Робат

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Робат-андроід ASIMO, вытворчасьці Honda.

Робат (па-чэску: robot) — аўтаматычнае прыстасаваньне з антрапаморфным дзеяньнем, якое часткова ці цалкам замяняе чалавека пры выканьні работ у небясьпечных для жыцьця варунках, пры адноснай недаступнасьці аб’екта ці для іншага выкарыстаньня[1]. У большасьці выпадкаў сучасныя робаты — гэта «рукі», маніпулятары, замацаваныя на аснове і прызначаныя для выкананьня аднастайнай працы тыпу складаньня, перамяшчэньня. Галіной тэхналёгіі, якая займаецца распрацоўкай, будаўніцтвам, эксплюатацыяй і прымяненьнем робатаў[2], а таксама кампутэрнымі сыстэмамі для іхнага кіраваньня, сэнсарнай зваротнай сувязі і апрацоўкі інфармацыі зьяўляецца робататэхніка.

Робат можа непасрэдна падпарадкоўвацца камандам апэратара, можа працаваць па загадзя складзенай праграме альбо прытрымлівацца набору агульных указаньняў з дапамогай тэхналёгіі штучнага інтэлекту. Робаты могуць кіравацца зьнешняй прыладай кіраваньня, альбо элемэнтам кіраваньня ўбудаваным унутр. Гэтыя задачы дазваляюць палегчыць або зусім замяніць чалавечую працу на вытворчасьці, у будаўніцтве, пры працы зь цяжкімі грузамі, шкоднымі матэрыяламі, а таксама ў іншых цяжкіх або небяспечных для чалавека умовах. Робаты таксама здольныя выконваць працы на вялікіх глыбінях і ў космасе. Гэта выклікае пэўную заклапочанасьць і перагляд ролі робатаў у грамадзтве. Робатаў вінавацяць у павелічэньні тэхналягічнага беспрацоўя, паколькі іх людзей-працаўнікоў лёгка замяняюць на робатаў, якія маюць больш функцыяў і ня ведаюць стомы. Выкарыстаньне робатаў у баявых дзеяньнях выклікае этычныя праблемы. Магчымасьці аўтаномнай працы робатаў і разьвіцьцё штучнага інтэлекту, а таксама магчымыя наступствы шырока разглядаюцца ў мастацкай літаратуры і могуць выклікаць у будучыні рэальныя праблемы.

Слова «робат» было прыдумана чэскім пісьменьнікам Карэлам Чапэкам і ягоным братам Ёзэфам і ўпершыню выкарыстана ў п’есе Чапэка «Р. У. Р.» («Росумскія ўнівэрсальныя робаты», 1920). Да зьяўленьня прамысловых робатаў лічылася, што робаты павінны выглядаць падобна людзям.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ «Робат». КругоСвет.ru
  2. ^ «Robotics». Oxford Dictionaries.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Робатсховішча мультымэдыйных матэрыялаў