Колюшка трохіголкавая

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Трохіголкавая колюшка (Gasterosteus aculeatus, народныя назвы: ваўчок, рагулька) — рыба, від колюшкі.

Рыбка звычайна мае памеры 5-6 см, рэдка да 10 см. Цела сьціснутае з бакоў, галава завостраная, на сьпіне перад сьпінным плаўнікам тры даволі буйныя калючкі, у калючкі пераўтвораны і брушныя плаўнікі. Лускі няма, а уздоўж цела да хваста разьмешчаная паласа з касьцяных пласьцінак. Колер цела ў маладых рыбак серабрысты, у сталых – верх галавы і сьпіна сінія ці чарнавата-шэрыя, бруха серабрыста-шэрае. Вясной, у пэрыяд нерасту афарбоўка цела ў самцоў робіцца вельмі стракатай: сьпіна – ізумрудна-зялёнай, вочы – ярка-сінімі, ніз галавы і брушка – чырвонымі. Часам усё цела прымае чырвоную афарбоўку. У самак у гэты час брушка робіцца жоўтым, а поперак цела назіраюцца цёмныя палоскі.

Колюшка шырока распаўсюджана па сьвеце, у Эўропе жыве ад Новай Зямлі да Чорнага мора, у Беларусі яна раней сустракалася толькі ў басэйне Заходняга Буга і Нёмана, а ў апошнія дзесяцігодзьдзі яе пачалі сустракаць у рэках дняпроўскага басэйна.

Жыве колюшка 3-4 гады, размнажэньне пачынае ў аднагадовым узросьце. Самец перад нерастам будуе гняздо на грунце, у месцах са слабай плыньню. У яго ён па чарзе заганяе некалькі самак, якія адкладаюць там ікру. Пасьля гэтага ўвесь пэрыяд разьвіцьця ікрынак самец ахоўвае гняздо і тэрыторыі вакол яго, грозна распраўляючы свае калючкі пры набліжэньні праціўніка.Гэтая маленькая рыбка, дзякуючы сваім іголкам, можа сябе абараніць ня толькі ад дробных рыб, але і ад буйных драпежнікаў: шчупака, акуня і інш. Таму пры невялікай пладавітасьці (ня больш 250 ікрынак), выжывае даволі шмат моладзі.

Рыбка харчуецца дробнымі рачкамі, лічынкамі насякомых, чарвякамі, ікрой і моладзьдзю іншых рыб. Яна вельмі пражэрлівая, і пры вялікім распаўсюджаньні можа наносіць шкоду, выядаючы ікру многіх каштоўных рыб, зьнішчаючы запасы іншага корму ў вадаёме. Сама ж яна кормам для іншых рыб служыць ня можа, дзякуючы надзейным калючкам.

У эўрапейскіх краінах яе вылоўліваюць у вялікай колькасьці для прыгатаваньня рыбнай мукі на корм свойскім жывёлам, птушкам і рыбам у сажалках. Тлушч колюшкі выкарыстоўваецца для лячэньня ран і апёкаў. Раней зь яго гатавалі лекі для лячэньня сухотаў.

Колюшка лёгка прыжываецца ў акварыюме і размнажаецца ў акварыюме, але не выносіць суседзтва зь іншымі відамі акварыюмных рыбак.