Белы верш

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Бе́лы верш (па-француску: vers blanc — белы верш) — нерыфмаваны верш у сілабічнай, сілаба-танічнай і танічнай сыстэмах вершаскладаньня. У адносінах да антычнага, а таксама старарускага народнага верша назва гэта не ўжываецца, паколькі для іх рыфмаваны верш, як і для вэрлібру, увогуле не характэрны. Паходжаньне тэрміна зьвязана з практыкай раньняга кнігадрукаваньня, дзе рыфмаваныя радкі пазначаліся чырвонай фарбай, а нерыфмаваныя — звычайнай. Калі ва ўсім вершы не было рыфмаў, то ён друкаваўся звычайнай фарбай і называўся «белым». У белым вершы арганізуючую ролю бярэ на сябе кляўзула. У ім павышаецца сэнсавыяўленчая і інтанацыйная роля рытму, адкрываюцца шырокія магчымасьці натуральнай пабудовы моўнай фразы, перадачы жывога маўленьня. Менавіта таму ў драматургіі часта выкарыстоўваецца белы пяцістопны ямб, які добра перадае жывую гаворку. Гэтым вершам пісалі свае трагедыі, камэдыі, драматызаваныя паэмы ШэксьпірГамлет», «Кароль Лір»), Байран («Манфрэд»), Шылер («Вільгельм Тэль»), А. Пушкін («Борис Годунов»), Л. Украінка («У катакомбах»). У Беларусі белы верш сустракаецца ўпершыню ў С. Полацкагавершах на лацінскай мове). Асаблівае пашырэньне атрымаў на пачатку XX ст. Белыя вершы пісалі Я. Купала, М. Багдановіч, У. Дубоўка, А. Куляшоў і іншыя паэты. Такія буйныя творы, як драматызаваныя паэмы П. Глебкі «Над Бярозай-ракой» і «Сьвятло з Усходу», паэмы П. Панчанкі «Маладосьць у паходзе», М. Танка «Люцыян Таполя» і іншыя, таксама напісаныя белым вершам. Вершы, у якіх адны радкі зарыфмаваныя, а другія не, называюцца паўбелымі («Бандароўна», «Што ты сьпіш?» Я. Купалы, «Салодкая лячэбніца» П. Панчанкі і інш.). Асаблівы мастацкі эфэкт дасягаецца пры ўвядзеньні белага верша ў сыстэму рыфмаванага, як гэта назіраецца ў паэме Я. Купалы «Яна і я» (разьдзел «Вясьнянка»).

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]