Грузінская Дэмакратычная Рэспубліка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Грузінская Дэмакратычная Рэспубліка
груз. საქართველოს დემოკრატიული რესპუბლიკა

1918—1921
Сьцяг Грузінскай Дэмакратычнай Рэспублікі Герб Грузінскай Дэмакратычнай Рэспублікі
Сьцяг Герб
Дзяржаўны гімн: «დიდება («Дзідэба»)»
Месцазнаходжаньне Грузінскай Дэмакратычнай Рэспублікі
Афіцыйная мова грузінская
Сталіца Тыфліс
Форма кіраваньня
Кіраўнік ураду
Рэспубліка
Ной Рамішвілі (першы)
Плошча
 • агульная

(1919) 107 600 км²
Насельніцтва
 • агульнае (1919)
 • шчыльнасьць

2 500 000
23,2/км²
Валюта Манэці
Незалежнасьць
— абвешчаная
— ліквідаваная

26 траўня 1918
11-25 лютага 1921

Грузі́нская Дэмакраты́чная Рэспу́бліка (па-грузінску: საქართველოს დემოკრატიული რესპუბლიკა, трансьл. Sakartvelos Demokratiuli Respublika) — дзяржаўнае ўтварэньне, якое існавала ў пэрыяд з траўня 1918 году па люты 1921 году на тэрыторыі сучаснае Грузіі.

Створаная ў выніку роспуску Закаўкаскае Фэдэрацыі, якая ў сваю чаргу ўзьнікла ў выпадку распаду Расейскай імпэрыі пасьля рэвалюцыі 1917 году ў краіне.

Мела граніцы з Кубанскай Народнай Рэспублікай і Горскай рэспублікай (на поўначы), Асманскай імпэрыяй і Армэніяй (на поўдні), а таксама з Азэрбайджанам (на паўднёвым усходзе). Плошча дзяржавы складала прыблізна 107 600 км², зьяўляючыся амаль у 1,5 разы больш за сучасную Грузію (69 700 км²). Насельніцтва налічвала прыкладна 2 500 000 чал.

Сталіца рэспублікі — места Тбілісі, дзяржаўнай мовай зьяўлялася грузінская. Абвешчаная 26 траўня 1918 году ў выніку роспуску Закаўкаскае Фэдэрацыі, якая ўключала дадаткова Армэнію й Азэрбайджан.

З прычыны сталых унутраных і зьнешніх праблемаў дзяржава ня здолела супрацьстаяць уварваньню расейскай Чырвонай арміі, праз што была ліквідаваная зь лютага па сакавік 1921 году, стаўшы Грузінскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай.

Узьнікненьне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Акт абвяшчэньня незалежнасьці Грузіі.

Пасьля Лютаўскае рэвалюцыі ў Расеі і наступнага распаду царскай адміністрацыі на Каўказе большая частка ўлады ў рэгіёне перайшла ў рукі Асаблівага Закаўкаскага Камітэту, які зьяўляўся часткай Часовага ўраду Расеі. Усе грузінскія саветы знаходзіліся пад кантролем меншавікоў, якія арыентаваліся на Петраградзкую раду і падтрымоўваліся Часовым урадам.

Кастрычніцкі пераварот гэтага ж году зьмяніў палітычную сытуацыю карэнным чынам. Каўкаскія саветы адмовіліся прызнаць урад Уладзімера Леніна. Пагроза ад павелічэньня дэзэртырства салдатаў, сутыкненьняў на этнічнай глебе і ўзрастаньня анархіі вымусілі грузінскіх, армянскіх і азэрбайджанскіх палітычных дзеячоў 14 лістапада 1917 году стварыць адзіны рэгіянальны орган улады, вядомы як Закаўкаскі камісарыят, а затым, 23 студзеня 1918 году, і заканадаўчы сход, вядомы як Закаўкаскі сойм. 22 красавіка 1918 году Закаўкаскі сойм абвясьціў Закаўказьзе (прыкладную тэрыторыю сучасных Грузіі, Армэніі й Азэрбайджану) незалежнай фэдэрацыйнай дзяржавай.

