Гародніна

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гародніна на рынку ў Філіпінах

Гародніна — пэўныя ядомыя часткі расьлінаў, пераважна травяністых, якія выкарыстоўваюцца чалавекам у ежу й звычайна супрацьпастаўляюцца салодкай садавіне, ягадам і разнастайнаму зерню, спэцыям, травам або затаўкам. Панятак гародніны й ейнае адрозьненьне ад садавіны вызначаны невыразна й не зьяўляецца навуковымі, тым ня менш тэрмін шырока выкарыстоўваецца ў кулінарыі. Гароднінай могуць быць практычна любыя часткі расьліны, у прыватнасьці лісьце, плады, кветкі, карняплоды, сьцеблы, клубні, да іх таксама звычайна адносяць грыбы, якія не зьяўляюцца расьлінамі. Некаторыя прадукты з гародніны звычайна ўжываюцца ў ежу сырымі, тады як іншыя рыхтуюцца рознымі спосабамі.

Нягледзячы на тое, што большасьць моваў маюць тэрміны, у шырокім сэнсе аналягічныя адзін аднаму, аднясеньне канкрэтных частак расьлінаў у гэтыя катэгорыі залежыць ад мясцовых кулінарных традыцыяў. Напрыклад, у Бразыліі авакада традыцыйна ўжываецца ў ежу з цукрам як дэсэрт або прыкладаецца да малочных кактэйляў, і такім чынам лічыцца садавінай, тады як у Мэксыцы й ЗША авакада дадаецца ў салаты й соўсы й лічыцца гароднінай.

Першапачаткова дзікая гародніна сабіралася людзьмі шляхам зьбіральніцтва, што, зь цягам часу, прывяло да пераходу да культываваньня гародніны ў некалькіх частках сьвету, верагодна, на працягу пэрыяду ад 10 тысячаў гадоў да н. э. да 7 тысячаў гадоў да н. э., калі значна пашырыўся новы сельскагаспадарчы лад жыцьця. Па-першае, спачатку першабытныя людзі культывавалі мясцовыя расьліны, аднак праз разьвіцьцё гандлю пашырыліся розныя віды гародніны экзатычных культур зь іншых рэгіёнаў Зямлі. У цяперашні час, большасьць відаў гародніны вырошчваюць па ўсім сьвеце, дзе гэта дазваляе клімат, ці гэта склалася культурна. Гародніна можа быць вырашчана ў абароненых асяродзьдзях, як то цяпліцах, у менш прыдатных кутках плянэты. На сёньня Кітай зьяўляецца найбуйнейшым вытворцам гародніны. Глябальны гандаль сельскагаспадарчай прадукцыі дазваляе спажыўцам набываць гародніну, якую вырасьцілі ў далёкіх краінах. Маштаб вытворчасьці вар’іруецца ад фэрмэрскіх гаспадарак, якія забясьпечваюць патрэбу ў ежы толькі сваёй сям’і, да аграбізнэсу зь вялікімі сельскагаспадарчымі засеўнымі плошчамі, якія вырошчваюць прадукцыю на сусьветны рынак. У залежнасьці ад віду гародніны значна адрозьніваюцца мэтады і спосабы ўборкі ўраджаю, ягонага захоўваньня, перапрацоўкі і маркетынгу.

Гародніну можна ўжываць у ежу як у сырым выглядзе, гэтак і варанай. Яна гуляе важную ролю ў харчаваньні чалавека, зьяўляючыся прадуктам у асноўным зь нізкім утрыманьнем тлушчаў і вугляводаў, але з высокім утрыманьнем вітамінаў, мінэралаў і харчовых валокнаў. Многія дыетолягі заахвочваюць людзей да спажываньня вялікая колькасьці садавіны і гародніны, у прыватнасьці, да пяці ці больш порцыяў на дзень.

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2011 г. валавы збор гародніны адкрытага грунту склаў у Беларусі 288 тыс. тонаў пры сярэдняй ураджайнасьці 214 цэнтнэраў з гектару[1]. У 2019 годзе Беларусь знаходзілася на 5-м месцы ў сьвеце паводле сярэднедушавой вытворчасьці гародніны[2]. У 2023 годзе на прысядзібных дзялянках у Беларусі, на якіх вялі на натуральную гаспадарку, вырасьцілі 65 % агародніны[3].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гароднінасховішча мультымэдыйных матэрыялаў