Лінія Сталіна

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Лінія Сталіна — у 1930-х гадах сыстэма вузлавых абарончых збудаваньняў на «старой» (гэта значыць да 1939 году) мяжы СССР, якая складалася з умацавальных раёнаў ад Карэльскага пярэсмыка да берагоў Чорнага мора.

У Савецкім Зьвязе гэтыя умацраёны афіцыйна ніколі ня звалі «Лініяй Сталіна». Абарончыя збудаваньні пад назвай «Лінія Сталіна» не згадваюцца ў дасьледаваньнях гісторыкаў Другой сусьветнай вайны. Толькі міністар прапаганды нацысцкай Нямеччыны Ёзэф Гебэльс тэрмінам лінія Сталіна зваў сыстэму ўмацаваных раёнаў, якія ўзводзіліся ўздоўж заходняй дзяржаўнай мяжы СССР у 1928—1939 гадах.

Будаўніцтва першых трынаццаці ўмацраёнаў (УР) пачалося ў 1928 годзе: Карэльскі, Кінгісепскі, Пскоўскі, Полацкі, Менскі, Мазырскі, Каросьценьскі, Кіеўскі, Наваград-Валынскі, Лятычаўскі, Магілёў-Падольскі, Рыбніцкі, Ціраспальскі ўмацраёны.

Гэтыя ўмацраёны былі працягласьцю ад 50 да 150 км па фронце, уключалі перадавыя пазыцыі і перашкоды глыбінёй да 12 км, і асноўныя пазыцыі глыбінёй каля 4 км. Па магчымасьці, флангі УРаў затуляліся прыроднымі перашкодамі, і кожны УР павінен быў затуляць важны маршрут.

У 1938 пачалося будаўніцтва яшчэ васьмі новых УРаў, паміж ужо існавалымі: Астроўскі, Сябескі, Слуцкі, Шапятоўскі, Ізяслаўскі, Стара-Константынаўскі, Вострапольскі, Камянец-Падольскі ўмацраёны.

Па нямецкіх дадзеных (складзеным пасьля захопу «Лініі Сталіна» у 1941 годзе) усяго на гэтай лініі (не лічачы Карэльскага УР) было 142 казематаў і пазыцый для палявой артылерыі (калібра 76 мм), 248 казематаў і бункераў для процітанкавых прылад (калібра 45 мм) і 2.572 казематаў і бункераў для кулямётаў. Больш за ўсё пабудаваных будынкаў было ў Менскім УР — 33 артылерыйскіх, 114 процітанкавых, 401 кулямётных. У некаторых УРах цалкам адсутнічалі артылерыйскія пазыцыі (Полацкі УР) або процітанкавыя (Мазырскі, Каросьценьскі, Лятычаўскі, Рыбніцкі УРы).

Пасьля далучэньня да СССР у 1939-40 гадах Заходняй Беларусі, Заходняй Украіны, Прыбалтыйскіх рэспубалік і Бесарабіі — «Лінія Сталіна» была закансэрваваная, і прыкладна на 300 кілямэтраў заходней стала ўзводзіцца новая «Лінія Молатава».

Нягледзячы на здыманьне са сталага баявога дзяжурства, «Лінія Сталіна» згуляла некаторую ролю ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Некаторыя з УРаў былі занятыя ў пачатку ліпеня 1941 году прыпісанымі да іх кулямётнымі батальёнамі, а таксама некаторымі з адыходзілых частак Чырвонага Войска, і аказвалі супраціў суперніку ад некалькіх дзён да двух тыдняў.

Фільмы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

24 верасьня 2008 году ў беларуска-нямецкай Гістарычнай майстэрні ў Менску адбылася прэзэнтацыя 30-хвіліннага дакумэнтальна-публіцыстычнага фільму «Лінія Сталіна: гонар ці ганьба?».

У фільме прадстаўлены альтэрнатыўны дзяржаўнаму погляд на гісторыю і функцыі ўмацраёну. Аўтарам ідэі і рэжысэрам выступіў Уладзімер Самойлаў, апэратарам — Галіна Самойлава.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • «Линия Сталина»: Правда и память истории. Автор: А. Метла Минск: Память Афгана Год: 2006 ISBN 985-90109-1-9

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]