Значная частка грузінаў, знаходзячыся з канца ХІХ ст. пад уплывам ідэяў Ільлі Чаўчавадзэ ды іншых інтэлектуалаў, настойвалі на ідэях нацыянальнае незалежнасьці. Нацыянальны й культурны рух абудзіўся 12 сакавіка 1917 году з аднаўленьнем аўтакефаліі Грузінскае Праваслаўнае царквы і стварэньня нацыянальнага ўнівэрсытэту ў Тбілісі ў 1918 годзе. У адрозьненьне ад гэтага, грузінскія меншавікі разглядалі грузінскую незалежнасьць толькі як часовы крок, накіраваны супраць бальшавісцкае рэвалюцыі, а таму заклікі да незалежнасьці краіны яны лічылі шавіністычнымі.

З павелічэньнем унутранае напружанасьці й ціску Нямеччыны ды Турэччыны 26 траўня 1918 году фэдэрацыя ў Закаўказьзі скончыла сваё існаваньне шляхам пасьлядоўнага выхаду зь яе складу спачатку Грузіі, а потым Армэніі і Азэрбайджану. Незалежнасьць Грузіі была дэ-юрэ прызнаная Румыніяй, Аргентынай, Нямеччынай, Турэччынай, Бэльгіяй, Вялікабрытаніяй, Францыяй, Японіяй, Італіяй, Польшчай, Чэхаславаччынай, Эстоніяй і Расеяй[1].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Незалежнасьць Грузіі была неўзабаве прызнаная Асманскай і Нямецкай імпэрыямі. Грузія абавязвалася прыняць нямецкую ахову і (паводле ўмоваў Батумскае дамовы 4 чэрвеня) перадаць рэгіёны з мусульманскім насельніцтвам, такія як Батумі, Ардаган, Артвін, Ахалцыхе і Ахалкалакі, Турэччыне. З дапамогаю немцаў Грузія здолела адбіць бальшавісцкі наступ з тэрыторыі Абхазіі. Незважаючы на ўмовы Батумскае дамовы, Батумі пры дапамозе Брытаніі заставаўся да 1920 году пад кантролем Грузіі.

Кантакты зь іншымі суседзямі Грузіі таксама былі досыць складанымі. Грузія мела тэрытарыяльныя спрэчкі зь белым урадам Дзянікіна ў Расеі, Армэніяй і Азэрбайджанам, прычым у выпадку з Армэніяй і Расеяй гэтыя дыспуты прывялі да ўзброеных канфліктаў. Вызначаную палітычную дапамогу ў справе тэрытарыяльных спрэчак аказала Вялікабрытанія: так, брытанская вайсковая місія паставіла спробу стаць пасярэднікам паміж удзельнікамі канфлікту, што рабілася дзеля аб’яднаньня антыбальшавіцкіх сілаў у рэгіёне, а потым правяла спэцыяльную разьмежавальную лінію праз Каўказ, якую было забаронена перацінаць Дзянікіну, што часова палегчыла зьнешнюю палітыку Грузіі й Азэрбайджану. Тым ня менш, пагроза ўварваньня Дзянікіна ззахоўвалася нават нягледзячы на брытанскую пазыцыю, што стала прычынай заключэньня 16 чэрвеня 1919 году абарончага альянсу паміж Грузіяй і Азэрбайджанам[2].

14 лютага 1919 году ў Грузіі прайшлі парлямэнцкія выбары, на якіх з вынікам у 81,5% галасоў большасьць атрымалі сацыял-дэмакраты. 21 сакавіка новы кіраўнік ураду Ной Жарданія сфармаваў новы склад ураду, які, у прыватнасьці, мусіў пераадолець мясцовыя сялянскія паўстаньні, якія арганізоўваліся бальшавіцкімі актывістамі і ў значнай ступені мелі падтрымку з Расеі. Серад новых пытаньняў у новага ўраду паўсталі праблемы выхаду са складу дзяржавы нацыянальных меншасьцяў такіх як абхазы і асэтыны.

