Любарт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Любарт
лац. Lubart
Уяўны партрэт Любарта, 1578 г.
Уяўны партрэт Любарта, 1578 г.
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1299(1299)
Памёр 1384 (?)
Род Гедымінавічы
Бацькі Гедзімін
Дзеці Фёдар Любартавіч[d]
Дзейнасьць палітык

Лю́барт Гедзімі́навіч (у праваслаўі Дзьмітры; 1299 — 1384?) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, князь валынскі (уладзімерскі і луцкі).

Імя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўныя артыкулы: Любарт (імя) і Імёны ліцьвінаў

Любэрт (Lubert[1]) або Любарт (Liubhart, Lubart[2], Liubardus[3]) — імёны германскага паходжаньня[4]. Іменная аснова -люб- (імёны ліцьвінаў Любейка, Любень, Любш; германскія імёны Liubbecha, Luben, Lubisch) паходзіць ад гоцкага liufs[3], германскага leuba, стараверхненямецкага liub 'лю́бы, каханы, мілы, прыемны'[2], аснова -берт- (-бэрт-, -барт-) (імёны ліцьвінаў Зыбарт, Кібарт, Эйбарт; германскія імёны Siebart, Kibart, Eibert) — ад германскага berhta 'яркі'[5], а аснова -гард- (-гарт-, -арт-) (імёны ліцьвінаў Бэйнарт, Ленарт, Мэйнарт; германскія імёны Beynart, Lenhardt, Meinhart) — ад гоцкага hardus 'моцны, цьвёрды'[6][7].

Германскае паходжаньне імя Любарт (Lubart), а таксама яго формаў Любэрт (Lubert) і Лібэрт (Libert) сьцьвяржаецца ў этымалягічным слоўніку старапольскіх асабовых імёнаў, выдадзеным Польскай акадэміяй навук[2].

Варыянты імя князя ў гістарычных крыніцах: Любартъ Кгедиминовичь (8 сьнежня 1322 году)[8]; От князя от Кестутя и от князя от Либорта у Торунь к местычемъ (па 1341 годзе)[9][10]; Оже я князь Еоунутии, и Кистюти, и Любартъ (1352 год)[11]; Nobilibus viris Oligerdo Magno et Kenstuto ac Lubardo fratribus ducibus Lituanorum (23 кастрычніка 1373 году)[12]; Lubertus Lytwanus (1376 год)[13]; Lunardus dux Lituanorum (29 верасьня 1377 году)[14]; das Luwburten was gewest (Мэмарыял Вітаўта, 1390 год)[15]; Lubart (Хроніка Віганда[16], 18 студзеня 1401 году[17]); non Luberti in Lutzik[18], Lubertus[19] (Хроніка Лівоніі Германа Вартбэрга); Lubarth[a] або Любортъ[b] (Летапісец вялікіх князёў літоўскіх); Lubarth (Ян Длугаш)[20]; Любортъ (Наўгародзкі чацьверты летапіс[21] і Сафійскі першы летапіс[22]); оть князя Луцкого и Володимерского Люборта Кгедиминовича (14 лютага 1498 году)[23]; Любордъ Гедимановичь[24] (Ніканаўскі летапіс).

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пячаць Любарта, 1366 г.

Паводле Раўданскага рукапісу, Любарт нарадзіўся ў 1299 г. і быў першым сынам Гедзіміна ад трэцяй жонкі Еўны Полацкай. Выступае ў гістарычных крыніцах у 1336—1382 гадох. У 1330-х гадох удзельнічаў у літоўскіх наездах на Мазовію. Першым шлюбам, відаць, жанаты з дачкой уладзімера-валынскага князя Андрэя Юр’евіча (Ганнай ?).

Па сьмерці апошняга гаспадара Галіцка-Валынскага княства Юрыя-Баляслава II Тройдзенавіча (1340 год), пры падтрымцы бацькі Любарт заняў Валынь. Прэтэндаваў і на Галічыну, у 1340—1349 гадох галіцкае баярства на чале зь Дзьмітрыем Дзядзькам намінальна прызнавала гаспадаром то Любарта, то польскага караля Казіміра III Вялікага, то вугорскага Людвіка I Вялікага. Гэта выклікала канфрантацыю паміж Любартам, з аднаго боку, і Казімірам і Людвікам, з другога. Падтрымліваў прыязныя стасункі з кіеўскім мітрапалітам Феагностам, у 1347 годзе падтрымаў яго ініцыятыву па скасаваньні асобнай Галіцкай мітраполіі, каб яна не паслужыла інструмэнтам пашырэньня ўплыву Польшчы і Вугоршчыны на паўднёва-заходнія землі ВКЛ.

