Рэжым Вішы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Француская дзяржава
État français
1940—1944
Сьцяг Францускай дзяржавы Герб Францускай дзяржавы
Сьцяг Герб
Нацыянальны дэвіз: «Праца, Сям’я, Айчына»
Дзяржаўны гімн: «Маршал, мы тут!»
Месцазнаходжаньне Францускай дзяржавы
Афіцыйная мова француская
Сталіца Вішы (дэ-факта)
Парыж (дэ-юрэ)
Зыгмарынген (1944—1945)
Форма кіраваньня Рэспубліка

Рэжым Вішы́ (па-француску: le régime de Vichy) ці Вішысцкая Францыя (афіцыйная назва Француская дзяржава (па-француску: l'État français)) — калябаранцкі рэжым у Паўднёвай Францыі часоў акупацыі Паўночнай Францыі нацысцкай Нямеччынай пасьля паразы Францыі напачатку Другой сусьветнай вайны і падзеньня Парыжу ў 1940 годзе. Існаваў з 10 ліпеня 1940 па 22 красавіка 1945 году (дэ-факта да 25 жніўня 1944 году). Афіцыйна прытрымліваўся палітыкі нэўтралітэту, але фактычна праводзіў палітыку ў інтарэсах краінаў «Восі».

Назва — ад курортнага гораду Вішы, дзе ў ліпені 1940 году сабраўся Нацыянальны сход, які пастанавіў перадаць дыктатарскую ўладу маршалу Анры Філіпу Пэтэну; гэта адзначыла канец Трэцяй рэспублікі. Урад Пэтэна й у далейшым знаходзіўся ў Вішы, у той час як паўночная частка Францыі з Парыжам была акупавана нямецкімі войскамі. У лістападзе 1942 году Нямеччына акупавала ўсю тэрыторыю Францыі, з гэтага моманту ўлада ўрада стала чыста намінальнай. Пасьля вызваленьня Парыжа ў канцы жніўня 1944 году, урад быў эвакуяваны й існаваў у выгнаньні да канца красавіка 1945 году.

Супрацоўніцтва з акупантамі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У кастрычніку 1940 году пасьля асабістай сустрэчы з Гітлерам Пэтэн заклікаў Францыю «супрацоўнічаць» (па-француску: collaborer) з нацыстамі. Рэжым Вішы дзейнічаў у агульным рэчышчы нямецкай палітыкі, праводзячы рэпрэсіі супраць габрэяў, цыганаў, камуністаў, масонаў; на тэрыторыі Францыі дзейнічалі як нямецкія вайсковыя часткі СС і гэстапа, гэтак і ўласная рэпрэсіўная арганізацыя — «Міліцыя» (з 1943 году).

Праводзіліся акцыі супраць Супраціўленьня, практыкаваліся расстрэлы закладнікаў. У 1944 годзе карнікі СС зьнішчылі паўднёвафранцускі пасёлак Арадур (у першапачатковай зоне кантролю Вішы). Была створана сумесная франка-нямецкая дывізія СС — «Шарлемань» (па-француску: Charlemagne, названая ў гонар Карла Вялікага).

У Нямеччыну вывозіліся францускія працоўныя (у абмен на згоду адпусьціць узятых напачатку войны францускіх ваеннапалонных). Аднак 27 лістапада 1942 году асноўныя сілы францускага ваенна-марскога флёту (3 лінкары, 7 крэйсэраў, 15 эсьмінцаў, 12 падводных лодак і 74 іншых караблёў) з санкцыі ўрада Вішы былі затоплены ў Тулёне, каб яны не дасталіся ані краінам Восі, ані антыгітлераўскай кааліцыі.