Тым ня менш, новы ўрад здолеў правесьці ў краіне зямельную рэформу і забясьпечыць шматпартыйную сыстэму ў палітыцы. У 1919 годзе пачаліся рэформы мясцовага самакіраваньня й судовае сыстэмы, а Абхазіі была нададзеная аўтаномія. Няледзячы на гэта, у краіне дагэтуль заставаліся вызначаныя міжэтнічныя пытаньні, што спрычынілася да грузінска-асэтынскага канфлікту ў 1918—1920 гадох.

1920 год азначыўся для Грузіі вызначанай пагрозай з боку РСФСР, якая перамагла белы рух і пачала наступ да Каўказу. У студзені расейскае кіраўніцтва прапанавала Грузіі, Армэніі й Азэрбайджану стварэньне хаўрусу супраць белага руху на поўдні Расеі. Урад Грузінскае Дэмакратычнае Рэспублікі адмовіўся ад падобных мер, спаслаўшыся на сваю палітыку нэўтралітэту, але прапанаваў Расеі перамовы па палітычным урэгуляваньні разьлічваючы на прызнаньне незалежнасьці Грузіі Расеяй. Крытыка расейскімі лідэрамі палітыкі адмовы Грузіі ад прапанаванай палітыкі прывяла да паўстаньняў мясцовых камуністаў, якія, аднак, завяршыліся няўдала.

У красавіку 1920 год 11-я армія (адно з вайсковых аб’яднаньняў Чырвонай арміі) устанавіла савецкую ўладу ў Азэрбайджане, Рыгор Арджанікідзэ, грузін паводле нацыянальнасьці, запытаў Маскву пра дазвол прасоўваньня ў Грузію. Афіцыйная згода ўраду РСФСР на гэта дадзеная не была, але мясцовыя бальшавікі паспрабавалі захапіць мясцовую вайсковую вучэльню. Грузінскі ўрад аб’явіў пра мабілізацыю і зацьвердзіў на пасадзе галоўнакамандуючага генэрала Квінітадзэ. У той жа час, на падставе быццам бы прадастаўленьня грузінскім бокам дапамогі антысавецкім паўстанцам у Гянджы (усход Азэрбайджану), савецкія сілы паспрабавалі ўвайсьці ў Грузію з боку паўночна-ўсходняга Азэрбайджану, аднак былі адбітыя Квінітадзэ ў раёне сучаснай грузінска-азэрбайджанскай мяжы.

7 траўня была падпісаная Маскоўская мірная дамова, паводле якой незалежнасьць Грузіі прызнавалася ў абмен на легалізацыю дзейнасьці бальшавісцкіх арганізацыяў і недапушчэньне ў Грузію замежных войскаў.

16 сьнежня 1920 году Грузіі было адмоўлена ў сяброўстве ў Лізе Нацыяў, але 27 студзеня Грузія дэ-юрэ атрымала прызнаньне з боку хаўрусьнікаў.

Пасьля таго, як у Армэніі ды Азэрбайджане зацьвердзілася савецкае кіраўніцтва, Грузія стала амаль поўнасьцю аточанай патэнцыйным супернікам. Зьнешнепалітычную сытуацыю ўскладняла й эвакуацыя брытанцаў на той момант з Каўказу, у выніку чаго Грузія засталася бязь зьнешняй падтрымкі.

