Бурышы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Бурышы

Раджа Гунзы з супляменьнікамі, ХІХ ст.
Колькасьць ~ 87 тыс. чал.
Рэгіёны пражываньня поўдзень Паміру
Мовы бурушаскі
Рэлігія іслам, раней — шаманізм
Блізкія этнасы не ўсталяваныя

Буры́шы — этнічная група, прадстаўнікі якой пражываюць у далінах Гунза й Ясын правінцыі Гілгіт-Балтыстан, што на поўначы Пакістану на ўсходніх адгор’ях Каракаруму[1]. Вернікі ў асноўным прадстаўленыя насельніцтвам ісламскага веравызнаньня, асноўная мова — бурушаскі, генэтычныя сувязі якой на цяперашні час не ўсталяваныя.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На думку расейскага лінгвіста Сяргея Старасьціна бурышы прадстаўляюць сабою рэшткі неасыміляванага індаэўрапейцамі насельніцтва і зьяўляюцца этнасам, які мае роднасныя сувязі з сына-тыбэцкімі, паўночнакаўкаскімі, енісейскімі народамі, а таксама баскамі[2]. У Сярэднявеччы, разам зь іншымі суседнімі народамі рэгіёну, былі зварочаныя ў іслам, вызнаючы да яго шаманізм. У ХІХ ст. землі бурышаў трапляюць у васальную залежнасьць ад Вялікабрытаніі, якая ўрэшце замацоўваецца ў 1890-х гг. шляхам г.зв. гунза-нагарскай кампаніі. З 1947 году землі бурышаў складаюць тузэмнае княства ў складзе Пакістану, якое ў 1974 годзе ўвайшло ў склад правінцыі Гілгіт-Балтыстан.

Арэал[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Спрадвечны арэал пражываньня бурышаў — усходнія адгор’і горнае сыстэмы Каракарум, паўночныя рэгіёны пакістанскае правінцыі Гілгіт-Балтыстан. У гэтым рэгіёне этнічныя бурышы сканцэнтраваныя па некалькіх далінах, падзяляючыся такім чынам на некалькі групаў. Насельніцтва найбольш паўночнай часткі арэалу бурышаў, даліны Гунза, вядомыя пад назвам гунзакуты, на гэтай жа тэрыторыі да 1974 году існавала аднайменнае тузэмнае княства. Іншыя групы бурышаў пражываюць у суседняй Ясынскай даліне.

Зьяўляюцца суседзямі такіх этнасаў як ваханцы й шына, якія належаць да індаіранскае галіны індаэўрапейскіх народаў і размаўляюць на ваханскай мове й мове шына адпаведна, што, у адрозьненьне ад бурушаскі, уваходзяць у склад індаэўрапейскае сям’і моваў. Этнічныя ваханцы пражываюць паблізу бурышаў, насяляючы верхнюю Гунзу, а таксама памежныя раёны з Кітаем і Аўганістанам, у сваю чаргу, шына насяляюць паўднёвыя часткі даліны Гунза.

Генэтычныя паказчыкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У генэтычным дачыненьні бурышы дэманструюць разнастайнасьць паводле NRY-гаплягрупаў. Найбольш распаўсюджаная гаплягрупа згодна з дасьледаваньнямі генафонду бурышоў — гаплягрупа R1a1, што ў сучаснай генэтыцы атаясамліваецца, аднак, з індаэўрапейскімі этнасамі і, хутчэй за ўсё, зьвязаная зь міграцыямі насельніцтва з тэрыторыі Паўднёвай Азіі прыкладна ў IV тыс. да н.э.[3] Іншай досыць пашыранай гаплягрупай ёсьць R2a, якая, верагодна, паходзіць з Паўднёвай або Сярэдняй Азіі і адносіцца да пэрыяду верхняга палеаліту[4]. Акрамя гэтага, прысутныя сьляды гаплягрупаў H1, L3, а таксама гаплягрупа L, якая вызначаецца аднануклеатыднапалімарфічнай мутацыяй гаплягрупы M20 і найбольшую разнастайнасьць адлюстроўвае на тэрыторыі сучаснага Пакістану[4][5]. Вялікую дзель у генафондзе бурышаў прадстаўляюць гаплягрупы J2, якая зьвязваецца з распаўсюджваньнем сельскае гаспадаркі з Блізкага Ўсходу[3][4], а таксама C3, што мае сыбірскае паходжаньне і мажліва зьвязаная з бацькоўскай лініяй радаводу Чынгісхана.

Значна менш прадстаўленыя ўсходнеэўразійская гаплягрупа O3, гаплягрупы Q, P, F, G[4].

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На цяперашні час бурышы належаць да мусульманскага веравызнаньня ісмаілісцкага кірунку, да зварачэньня ў іслам былі распаўсюджаныя шаманскія практыкі.

Паданьні пра паходжаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Згодна з народнымі легендамі бурышаў народ бярэ сваё паходжаньне зь сяла Балтыр, заснаванага ўцёклымі салдатамі арміі Аляксандра Македонскага, аднак падобныя паданьні ўласьцівыя й іншыя этнасам паўночнага Пакістану, а таксама большае часткі суседняга Аўганістану[6]. Падобныя народныя паданьні аспрэчваюцца генэтычнымі дасьледаваньнямі насельніцтва Аўганістану й Пакістану[4]. У 2008 годзе македонскі Інстытут па стратэгічных дасьледаваньнях «16.9» арганізаваў візыт прынца Гунзы Газанфара Алі Хана й прынцэсы Рані Атыка, якія падчас візыту былі прадстаўленыя як нашчадкі жаўнераў Аляксандра Македонскага[7], дэлегацыя госьцей была сустрэтая тагачаснай палітычнай элітай краіны. Тым ня менш, навуковая каштоўнасьць падобных мерапрыемстваў застаецца сумнеўнай.

Мова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Размаўляюць на мове бурушаскі, якая, у адрозьненьне ад суседніх, не належыць да індаэўрапейскіх і не ўваходзіць у ніводную сям’ю моваў сьвету. Існуюць арабскія запазычваньні, а таксама запазычваньні з моваў навакольных этнасаў. Пісьмо арабскае, выкарыстоўваецца спарадычна.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Sadaf Munshi, B.S., M.A., M.Phil. Jammu and Kashmir Burushaski: Language, language contact, and change. — Repositories.lib.utexas.edu, 2006.
  2. ^ Яковлев В. М. Читатель сообщает, спрашивает, спорит // Знание — сила. — 2004. — № 4.
  3. ^ а б R. Spencer Wells. The Eurasian Heartland: A continental perspective on Y-chromosome diversity. — Proceedings of the National Academy of Sciences of the United States of America.
  4. ^ а б в г д Firasat, Sadaf; Khaliq, Shagufta; Mohyuddin, Aisha; Papaioannou, Myrto; Tyler-Smith, Chris; Underhill, Peter A; Ayub, Qasim. 15 // Y-chromosomal evidence for a limited Greek contribution to the Pathan population of Pakistan. — European Journal of Human Genetics. — 2006 Т. 1. — С. 121-126.
  5. ^ Qamar Raheel. 1107-1124 // Y-Chromosomal DNA Variation in Pakistan. — American Journal of Human Genetics. — 2002 Т. 70.
  6. ^ James Stuart Olson. An Ethnohistorical Dictionary of China. — Greenwood Publishing Group, 1998. — 434 с. — ISBN 9780313288531
  7. ^ Neil MacDonald. Alexander's 'descendants' boost Macedonian identity // Financial Times. — 2008.