У лютым 2009 году Адміністрацыйны суд Францыі прызнаў урад рэжыму Вішы адказным за дэпартацыю тысяч габрэяў у нямецкія канцэнтрацыйныя лягеры падчас Другой сусьветнай вайны. Паводле зьвестак суду, падчас кіраваньня рэжыму Вішы з 1942 па 1944 гады ў лягеры было дэпартавана 76 000 габрэяў. Вынесенае рашэньне стала афіцыйным прызнаньнем дачыненьня францускага ўрада часоў Другой сусьветнай вайны да Галакосту[1]. Рэжым Вішы, які праіснаваў са здачы Парыжа нямецкаму войскаму ў 1940 годзе да вызваленьня краіны хаўрусьнікамі ў 1944 годзе, афіцыйна прытрымліваўся палітыкі нэўтралітэту.

Унутраная палітыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ідэалягічна рэжым Вішы арыентаваўся на традыцыйна-кансэрватыўныя каштоўнасьці, увасабленьнем якіх у міжваенныя гады лічыўся Пэтэн. Лічылася, што са зьвяржэньнем Францускай рэспублікі й усталяваньнем зьвязу зь Нямеччынай адбылася «Нацыянальная рэвалюцыя» (Révolution nationale). Дэвіз Францускай рэспублікі «Свабода, роўнасьць, братэрства» быў заменены на «Travail, Famille, Patrie» («Праца, Сям’я, Айчына»). Гербам вішысцкага рэжыму была сярэднявечная сякерка-францыска. Гімнам афіцыйна заставалася «Марсэльеза», аднак паводле патрабаваньняў немцаў яна была забаронена, і фактычным гімнам стала песьня ў гонар Пэтэна «Маршал, мы тут!» (па-француску: Maréchal, nous voilà !).

Пэтэн з асабістай ініцыятывы ўвёў на падкантраляваная яму тэрыторыі антысэміцкія законы, габрэі былі перамешчаны ў лягеры, частка дэпартавана на тэрыторыю, занятую гітлераўцамі. Шэраг дзеячаў рэжыму, у прыватнасьці, былы прэм’ер П’ер Эт’ен Фляндэн, будучы прэзыдэнт Францыі Франсуа Мітэран, патаемна дапамагалі Францускаму Супраціўленьню.

Міжнароднае становішча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Філіп Пэтэн на сустрэчы з Адольфам Гітлерам, 24 кастрычніка 1940 году

Міжнароднае становішча рэжыму Вішы было неадназначным. Краіны Восі прызнавалі яго законным урадам. Амбасадарам Нямеччыны быў прызначаны Ота Абэц. Дзяржавы, якія знаходзіліся ў стане вайны зь Нямеччынай (перш за ўсё Вялікабрытанія) лічылі, пачынаючы зь ліпеня 1940 году, законным прадстаўніцтвам Францыі ў сьвеце толькі рух дэ Голю, а рэжым Вішы — нелегітымным урадам на чале са здраднікамі. Тым ня менш ЗША і СССР першапачаткова прызналі рэжым Вішы й акрэдытавалі пры ім сваіх амбасадараў, гэтак, амбасадарам у ЗША стаў Эрык дэ Бішап. У 1941 годзе, стаўшы аб’ектам агрэсіі з боку Краінаў восі (СССР у чэрвені, а ЗША ў сьнежні), абедзьве гэтыя дзяржавы перавялі сваіх амбасадараў зь Вішы ў Лёндан, прызнаўшы, такім чынам, урад дэ Голя. Рэжым быў прызнаны Канадай (да акупацыі паўднёвай Францыі) і Аўстраліяй (да сканчэньня вайны). Некаторыя нэўтральныя дзяржавы мелі дыпляматычныя адносіны зь Вішы, іншыя — не.

Адносіны зь Вялікабрытаніяй[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адносіны з былым хаўрусьнікам, Вялікабрытаніяй, у Францыі былі вельмі няпростымі. Трэба сказаць, што ў французаў для гэтага былі істотныя падставы: разгром францускага войска ў Бэльгіі быў узмоцнены пасьпешным адыходам брытанскіх войскаў, падчас далейшай эвакуацыі зь Дункерка францускія вайскоўцы склалі ўсяго 10% ад агульнай колькасьці эвакуяваных морам[2].

