Бітва пад Сталовічамі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Бітва пад Сталовічамі
Памятны камень Бітве пад Сталовічамі 1771
Дата: 23 верасьня 1771
Месца: Сталовічы і ваколіцы
Вынік: перамога расейскіх войскаў
Супернікі
Сьцяг Расеі Расейская ІмпэрыяБарская канфэдэрацыя
Камандуючыя
А. СувораўМ. К. Агінскі
Колькасьць
822 жаўнеры, 2 гарматы2500 канфэдэрантаў
Страты
80 чалавек (паводде расейскіх зьвестак — 8 забітых і 38 параненых)1000 забітымі і параненымі, 700 палоннымі, страчана ўся артылерыя

Бітва пад Сталовічамі — бітва, якая адбылася ўночы на 23 верасьня 1771 пад мястэчкам Сталовічы паміж барскімі канфэдэрантамі і расейскім войскам.

Войска Суворава падышло да Сталовіч Брэст-Літоўскім трактам. Ад злоўленых польскіх уланаў стала вядома, што канфэдэранты стаяць на начлезе ў Сталавічах. Сувораў парушыўшы ўсе тагачасныя нормы вядзеньня бою, вырашыў ўдарыць нечакана ў ночы. Канфэдэранты чакалі расейскае войска зь іншага боку.

У першай лініі Сувораў выставіў пяхоту, ззаду артылерыю, за якою кавалерыя. Яшчэ да сьвітаньня расейскія жаўнеры паціху наблізіліся да мястэчка. Пасьля па сыгналу пачалася страляніна артылерыяй і стрэльбамі. Суздальскія грэнадэры пад началам маёра Кісялёва здолелі штыкавой атакаю прабіцца праз плаціну на балоце да мястэчка. За імі ў Сталовічы ўляцела коньніца падпалкоўніка Рылёва, якая рубіла і таптала ўсіх сустрэчных. Сярод канфэдэрантаў пачаўся тлум. Сам Агінскі выскачыўшы з пакою на кані спрабаваў беспасьпяхова зладзіць адпор.

Жаўнеры Кісялёва рушылі да кватэры Агінскага. Нарвэскія грэнадэры пад началам маёра Фэргіна выбівалі літоўскую пяхоту зь мястэчка. Пасьля далучыліся да Кісялёва. Аб’яднаныя расейскія сілы рушылі на літоўскае войска, што мела лягер на полі пад Сталовічамі й дзе месьцілася артылерыя.

Як адзначаў Сувораў, літоўская пяхота адбівалася мужна, але не падрыхтаваныя гарматы ня здолелі ня разу стрэліць. Пасьля некалькіх штыхавых атак расейцы выбілі і расьцярушылі канфэдэрантаў. У гэты час да месца бою падасьпелі ўланы Юзэфа Беляка і Карыцкага, якія акружылі тры расейскіх эскадроны. Расейская кавалерыя здолела прарубіцца і адысьці.

Польска-літоўскае войска таксама адышла ў бок Моўчадзі. Агінскі накіраваўся да прускай мяжы і зьехаў за граніцу.

Сувораў захапіў артылерыю, сьцягі, вайсковую касу, гетманскую булаву.

Вынікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Галоўнаю прычынаю паразы пад Сталовічамі было тое, што загад Агінскага выставіць варту ня быў выкананы, і гетман ня ведаў пра перамяшчэньне Суворава. Вялікую ролю адыграла і тое, што частка войска знаходзілася ў мястэчку (300 літоўскіх янычараў і 700 кавалерыстаў), а частка ў лягеры.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • А. Сувораў. «Аўтабіяграфія. 28 кастрычніка 1790»