Быў зьвязаны дынастычным шлюбам зь вялікім князем маскоўскім Сямёнам Гордым: у 1350 годзе ажаніўся зь яго пляменьніцай Вольгай, дачкой растоўскага князя Канстанціна. У жніўні — лістападзе 1349 году Казімер пры падтрымцы Залатой Арды, Вугоршчыны і Мазовіі захапіў амаль усю тэрыторыю былога Галіцка-Валынскага княства, у тым ліку Берасьце. У 1350 годзе войскі ВКЛ вярнулі Берасьце і Валынь, нават на кароткі час авалодалі Львовам, але Галічына засталася ў руках Казімера. У 1351—1352 гадох польска-вугорскія войскі зьдзейсьнілі некалькі паходаў на Берасьце, Белз, Уладзімер Валынскі. У жніўні 1351 году Любарт разам з Кейстутам быў захоплены ў палон вугорцамі; 15 жніўня 1351 году падпісаў умову зь Людвікам, паводле якой ВКЛ мусіла заплаціць вялікі выкуп, адмаўлялася ад прэтэнзіяў на Галічыну, але захавала большую частку Валыні. У 1352 годзе склаў сэпаратную мірную ўмову з Казімерам і мазавецкімі князямі, але ўжо ў 1353 годзе далучыўся да наездаў Кейстута на Польшчу. Па працяглым пэрыядзе мірных дачыненьняў з Казімерам (1356—1366) у выніку ваеннага паходу апошняга адмовіўся ад прэтэнзіяў на Белскую і Холмскую землі, саступіў Польшчы заходнюю частку Валыні з цэнтрам ва Ўладзімеры, якую вярнуў па сьмерці Казімера ў 1370 годзе. У 1376 годзе браў удзел у шырокамаштабнай літоўскай выправе на Польшчу, што выклікала няўдалую для яго вайну зь Людвікам у 1377 годзе, у выніку якой Любарт мусіў прызнаць сябе васалам Вугоршчыны і пакінуць Людвіку сваіх сыноў у якасьці заложнікаў. Па сьмерці Людвіка ў 1382 годзе выкупіў у вугорскіх старастаў некаторыя памежныя галіцкія крэпасьці (Лапацін, Алеска ды іншыя).

За Любартам значэньне аднаго з галоўных палітычных цэнтраў ВКЛ набыў Луцак. У 1375 годзе ён згадзіўся на стварэньне першай у ВКЛ Луцкай каталіцкай япархіі, юрысдыкцыя якой ахоплівала і паўднёва-заходнія землі Беларусі.

Сын Любарта ад першага шлюбу, Іван, быў адным з чарнігаўскіх удзельных князёў. Ад другой жонкі Любарт меў трох сыноў — Фёдара, Лазара і Сямёна.

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Słownik etymologiczno-motywacyjny staropolskich nazw osobowych. T. 5: Nazwy osobowe pochodzenia niemieckiego. — Kraków, 1997. S. 17.
  2. ^ а б в Słownik etymologiczno-motywacyjny staropolskich nazw osobowych. T. 5: Nazwy osobowe pochodzenia niemieckiego. — Kraków, 1997. S. 159.
  3. ^ а б Morlet M.-T. Les noms de personne sur le territoire de l’ancienne Gaule du VIe au XIIe siècle. T. I: Les noms issus du germanique continental et les créations gallo-germaniques. — Paris, 1971. P. 158.
  4. ^ Förstemann E. W. Altdeutsches Namenbuch. Bd. 1: Personennamen. — Bonn, 1900. S. 292, 755, 1025.
  5. ^ Słownik etymologiczno-motywacyjny staropolskich nazw osobowych. T. 5: Nazwy osobowe pochodzenia niemieckiego. — Kraków, 1997. S. 16.
  6. ^ Kremer D. Die Germanischen Personennamen in Katalonien // Estudis romànics. Nr. 14, 1972. S. 61.
  7. ^ Morlet M.-T. Les noms de personne sur le territoire de l’ancienne Gaule du VIe au XIIe siècle. T. I: Les noms issus du germanique continental et les créations gallo-germaniques. — Paris, 1971. P. 123.
  8. ^ Грамоти XIV ст. — Київ, 1974. С. 21.
  9. ^ Послание литовских князей Кейстута и Любарта жителям Торуни (после 1341), Fontes historiae Magni Ducatus Lithuaniae
  10. ^ Грамоти XIV ст. — Київ, 1974. С. 23.
  11. ^ Грамоти XIV ст. — Київ, 1974. С. 30.
  12. ^ Послание папы Григория XI в.к.л. Ольгерду с призывом принять католичество (1373), Fontes historiae Magni Ducatus Lithuaniae
  13. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 168.
  14. ^ Послание короля Польши и Венгрии Людовика о положении в Подольской земле (1377), Fontes historiae Magni Ducatus Lithuaniae
  15. ^ Лицкевич О. В. «Летописец великих князей литовских» и «Повесть о Подолье»: опыт комплексного критического разбора. — СПб., 2019. С. 265.
  16. ^ Scriptores rerum Prussicarum. Bd. 2. — Leipzig, 1863. S. 618.
  17. ^ Codex epistolaris Vitoldi. — Cracoviae, 1882. S. 72.
  18. ^ Scriptores rerum Prussicarum. Bd. 2. — Leipzig, 1863. S. 111.
  19. ^ Scriptores rerum Prussicarum. Bd. 2. — Leipzig, 1863. S. 115.
  20. ^ Joannis Długossii seu longini canonici Cracoviensis Historiae Polonicae libri XII. T. 3. L. 9, 10. — Cracoviae, 1876. P. 406, 500.
  21. ^ ПСРЛ. Т. 4. — СПб., 1848. С. 72.
  22. ^ ПСРЛ. Т. 5. — СПб., 1851. С. 235.
  23. ^ Грамоти XIV ст. — Київ, 1974. С. 20.
  24. ^ ПСРЛ. Т. 10. — СПб., 1885. С. 221.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]