Пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вокладка пашпарту
Першая старонка з надпісамі «Пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь» на беларускай, расейскай і ангельскай мовах

Па́шпарт грамадзя́ніна Рэспу́блікі Белару́сь — дакумэнт, які выдаецца Міністэрствам унутраных справаў грамадзянам Рэспублікі Беларусь для ўнутранага карыстаньня і для зьдзяйсьненьня паездак за мяжу.

Абавязковым зьяўляецца атрыманьне пашпарту з дасягненьнем 14-гадовага ўзросту, хоць атрымаць яго можна і ў ранейшым узросьце. Пашпарт выдаецца на тэрмін да 10 гадоў, а з 64-гадовага ўзросту — да 100 гадоў. Пры гэтым пашпарт выдаецца з новым нумарам, аднак ідэнтыфікацыйны нумар грамадзяніна не зьмяняецца[1].

Грамадзяне Беларусі, якія пражываюць за мяжой, атрымліваюць пашпарт празь Міністэрства замежных справаў.

Зьвесткі пра асобу[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У беларускім пашпарце інфармацыя падаецца на беларускай, ангельскай і расейскай мовах.

  • Прозьвішча, імя, імя па бацьку (апошняе толькі па-беларуску і расейску)
  • Дата і месца нараджэньня
  • Ідэнтыфікацыйны (асобавы) нумар
  • Плоць
  • Дата выдачы
  • Тэрмін дзеяньня (дата сканчэньня)
  • Орган, які выдаў пашпарт
  • Подпіс уладальніка
  • Подпіс службовае асобы
  • Пячатка афіцыйнае ўстановы
  • Адрас рэгістрацыі
  • Адзнакі пра рэгістрацыю шлюбу
  • Зьвесткі пра дзяцей, якія не дасягнулі 16-гадовага ўзросту
  • Візы (пры выезьдзе за мяжу)

Са згоды грамадзяніна:

Ідэнтыфікацыйны нумар[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Старонка пашпарту з ідэнтыфікацыйным нумарам грамадзяніна

Да 2013 року ідэнтыфікацыйны нумар грамадзяніна фармаваўся паводле наступных правілаў (N — лічбы, A — лацінскія літары):

Група 1 Група 2 Група 3 Група 4 Група 5 Група 6
N NNNNNN А NNN АА N
Плоць Дата нараджэньня Код вобласьці, дзе атрыманы пашпарт Парадкавы нумар народжанага ў гэты дзень у гэтай вобласьці (паводле парадку атрыманьня пашпартоў) Канстанта Кантрольная лічба
1 — мужчына, народжаны ў XIX ст.
2 — жанчына, народжаная ў XIX ст.
3 — мужчына, народжаны ў XX ст.
4 — жанчына, народжаная ў XX ст.
5 — мужчына, народжаны ў XXI ст.
6 — жанчына, народжаная ў XXI ст.
<дзень><месяц><год> А — Менск
В — Менская вобласьць
С — Берасьцейская вобласьць
Е — Віцебская вобласьць
Н — Гомельская вобласьць
К — Гарадзенская вобласьць
М — Магілёўская вобласьць
GB і PB — грамадзянін Рэспублікі Беларусь
BA — асоба без грамадзянства, якая стала пражывае ў Беларусі
BI — замежны грамадзянін, які стала пражывае ў Беларусі

Такім чынам, пры ўмове веданьня гэтых правілаў можна было лёгка запомніць уласны ідэнтыфікацыйны нумар[2].

З 26 ліпеня 2013 року ўступіла ў дзеяньне новая пастанова МУС №345 ад 18 кастрычніка 2011, паводле якой зьменены альгарытм фармаваньня ўсіх новых ідэнтыфікацыйных нумароў. Пры гэтым ужо існыя нумары грамадзянаў застаюцца нязьменнымі[3]. Разам з гэтым стала немагчымым зьмяніць памылкова сфармаваны ідэнтыфікацыйны нумар, што выклікае праблемы для трансгендэрных асоб праз наяўнасьць інфармацыі аб стаці, зафіксаванай да атрыманьня належнага гендэрнага маркеру.