Згодна з савецкімі крыніцамі, адносіны паміж Грузіяй і савецкім кіраўніцтвам пагоршыліся з-за меркаванага парушэньня мірнае дамовы, новых арыштаў грузінскіх бальшавікоў, перашкодам канвоям, якія праходзілі праз Грузію ў Армэнію, і існаваньня падазрэньняў аб дапамозе паўночнакаўкаскім паўстанцкім групоўкам з боку Грузіі. Са свайго боку Грузія абвінаваціла Расею ў правакаваньні антыўрадавых выступаў у краіне і тэрытарыяльных спрэчак за Закаталінскі рэгіён з Азэрбайджанам. Іншым праблемным пытаньнем быў статус навакольляў Лоры: пасьля падзеньня не-савецкай Армэніі Грузія разьмясьціла ў рэгіёне свае войскі, тады як савецкая Армэнія высунула патрабаваньні аб іх вывадзе.

У пачатку 1921 году савецкае кіраўніцтва заняла тэрыторыю Грузіі, у выніку чаго на яе тэрыторыі была зацьверджаная савецкая ўлада. Урад Грузінскае Дэмакратычнае Рэспублікі ў выгнаньні існаваў да 1954 году.

Дзяржаўнае ўладкаваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паседжаньне Нацыянальнае Рады, 26 траўня 1918.
Уваходжаньне Чырвонай арміі ў Тыфліс.

26 траўня 1918 году быў прыняты Акт аб незалежнасьці Грузіі, у якім вызначаліся асноўныя прынцыпы будучага разьвіцьця краіны. Так, згодна з гэтым актам, гарантаваліся аднолькавыя палітычныя правы незалежна ад нацыянальнасьці, веравызнаньня, сацыяльнага становішча або плоці. У гэты ж дзень быў сфармаваны ўрад, на чале якога стаў Ной Рамішвілі. У кастрычніку 1918 году Нацыянальная рада была пераназваная ў парлямэнт, 14 лютага 1919 году адбыліся яго новыя выбары.

За час свайго існаваньня ў Грузінскай Дэмакратычнай Рэспубліцы было прынята 126 законаў, у тым ліку закон аб грамадзянстве, мясцовых выбарах, абароне, дзяржаўнай мове, сельскай гаспадарцы, прававой сыстэме, палітыка-адміністрацыйных мерах для нацыянальных меншасьцяў (напрыклад, акт аб Народнай Радзе Абхазіі), публічнай адукацыі, чыгунцы, вытворчасьці, манэтарнай палітыцы і г. д. 21 лютага 1921 году была прынятая канстытуцыя, якая стала першай канстытуцыяй у гісторыі краіны. У 1919 годзе быў прыняты закон аб судзе прысяжных, праз два гады падобныя палажэньні былі ўключаныя ў канстытуцыю краіны.

Галоўнай палітычнай пасадаў зьяўляўся Старшыня ўраду, які зацьвярджаўся парлямэнтам тэрмінам на адзін год і чалавек на якой ня мог займаць яе больш за два тэрміны запар. Старшыня ўраду прызначаў міністраў і адказваў за міжнароднае прадстаўніцтва Грузіі за мяжой.

Пасьля ўстанаўленьня ў Грузіі савецкае ўлады некаторы час існаваў урад Грузінскае Дэмакратычнае Рэспублікі ў выгнаньні, які цягам некаторага часу прызнаваўся некаторымі эўрапейскімі дзяржавамі як адзіны законны орган улады Грузіі.

Палітычная геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Межы Грузіі ў пэрыяд з 1918 па 1921 гады фармаваліся ва ўмовах памежных канфліктаў з суседзямі й наступнымі дамовамі ды канвэнцыямі.

На поўначы Грузія межавала з разнастайнымі расейскімі фармаваньнямі пэрыяду Грамадзянскае вайны, пакуль увесну 1920 году камуністычны ўрад Расеі ня здолеў атрымаць кантроль над Паўночным Каўказам. У 1918 годзе падчас канфлікту з расейскім белым рухам Грузія кантралявала Сочынскі аддзел (адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка Чарнаморскае губэрні). Праз два гады ў выніку Маскоўскае дамовы паміж Савецкай Расеяй і Грузіяй была вызначаная дзяржаўная мяжа.

