Гаўрыла Календа

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гаўрыла Календа
лац. Haŭryła Kalenda
Гаўрыла Календа
Гаўрыла Календа

Герб «Бэлты»
VI арцыбіскуп полацкі
1655 — 1674
ПапярэднікАнтон Сялява
НаступнікКіпрыян Жахоўскі
VI мітрапаліт кіеўскі, галіцкі й усяе Русі
1665 — 1674
ПапярэднікАнтон Сялява
НаступнікКіпрыян Жахоўскі
VI протаархімандрыт Ордэна базылянаў сьвятога Язафата
1666 — 1674
ПапярэднікЯкуб Суша
НаступнікПахом Агілевіч
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся каля 1606
Памёр 18 лістапада 1674
Пахаваны
Род Календы
Дзейнасьць каталіцкі сьвятар, каталіцкі біскуп

Гаўрыла Календа[a] (каля 1606, Вільня — 18 лістапада 1674) — царкоўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай. Уніяцкі арцыбіскуп полацкі (з 1655), адміністратар Кіеўскай мітраполіі (1655—1665), мітрапаліт кіеўскі, галіцкі й усяе Русі (з 1665), протаархімандрыт Ордэна базылянаў сьвятога Язафата (з 1666), архімандрыт супрасьльскі, беразьвецкі, ляшчынскі.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

беларускага[1] шляхецкага роду гербу «Бэлты». У 1626 годзе ўступіў у ордэн базылянаў. Навучаўся ў калегіюмах Браўнсбэргу (1627—1630 гады), Вены і Рыму (1633—1639 гады).

У запісах мэтрыкі калегіюму у Браўнсбэргу вызначыў сябе ліцьвінам: Gabrlel Kolenda, Basilianus, Lithuanus[2].

Ад 1633 году сьвятар. У 1642—1655 гадох пры мітрапаліце Антоне Сяляве, ад 1653 году каад’ютар (памочнік-намесьнік) арцыбіскупа полацкага, потым арцыбіскуп.

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667), калі маскоўскія акупанты і казакі гвалтоўна ліквідоўвалі ўніяцкія цэрквы на акупаваных тэрыторыях, а на заходніх землях Вялікага Княства Літоўскага рымска-каталіцкія біскупы імкнуліся падпарадкаваць грэка-каталікоў сваёй уладзе, ва ўмовах няпэўнасьці Папа Рымскі Аляксандар VII не зацьвярджаў Гаўрылу Календу мітрапалітам.

Да 1660 году, ратуючыся ад маскоўскіх і швэдзкіх войскаў, вандраваў местамі Літвы. У другой палове 1660-х гадоў пералом у настроях шляхты на карысьць Уніі і асабістыя намаганьні Гаўрыла Календы паспрыялі ягонаму зацьверджаньню мітрапалітам і выданьню ў 1667—1668 гадох каралём і вялікім князем, а таксама соймам пастановаў, якія аднаўлялі правы грэцка-каталіцкай герархіі і гарантавалі перадачу ім незанятых япархіяў былой Кіеўскай мітраполіі Канстантынопальскага патрыярхату.

Дамогся вяртаньня царкоўнай маёмасьці, страчанай у часе вайны, склаў з Рымска-Каталіцкай царквой пагадненьне пра забарону лацінскім ксяндзам браць дзесяціну з уніятаў. У 1660-я гады вывеў з падпарадкаваньня базылянаў шэраг манастыроў і зрабіў іх архімандрыямі, перадаўшы япіскапам. У 1661 годзе на Супрасьльскай капітуле спрабаваў абвясьціць сябе протаархімандрытам ордэна базылянаў, што аднак скасаваў Папа Рымскі Аляксандар VII. У 1666 годзе на Берасьцейскім капітуле дзеля захаваньня ўнутрыцаркоўнага спакою зноў абіраўся протаархімандрытам базылянаў. Падтрымка ім у гэты пэрыяд ордэна і перадача яму архімандрыяў выклікала канфлікт зь біскупамі. Спробы Гаўрылы Календы адлучыць нязгодных архірэяў ад Царквы і ўсталяваць неабмежаваную ўладу спыніліся празь ціск папства.

У канцы жыцьця двойчы (1671 і 1672 гады) зьвяртаўся да новаабранага Папы Рымскага Клімэнта X датычна справы павышэньня статусу шанаваньня блаславёнага Язафата Кунцэвіча[3]. Спачыў у Полацку.

Папярэднік
Антон Сялява
Арцыбіскуп полацкі
16551674
Наступнік
Кіпрыян Жахоўскі
Папярэднік
Антон Сялява
Мітрапаліт кіеўскі, галіцкі й усяе Русі
16651674
Наступнік
Кіпрыян Жахоўскі
Папярэднік
Якуб Суша
Протаархімандрыт Ордэна базылянаў сьвятога Язафата
16661674
Наступнік
Пахом Агілевіч

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Іншая форма імя: Габрыэль Календа (польск. Gabriel Kolenda)

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Казуля С. Календа Гаўрыіл // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 18.
  2. ^ Die Matrikel des päpstlichen Seminars zu Braunsberg 1578—1798. — Braunsberg, 1925. S. 82.
  3. ^ Хадыка А. Святы Язафат Кунцэвіч: складаньне культу і іканаграфіі ў Беларусі // Наша Вера. № 2 (36), 2006.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]