Накмім

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Накмім, га-Накмім, Накам (па-габрэйску: הנוקמים, па-беларуску: мсьціўцы) — групы жыдоўскіх асасінаў, якія займаліся зьнішчэньнем нацысцкіх ваенных злачынцаў у адпомсту за Галакост[1].

Групоўкі з вэтэранаў жыдоўскіх брыгадаў і партызанаў былі арганізаваныя адразу па сканчэньні Другой сусьветнай вайны. Назва Накам (Дам Іегудзі Накам — «жыдоўская кроў будзе адпомшчаная», акронім ДІН азначае «правасудзьдзе») упершыню была прымененая для аб’яднаньня выжылых вязьняў Віленскага гета[2].

Дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Накам[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Самай экстрэмісцкай была групоўка Накам (бел. помста), якая налічвала каля 60 чалавек — былых партызанаў, паўстанцаў Варшаўскага гета і выжылых у Галакосьце. Ідэя яе стварэньня зьявілася падчас люблінскай сустрэчы жыдоўскіх партызанаў, на якой абмяркоўваліся пляны нелегальнай перакідкі жыдоўскіх уцекачоў праз Цэнтральную і Паўднёвую Эўропу ў Палестыну[3]. Увесну 1945 арганізацыя са штабу колькасьцю 5 чалавек вырасла да паўсоценнай і была падзеленыя на асобныя групы.

Першым намерам кіраўнікоў арганізацыі стала забойства 6 мільёнаў немцаў — па колькасьці загінулых падчас Галакосту жыдоў. Было заплянаванае атручваньне водазабесьпячэньня Мюнхэну, Бэрліну, Ваймару, Нюрнбэргу і Гамбургу[1]. Гэты варыянт быў названы «Плян А». Другі прапанаваны варыянт («Плян Б») заключаўся ў атручваньні 3000 былых ахоўнікаў з СС, што знаходзіліся ў амэрыканскім лягеры для ваеннапалонных «Шталяг XIII»[2]. Атрута для гэтага была атрыманая ад навукоўцаў-хімікаў Эфраіма і Аарона Качальскіх (паводле іншых зьвестак — цераз Хаіма Вайцмана).

Аднак калі Коўнэр паспрабаваў перасекчы мяжу па падробленых дакумэнтах жаўнера брытанскага войска, ён быў затрыманы па прыбыцьці ў порт Тулёну і высланы ў каірскую вязьніцу[2]. Ягоныя саўдзельнікі здолелі выкінуць усю атруту за борт. Ёзэф Хармац, які ачоліў Накам пасьля арышту Коўнэра, абвінаваціў у правале апэрацыі сіяністаў, якія нібыта сабатавалі яе ад хваляваньня за тое, што такое злачынства можа спыніць міжнародную падтрымку ізраільскай дзяржавы[2].

Пасьля гэтага арганізацыя перайшла да «Пляну Б». 14 красавіка 1946 року Накам намазаў разрэджаным аршэньнікам каля 3000 скібак хлеба для нямецкіх вязьняў Шталягу XIII, які знаходзіўся пад амэрыканскім кантролем. У выніку 1900 немцаў былі атручаныя, і па сьведчаньні Ёзэфа Хармаца, ад 300 да 400 чалавек зь іх памерлі. Аднак гэта было зусім ня тое, чаго меўся дасягнуць Накам[2].

Групоўка працягвала забойствы да 1950-х у розных мясьцінах, у тым ліку ў Лацінскай Амэрыцы, Канадзе і Гішпаніі[1].

«Мсьціўцы»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Яшчэ адна групоўка, сфармаваная з жаўнераў другой Жыдоўскай брыгады і актывістаў Хаганы, менавала сябе «Мсьціўцамі». Даводцам групоўкі стаў ураджэнец Барысава Хаім Ласкаў, будучы начальнік Генштабу ААІ.

«Мсьціўцы» дзейнічалі ў паўночнай Італіі, Аўстрыі і Нямеччыне купкамі па 3-4 чалавекі. Зьвесткі пра месца жыхарства, працы, родных і іншых прыкметах эсэсаўцаў арганізацыя атрымала ад захопленага чына гестапа. Забівалі толькі тых, хто меў непасрэднае дачыненьне да мардаваньня жыдоў, зьвесткі пра астатніх перадавалі армейскай палявой контарвыведцы[3]. Пераапранутыя ў форму брытанскай вайсковай паліцыі мсьціўцы забіралі нацыстаў «на допыт» і адвозілі ў глухое месца. Адзін з удзельнікаў, Мэір Зорэа, згадваў, што сьпярша яны проста стралялі ахвярам у галаву, але пазьней сталі душыць іх голымі рукамі. «Мсьціўцы» не раскрывалі свае асобы ахвярам і не тлумачылі прычыну забойства, а проста забівалі тых, «як звычайную жамяру».

Групоўка самараспусьцілася праз шэсьць месяцаў[4].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Freedland, Jonathan (26 ліпеня 2008) Revenge (анг.). The GuardianПраверана 16 студзеня 2013 г.
  2. ^ а б в г д Davis, Douglas (27 сакавіка 1998) Survivor reveals 1945 plan to kill 6 million Germans (анг.) Jweekly Праверана 16 студзеня 2013 г.
  3. ^ а б Накам (рас.) Еврейский календар Luahshana Праверана 16 студзеня 2013 г.
  4. ^ Kahana, с. 19

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]