Паўднёвым захадам краіны праходзіла мяжа з Асманскай імпэрыяй, якая ў выніку зьмянілася пасьля паразы Турэччыны ў Першай сусьветнай вайне. Грузія аднавіла кантроль над перададзенымі Турэччыне Батумі, Артвінам, Ардаганам, Ахалцыхе й Ахалкалакі. Сэўрская дамова надала Грузіі кантроль над паўночным усходам Турэччыны, у прыватнасьці над гарадамі Рызэ ды Гопа. Аднак грузінскі ўрад, не жадаючы канфлікту з турэцкімі палітычнымі сіламі, не прадаставіў мер па заняцьці гэтага рэгіёну.

Існавалі тэрытарыяльныя спрэчкі з Армэніяй, якія ў выніку прывялі да вайны паміж дзьвюма дязржавамі ў сьнежні 1918 году. З дапамогаю Вялікабрытаніі ў спрэчным рэгіёне была створана нэўтральная зона, якая была занятая Грузіяй па падзеньні армянскае дзяржавы ў канцы 1920 году.

На паўднёвым усходзе Грузія мела мяжу з Азэрбайджанам, які аспрэчваў Закатальскую акругу (цяпер уваходзіць у склад Азэрбайджану). Тым ня менш, зносіны паміж краінамі былі мірнымі, а тэрытарыяльныя спрэчкі не прывялі да ўзброеных канфліктаў.

Унутры краіны прадугледжваліся аўтаноміі для Абхазіі, Аджары й Закатальскай акругі, якія былі згаданы ў Канстытуцыі 1921 году.

Тэрыторыя Грузінскае Дэмакратычнае Рэспублікі зьяўлялася большай адносна сучаснай тэрыторыі Грузіі. Так, плошча ГДР складала 107 600 км², тады як плошча сучаснае Грузіі складае 69 700 км². Устанаўленьне ў Грузіі савецкае ўлады прывяло да перадачы Турэччыне Артвіну й Ардагану, Лоры — Армэніі, Закатальскай акругі — Азэрбайджану, Расея атрымала частку перадгорных каўкаскіх раёнаў.

Узброеныя сілы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У краіне існавала Нацыянальная гвардыя, якая была прывілеяванай сілай у краіне. Разам з гэтым, 5 верасьня 1917 году была заснаваная Працоўная гвардыя, якая спачатку была перайменаваная ў Чырвоную, а потым — у Народную. Структуры гвардыі падпарадкоўваліся непасрэдна парлямэнту. Падчас усяго свайго існаваньня ёю кіраваў Валіко Жугелі. Народная гвардыя падзялялася на чатыры батальёны.

Апрача гвардыі ўрад ГДР таксама сфармаваў уласную армію. У мірны час яна была ўзброеная толькі часткова.

З сакавіка 1919 па кастрычнік 1920 гадоў грузінская армія была рэарганізаваная. Яна пачала дзяліцца на 3 пяхотныя дывізіі, 2 крэпасныя палкі, 3 артылерыйскія брыгады, сапэрны батальён, тэлеграфны ўзвод, маторны эскадрон і кавалерыйскі полк. Існавала вайсковая вучэльня.

ВМС ГДР мелі 1 эсьмінец, чатыры зьнішчальнікі, чатыры тапэдныя катэры і 10 параходаў[3].

Нягледзячы на гэты склад узброеных сілаў і на магчымасьць да закліку амаль 200 тыс. вэтэранаў Першай сусьветнай вайны, Грузія ня здолела арганізаваць эфэктыўную сыстэму абароны, што стала адной з прычынаў краху краіны.