3 ліпеня 1940 году брытанскія ваенна-марскія сілы й авіяцыя нанесьлі ўдар па францускіх караблёх у Мэрс-эль-Кебірэ[3]. У адказ ВПС Францыі пачалі бамбаваньне базы Вялікабрытаніі ў Гібральтары, па словах Ўінстана Чэрчыля — «без асаблівага запалу».

Рэжыму Вішы ўдалося захаваць кантроль амаль над усімі францускімі калёніямі, большасьць заморскіх тэрыторыяў не прызнавалі адкрыта прабрытанскую «Свабодную Францыю» генэрала дэ Голя. У верасьні 1940 году галісцкія сілы пры прамой падтрымцы Вялікабрытаніі распачалі спробу захопу Дакару ў Сэнэгале, якая скончылася поўным правалам. У 1941 годзе Вялікабрытанія пад фармальнай падставай акупавала Сырыю і Лібан, якімі Францыя валодала паводле мандату Лігі Нацыяў. У 1942 годзе Вялікабрытанія пад падставай магчымага выкарыстаньня немцамі Мадагаскару ў якасьці базы для падводных лодак зьдзейсьніла ўзброенае ўварваньне на востраў. Баі працягваліся паўгода й скончыліся капітуляцыяй сілаў вішыстаў у лістападзе 1942 году. Патаемныя перамовы з брытанцамі вялі, паралельна з дэ Голем, некаторыя вядучыя дзеячы рэжыму — Франсуа Дарлян, Анры Жыро й іншыя.

Урад рэжыму Вішы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На працягу рэжыму Вішы галавой францускай дзяржавы заставаўся Філіп Пэтэн (1856—1951). Пры ім зьмянілася чатыры кабінэты міністраў, якія ўзначальвалі П’ер Ляваль (1883—1945), П’ер-Эт’ен Фляндэн (1889—1958) і Франсуа Дарлян (1881—1942).

Пэрыяд рэакцыйных рэваншыстаў (1940—1941)
  • Урад Ляваля — з 16 ліпеня па 13 сьнежня 1940 году.
  • Урад Фляндэна — з 14 сьнежня 1940 году па 9 лютага 1941 году.
Пэрыяд тэхнакратаў (1941—1942)
  • Урад Дарляна — з 10 лютага 1941 па 18 красавіка 1942 году.
Пэрыяд прагматызму Ляваля (1942—1943) і пэрыяд ультра-калябарацыяністаў (1944)
  • Другі ўрад Ляваля — з 18 красавіка 1942 году па 19 жніўня 1944 году.

Зьвяржэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 жніўня 1944 году Парыж быў вызвалены. Пэтэн з кабінэтам міністраў былі вывезены нямецкімі войскамі ў Нямеччыну, дзе Фэрнан дэ Брынон заснаваў урад у выгнаньні ў горадзе Зыгмарынген, які праіснаваў да 22 красавіка 1945 году. Пэтэн адмаўляўся ўдзельнічаць у новым урадзе. У Зыгмарынгене было ўласнае радыё (Radio-patrie), СМІ (La France, Le Petit Parisien), а таксама пасольствы Нямеччыны, Італіі й Японіі. Насельніцтва анкляву налічвала 6 тысячаў чалавек, уключаючы вядомых калябарацыянісцкіх журналістаў, пісьменьнікаў і актораў, як то Люі-Фэрдынанд Сэлін, Люсьен Рэбатэ й Рабэр Ле Віган.

Асноўныя кіраўнікі былі асуджаны за дзяржаваўную здраду ў 1945—1946 гадох. Шматлікія дзеячы культуры, якія заплямілі сябе падтрымкай рэжыму, былі прысуджаны да «грамадзкім зганьбаваньнем».

Асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вышэйшы ўрадавы савет[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вайсковыя дзеячы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Іншыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]