Зьбігнеў Алясьніцкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Зьбігнеў Алясьніцкі

Зьбі́гнеў Кардынал Алясьні́цкі (па-польску: Zbigniew Oleśnicki; 5 сьнежня 1389 — 1 красавіка 1455) — польскі рэлігійны і дзяржаўны дзяяч, дыплямат.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Алясьніцкі нарадзіўся ў сям’і кракаўскага судзьдзі. Навучаўся ў Сандоміры, ва Ўроцлаве і ў Ягелонскім унівэрсытэце ў Кракаве. З 1410 году супрацоўнічаў у канцэлярыі польскага караля Ўладзіслава II Ягайлы, якому Алясьніцкі ў тым жа годзе выратаваў жыцьцё ў Грунвальдзкай бітве. З 1423 году і да сьмерці — біскуп Кракаўскі. У пэрыяд з 1411 па 1429 год удзельнічаў у шматлікіх важных дыпляматычных місіях у якасьці натарыюса, протанатарыюса і біскупа, між іншым пры двары караля Сыгізмунда, на службе ў папы рымскага Яна XXIII і брандэнбурскага курфюрста Фрыдрыха I. Адначасова з гэтым Алясьніцкі пераймае верхавенства ў царкоўнай герархіі і ў колах дробнай палітычнай алігархіі, а ў часы кіраваньня караля Ўладыслава III (1434—1444) Алясьніцкі быў па сутнасьці рэгентам Польшчы. Незадоўга да гэтага, у 1430—1432 гг., удзельнічаў у палітычных справах іншых польска-літоўскай уніі. Так, пры вялікім удзеле Алясьніцкага быў распрацаваны плян скіданьня са стальцу вялікага князя літоўскага Сьвідрыгайлы, калі ў 1431 годзе выявілася яго нежаданьне прысягаць Ягайлу як каралю польскаму і перадаць Польшчы Валынь і Падольле.

У зьнешняй палітыцы Алясьніцкі выступаў за вяртаньне Сылезіі да Польшчы, і спрыяў узмацненьню польска-вугорскай уніі з мэтай сумеснай барацьбы супраць Асманскай імпэрыі. У 1440 годзе Ўладзіслаў III узышоў на вугорскі трон. У 1435 годзе Алясьніцкі садзейнічаў падпісаньню спрыяльнага для Польшчы Берасьцейскага міру ў Куявіі з Тэўтонскім ордэнам.

Ва ўнутранай палітыцы Алясьніцкі прытрымліваўся інтарэсаў алігархіі, магнатаў і царквы. Выступаў супраць каралеўскіх рэформаў. У сваёй дыяцэзіі Зьбігнеў Алясьніцкі змагаўся зь любымі праявамі ерасі, з асаблівай жорсткасьцю бароўся з гусізмам і яго пашырэньнем у Польшчы. Пасьля таго, як у 1447 годзе на трон узышоў кароль Казімер Ягелончык, Алясьніцкі страціў палітычны ўплыў і далучыўся да апазыцыі, але неўзабаве новаабраны папа рымскі Мікалай у абмен за падтрымку Казімера дапамог апошняму ў пазбаўленьні Алясьніцкага сану. У 1444 годзе Зьбігнеў Алясьніцкі быў абвешчаны кардыналам Базэльска-Фларэнтыйскім саборам, а ў 1449 годзе зноў атрымаў кардынальскі тытул ад папы рымскага Мікалая V за сваю адданасьць. Кардынал ахвотна ўсталёўваў кантакты з навукоўцамі і літаратарамі, сярод якіх былі, напрыклад, Ян Лянгінус і Енэа Сыльвіё Пікаляміні, з апошнім Алясьніцкі рэгулярна перапісваўся.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зьбігнеў Алясьніцкісховішча мультымэдыйных матэрыялаў