Дзесяць прыказаньняў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Майсей са скрыжалямі законаў», Рэмбрант, 1659.

Дзесяць прыказаньняў (па-габрэйску: עשרת הדברות, «асэрэт-а-дзіброт» — «дзесяць прамоваў»; па-старажытнагрэцку: δέκα λόγοι — «дзесяціслоўе») — прадпісаньні, дзесяць асноўных законаў, якія, згодна зь Пяцікніжжам, былі дадзеныя самім Богам Майсею, у прысутнасьці сыноў Ізраіля, на гары Сынай на пяцідзясяты дзень пасьля выхаду з Эгіпта.

Дзесяць прыказаньняў утрымліваюцца ў Пяцікніжжы ў двох вэрсіях, якія амаль не адрозьніваюцца адна ад адной (гл. Зых. 20:2-17; Др. Зак. 5:7-21). Згодна з габрэйскай традыцыяй, варыянт, які зьмяшчаецца ў 20-й главе кнігі Зыход, быў на першых, разьбітых скрыжалях, а варыянт Другога Закона — на другіх.

Пералікі Дзесяці прыказаньняў ў габрэйскай і хрысьціянскай традыцыі крыху адрозьніваюцца. Большасьць пратэстанцкіх цэркваў, а таксама Праваслаўная й Грэка-каталіцкая цэрквы падзяляюць другое паводле габрэйскай традыцыі прыказаньне (Зых. 20:3-6) на два й лічаць першы верш першым прыказаньнем, а астатнія вершы — другім. Рымска-каталіцкая й Лютэранская цэрквы падзяляюць на дзьве дзясятае паводле габрэйскай традыцыі прыказаньне, а першае прыказаньне ў Зых. 20:2 разглядаецца як агульны ўступ.

Пратэстанцкая й праваслаўная традыцыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. Я Госпад Бог твой, які вывеў цябе зь зямлі Эгіпецкай, з дому рабства, ды ня будзе ў цябе іншых багоў перад тварам маім.
  2. Не стварай сабе куміра й ніякае выявы таго, што на небе ўверсе, што на зямлі ўнізе, і што ў вадзе ніжэй за зямлю; не пакланяйся ім і ня служы ім, таму што я — Госпад Бог твой, Бог-апякун, які не карае дзяцей за віну бацькоў да трэцяга й чацьвёртага роду, якія ненавідзяць мяне, і даю міласьць да тысячы родаў таму, хто любіць мяне, захоўвае прыказаньні мае.
  3. Не вымаўляй імя Госпада, Бога твайго, дарэмна, бо Гасподзь не пакіне без пакараньня таго, хто вымаўляе імя яго дарэмна.
  4. Помні дзень суботні, каб сьвята праводзіць яго, шэсьць дзён працуй і рабі ўсялякія справы твае, а дзень сёмы — субота — Госпаду Богу твайму: не рабі ў гэты дзень ніякае справы ані ты, ані сын твой, ані дачка твая, ані раб твой, ані рабыня твая, ані жывёла твая, ані прыйшоўшы, таму што ў шэсьць дзён стварыў Гасподзь неба й зямлю, мора й усё, што ў іх, а ў дзень сёмы адпачыў; таму благаславіў Гасподзь дзень суботні й асьвяціў яго.
  5. Паважай бацьку твайго й маці тваю, каб падоўжыліся дні твае на зямлі.
  6. Не забівай.
  7. Не чужалож.
  8. Не крадзі.
  9. Не вымаўляй непраўдзівага сьведчаньня на бліжняга твайго.
  10. Не жадай хаты бліжняга твайго, ані жонкі яго, ані раба яго, ані рабыні яго, ані вала яго, ані асла яго, нічога, што ёсьць у бліжняга твайго.

Каталіцкая й лютэранская традыцыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Я — Пан Бог твой, які вывеў цябе зь зямлі Эгіпецкай, з дому няволі.

  1. Ня май іншых багоў, апроч Мяне.
  2. Ня ўжывай імя Пана Бога дарэмна.
  3. Памятай дзень сьвяты сьвяткаваць.
  4. Шануй бацьку свайго й маці сваю.
  5. Не забівай.
  6. Не чужалож.
  7. Не крадзі.
  8. Ня сьведчы фальшыва супраць бліжняга твайго.
  9. Не пажадай жонкі бліжняга твайго.
  10. Не пажадай нічога, што належыць бліжняму твайму.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзесяць прыказаньняўсховішча мультымэдыйных матэрыялаў