Цяперашні прынцып фармаваньня ідэнтыфікацыйнага нумару грамадзяніна (N — лічбы, A — лацінскія літары):

Група 1 Група 2 Група 3 Група 4 Група 5
NNNNNNN А NNN АА N
Выпадковы лік ад 7000000 да 7999999 Канстанта Выпадковы лік ад 000 да 999 Канстанта Кантрольная лічба
Сымбаль А Сымбалі PB

Коды рэгіёнаў у нумары пашпарту[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Упершыню выданьне пашпартоў з боку беларускае дзяржавы пачалося ў 1918 годзе пры ўдзеле ўрадавых структураў БНР[4]. Аднак у лістападзе, з прычыны рэвалюцыі ў Нямеччыне і спрычыненага гэтым адступленьнем нямецкіх войск, Савецкая Расея дэнансавала Берасьцейскую мірную дамову і цягам лістапада-сьнежня гэтага ж году заняла практычна ўсю тэрыторыю (цэнтральныя раёны сучаснае Беларусі), на якой ажыцьцяўлялася дзейнасьць Беларускае Народнае Рэспублікі.

Дазвольны штамп для выезду за мяжу

Да атрыманьня Беларусяй незалежнасьці выкарыстоўваліся савецкія пашпарты, нягледзячы на той факт, што СССР прызнаваў грамадзянства Беларускай ССР (як і іншых савецкіх рэспублік). Пашпарты выдаваліся МУС БССР і мелі запісы на беларускай і расейскай мовах.

З 1991 году ўведзены ўзор пашпарту грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, згодна зь якім на вокладцы і тытульнай старонцы разьмяшчаліся выявы тагачаснага дзяржаўнага гербу «Пагоня», поруч з выявай гербу тытульнай старонкі разьмяшчалася асноўная інфармацыя аб пашпарце на беларускай і расейскай мовах. Выданьне пашпартаў падобнага ўзору прыпынілася ў выніку рэфэрэндуму 14 траўня 1995, пасьля якога было ўхваленае пытаньне аб замене дзяржаўнай сымболікі Беларусі, заснаванай на нацыянальных геральдычных сымбалях, на сымболіку, пераемную з сымбалямі апошняй рэдакцыі былой БССР.

Да 1 студзеня 2008 року для выезду за мяжу грамадзяне Беларусі мелі атрымліваць дазвол у выглядзе штампу ў нацыянальным пашпарце. Яшчэ ў 2002 року Канстытуцыйны суд прызнаў гэтую практыку неадпаведнай канстытуцыі і парэкамэндаваў Савету Міністраў распрацаваць іншую форму пагранічнага кантролю. Толькі 17 сьнежня 2007 року дэкрэтам Лукашэнкі дазвольныя штампы былі скасаваныя.

З 2012 року пашпарт выдаецца на 10 гадоў. Раней выдаваўся асобам, якім споўнілася 16 гадоў і па дасягненьні 25, 45, 100 і 125 рокаў.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Васіль Малашанкаў. (25 красавіка 2012) Пашпарты беларускім грамадзянам будуць выдавацца на 10 год (рас.) Грамадзтва. БЕЛТАПраверана 29 лістапада 2014 г.
  2. ^ Татьяна Шеламова. (14 сьнежня 2012) Тайный код личного номера (рас.) Общество. Вечерний БрестПраверана 29 лістапада 2014 г.
  3. ^ Постановление Министерства внутренних дел Республики Беларусь от 18 октября 2011 г. № 345 «Об установлении порядка формирования идентификационного номера и внесении изменений в некоторые постановления Министерства внутренних дел Республики Беларусь» (рас.). Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь. Праверана 11 снежня 2019 г.
  4. ^ Сідарэвіч. А. М. Беларуская Народная Рэспубліка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — Т. 1: А — Беліца. — 494 с. — ISBN 5-85700-074-2

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]