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Эканоміка ГДР у асноўным грунтавалася на сельскай гаспадарцы. Зямельная рэформа, ажыцьцяўленая ўрадам, спрыяла ўрэгуляваньні гэтае галіны эканомікі.

Серад неаграрных галінаў вылучалася вытворчасьць мангану, якая на 70% забясьпечвала патрэбу Эўропы ў гэтым мэтале. Нягледзячы на гэта, адсутнасьць міжнароднага прызнаньня і толькі частковыя посьпехі ўраду перашкаджалі эканамічнаму разьвіцьцю, праз што краіна перажыла эканамічны крызіс. Некаторыя прыкметы эканамічнага аздараўленьня назіраліся ў 19201921 гадох.

Ушанаваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лідэры дэмакратычных рухаў Грузіі напрыканцы 1980-х гадоў часта зьвярталіся да досьведу грузінскае дзяржаўнасьці пачатку ХХ ст., з-за чаго ўтварыўся ў вызначанай ступені ідэалізаваны вобраз г.зв. «Першае рэспублікі». Досьвед існаваньня дзяржаўнасьці быў выкарыстаны падчас атрыманьня незалежнасьці ад СССР шляхам згадваньня аднаўленьня незалежнасьці ў акце Вярхоўнага Савету Грузіі 9 красавіка 1991 году.

Да 2004 году нацыянальныя сымбалі ГДР выкарыстоўваліся ў Грузіі ў якасьці дзяржаўных, 26 траўня адзначаецца як дзень незалежнасьці краіны.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ WebCitation — DRG
  2. ^ Sicker, Martin. The Middle East in the Twentieth Century. — Greenwood Publishing Group, 2001. — С. 120. — ISBN 0-275-96893-6
  3. ^ А. Дерябин, Р. Паласиос-Фернандес. Гражданская война в России 1917-1922. Национальные армии. — ACT, 2000. — ISBN 5-237-01084-9

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • «Legal Acts of the Democratic Republic of Georgia (1918—1921)», Tbilisi, 1990.
  • I. Tseretelli, «Separation de la Transcaucasie et de la Russie et Independence de la Georgie», Paris, Imprimerie Chaix, 1919.
  • P. Surguladze, «The international importance of the independence of Georgia», Istanbul, 1918.
  • P. Surguladze, «Georgia as the independent country», Istanbul, 1918.
  • D. Ghambashidze, «Mineral resources of Georgia and Caucasia. Manganese industry of Georgia», London, 1919.
  • K. Salia, «The History of Georgian Nation», Paris, 1983.
  • Al. Manvelichvili, «Histoire de la Georgie», Paris, 1951.
  • Z. Avalishvili, «The Independence of Georgia in the International Politics of 1918—1921», Paris, 1923.
  • Karl Kautsky: Georgien. Eine sozialdemokratische Bauernrepublik. Eindrücke und Beobachtungen. Wiener Volksbuchhandlung, Wien 1921.
  • K. Kandelaki, «The Georgian Question Before the Free World», Paris, 1951.
  • G. Kvinitadze, «My answer», Paris, 1954.
  • Jan V. Nanuashvili, «What everyone in the Free World should know about Russia», Vantage Press, New York / Washington / Hollywood, 1973.
  • V. Tevzadze, «The memoirs of the Georgian Officer». J. «Iveria», No 32, Paris, 1988.
  • N. Matikashvili, M. Kvaliashvili, «Cadets». J. «Iveria», No 32, Paris, 1988.
  • O. Janelidze, «From May 26 to February 25», Tbilisi, 1990.
  • G. Mazniashvili, «The Memoirs», Batumi, 1990.
  • L. Urushadze, «Bolshevism-Menshevism and the Democratic Republic of Georgia (1918—1921)», 2nd edition, Publishing House «Ena da Kultura», Tbilisi, 2005, ISBN 99940-23-56-X.
  • R. Tsukhishvili, «The English-Georgian Relations (1918—1921)», Tbilisi, 1995.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]