Бітва пад Шапялевічамі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Бітва пад Шапялевічамі
Дата: 24 жніўня 1654
Месца: ваколіцы Шапялевіч
Вынік: перамога маскоўскага войска
Супернікі
Герб ВКЛ ВКЛ, Польскае каралеўства, вугорскiя наймiты, нямецкiя наймiтыГерб Маскоўскага княства 1625 Маскоўскае княства
Камандуючыя
Януш РадзівілАляксей Трубяцкой
Колькасьць
каля 5000—6000 жаўнераўкаля 15 000 жаўнераў[1]
Страты
каля 1000 чалавек, 270 палонукаля 100 чалавек[2]

Бітва пад Шапялевічамі (24 жніўня 1654) — паміж войскам ВКЛ і Маскоўскага княства пад час Трынаццацігадовай вайны 16541667 гадоў. Першая перамога ў разы колькасна большага маскоўскага войска над невялікім войскам ВКЛ за некалькі дзесяцігодзьдзяў.

Перадумовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля перамогі пад Шкловам над Чаркаскім 12 жніўня гетман вялікі літоўскі вымушаны быў адысьці з поля бітвы, бо на дапамогу разьбітых аддзелаў сьпяшаўся Трубяцкой.

1422 жніўня літоўскае войска адпачывала пад Галоўчынам. Януш Радзівіл двойчы выпраўляў у разьведку разьезд на чале з падстоліям літоўскім Аляксандрам Гіляр’ем Палубінскім. 20 жніўня стала вядома, што войска Трубяцкога рухаецца на захад. 21 жніўня яно падышло да Галоўчына. Літоўскае войска адыйшло да Бялыніч і разьбіла лягер на левым беразе ракі Друць. Войска сьпехам пачало будаваць фартэцыі. Радзівіл зьбіраўся даць абарончую бітву, але некалькі дзён было згублена, бо вялікі гетман захварэў.

Бітва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Трубяцкой у гэты час абыйшоў ліцьвінаў з поўначы і пераправіўся праз Друць у Цяцерыне, адрэзаўшы шляхі адыходу. На сьвітаньні 24 жніўня ліцьвіны рушылі на Шапялевічы і засьпелі тамака маскоўцаў.

Радзівілу давялося распачынаць бойку ў вельмі нязручных умовах. Некалькі літоўскіх харугваў, разьбіўшы некалькі маскоўскіх разьездаў, ускочылі ў Шапялевічы і патрапілі пад моцны агонь маскоўскай пяхоты і драгуноў. Войска ВКЛ было адкінута ад сьценаў мястэчка. Даводзілася прыняць бой у чыстым полі. Трубяцкому заставалася скарыстацца колькаснаю перавагаю.

На чыстым полі адбылася конная бітва. Малы літоўскі фронт ня мог стрымаць колькасную перавагу. Маскоўцы абышлі правае крыло Радзівіла і прымусілі яго адступаць. Цэнтар, якім камандвалі Герман Ганцкопф, Эбэргард Путкамэр і Эрнэст Ян Корф, трымаўся даўжэй, але таксама змушаны быў да адыходу.

Полк Палубінскага спрабаваў прыкрыць адыход войска ВКЛ і двойчы хадзіў у атаку, але гэта мала дапамагло. Адыход ператварыўся ва ўцёкі. Маскоўцы больш за мілю гналі ліцьвінаў.

Пры пераправе праз Друць пад Чэрцамі ў рукі маскоўцаў ледзь ня трапіў сам гетман Радзівіл. Януш Радзівіл быў паранены ў правую нагу, яго конь забіты. Жыцьцё гетману ўратаваў харужы Грэфэнбэрг, які прыняў на сябе кулі й удары рагаціны.

Адыход выратавала рота вугорскай пяхоты Самуэля Яна Юшкевіча, якая сваімі трапнымі стрэламі выбіла з другога берага маскоўцаў.

Вынікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ліцьвіны згубілі каля 1000 чалавек, у гэтым ліку тых, хто не загінуў, але быў расьцярушаны па навакольных лясох і балотах і доўгі час дабіраўся да сваіх аддзелаў. Быў забіты палявы пісар літоўскі Мацей Францкевіч-Радзімінскі. Сама бойка была з малымі стратамі, большасьць жаўнераў загінула пад час адыходу і пераправе праз Друць і Бярэзіну.

У наступныя дні маскоўцы працягвалі пагоню і зьнішчэньне асобных атрадаў. 25 жніўня быў выразаны пад корань полк нямецкай пяхоты вялікага гетмана літоўскага — маскалі засьпелі яго за пераправаю праз раку. Каля Чэрцаў была ледзь ня зьнішчана казацкая харугва асабістай аховы Януша Радзівіла — са 150 чалавек засталося 30.

Захоплена рускiмi ўся польска-літоўская артылерыя.

Гэта была больш маральная перамога — быў зламаны літоўскі дух. Маскоўскія жаўнеры зразумелі, што могуць перамагаць палякаў, вугорцаў, немцаў й ліцьвінаў, ад якіх апошнія дзесяцігодзьдзі мелі толькі паразы.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Бабулин И. Б. Князь Семен Пожарский и Конотопская битва, М., 2009
  2. ^ Книга Сеунчей 162 и 163 (1654 и 1655) годов

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667. — Менск: Навука і тэхніка, 1995. — 144 с. ISBN 5-343-01637-5.
  • Конрад Бабятынскі «Ад Смаленску да Вільні», пер. з пол. // Архэ 7—8, 2008