Летува й захад Польшчы — Нямеччыне.

Акцыя прадэманстравала растучую ўпэўненасьць сілаў, якія змагаліся за незалежнасьць прыбалтыйскіх краінаў. Арганізатарамі сталі Народны фронт Эстоніі, Народны фронт Латвіі й Саюдзіс у Летуве. Балтыйскі шлях дазволіў прадэманстраваць усяму сьвету жаданьне народаў Прыбалтыкі аддзяліцца ад СССР, іхнюю салідарнасьць у гэтым памкненьні. Сэпаратысцкія арганізацыі скарысталіся акцыяй, каб сказаць, што акупацыя СССР Прыбалтыйскіх краінаў пытаньне ня толькі палітычнае, але й маральнае. Улады СССР адрэагавалі на акцыю толькі рыторыкай, не зрабіўшы ніякіх рэальных крокаў для ўмацаваньня адносінаў паміж рэспублікамі, у выніку чаго праз 6 месяцаў пасьля правядзеньня Балтыйскага шляху Летува першай з рэспублікаў Савецкага Саюзу аб’явіла пра выхад зь ягонага складу.

У 2009 годзе арганізацыя ЮНЭСКО прызнала гэтую акцыю фэномэнам негвалтоўнага супраціву й прыняла рашэньне ўключыць дакумэнтальныя матэрыялы пра яе ў міжнародны рэгістар праграмы «Памяць Сьвету»[1].

Крыніцы й заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]