Слуцкія паясы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Слуцкі пояс і Трэці Літоўскі Статут

Слуцкія паясы — вырабы ручнога ткацтва ў Вялікім Княстве Літоўскім, элемэнт традыцыйнага параднага мужчынскага строю шляхты. Назва ад места Слуцку, дзе іх ткалі на мануфактуры ядвабных паясоў (пэрсіярні). Зьмяшчаліся на кунтушы (пояс складваўся ўдвая на ўсёй даўжыні). Мелі вялікі кошт і перадаваліся ў спадчыну.

Ядвабныя паясы тыпу слуцкіх выраблялі таксама ў Горадні, Нясьвіжы, Ружанах, Кракаве, Ліпкаве і Кабылках пад Варшавай, а таксама ў Францыі[1].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паштовы блёк «Слуцкія паясы»
Капэрта першага дню «Слуцкія паясы» з партрэтам Тадэвуша Багдановіча пэнздлю Вікенція Сляндзінскага. 14.03.2014

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сьпярша як і нясьвіскія, Слуцкія паясы капіявалі ўзоры, прывезеныя з Блізкага Ўсходу, потым пачалі ўлучаць у арнамэнт нацыянальныя матывы, кветкі мясцовай флёры — валошкі, незабудкі і інш. З 1750-х гадоў у Нясьвіскай, пазьней у Слуцкай мануфактуры працаваў вядомы майстар зь места Станіславаў (Украіна) Ян Маджарскі, які распрацаваў новы тып пояса — Слуцкі, назва якога зрабілася сынонімам усіх доўгіх ядвабных паясоў. Зьвязкі з усходнімі ўзорамі страчваліся.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год) асартымэнт паясоў скараціўся. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) улады Расейскай імпэрыі забаранілі нашэньне традыцыйнага строю шляхты, у выніку чаго паясы паступова выйшлі з ужытку. У 1848 годзе вытворчасьць спынілася ў зьвязку з закрыцьцём мануфактуры[2].

У 2-й палове XIX — пачатку XX стагодзьдзяў слуцкія паясы сталі прадметам калекцыяваньня. Іх зьбіралі музэі і прыватныя асобы. У гэты час паясы пачалі вывучацца як вырабы мастацкага ткацтва. Значную калекцыю сабраў расейскі калекцыянэр Пётар Шчукін (цяпер захоўваеццца ў Дзяржаўным гістарычным музэі Расеі), невялікая калекцыя ёсьць у Новачаркаску, у Музэі казацтва.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У наш час у розных музэях Беларусі захоўваюцца ня больш як 20 паясоў, пераважна ў фрагмэнтах. Калекцыю колішняй Дзяржаўнай карціннай галерэі з 1948 паясоў (32 зь іх — зь нясьвіскага збору Радзівілаў) вывезьлі ў Нямеччыну ў Другую сусьветную вайну, калекцыя Беларускага дзяржаўнага музэю з 21 пояса таксама была страчаная (6 паясоў зь яе перайшлі да Дзяржаўнага гістарычнага музэю ў Менск на сталае захоўваньне ў 1927 годзе, а ў паваенны час — у 1968 годзе Менскаму абласному краязнаўчаму музэю ў Маладэчне, Заслаўскаму краязнаўчаму музэю ў 1978 годзе і сталічнаму музэю Максіма Багдановіча ў 1989 годзе). Лёс паясоў, перададзеных у даваенны час, пакуль невядомы. Пошукі іх не далі вынікаў.

Выгляд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ткаліся ўручную з тонкіх ядвабных, залатых і срэбных нітак. Даўжыня пояса складала 2—4,5 мэтраў, шырыня — 30—50 см. На краях упрыгожваліся ўзорным аблямаваньне, на канцох — пышным, галоўным чынам расьлінным арнамэнтам. Ня мелі адваротнага боку, усе бакі былі асабнымі. Вырабляліся аднабаковымі (са зваротным бокам), двухбаковымі. Найбольш каштоўнымі лічыліся чатырохбаковыя — кожны бок падзяляўся на дзьве часткі з рознымі колерамі, пояс складваўся ўдвая. Канцы пояса мелі складаны арнамэнт, часьцей з двума матывамі: авал, аточаны лісьцем зь сьцяблом і кветкамі, якія выходзяць зь зямлі ці з вазаў, і букеты кветак з хвалепадобным аблямаваньнем. Канцы пояса часам абшывалі махрамі.

У куце пояса з абодвух бакоў ткалі метку на стараславянскай і лацінскай мовах («Слуцак», «У месьце Слуцку», «Зроблена ў Слуцку»)[3].

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дадатковыя зьвесткі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Насуперак вершу Максіма Багдановіча паясы ткалі толькі мужчыны: працэс ткацтва вымагаў значных фізычных выдаткаў. Існуе нават легенда, што калі жанчына да іх дакранецца, то ўсе срэбныя ніткі пацямнеюць[2].

У нумізматыцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

21 лістапада 2013 году Нацыянальны банк Беларусі ўвёў у абарачэньне памятныя манэты «Слуцкія паясы. Меткі» і «Слуцкія паясы. Калекцыянаваньне» нізкі «Слуцкія паясы». Срэбраная манэта мела намінал 20 рублёў і пробу стопку 925, вагу 22,62 грама і дыямэтар 5 см. Медна-нікелевая манэта мела намінал 1 рубель, вагу 19,5 грама і дэямэтар 37 мілімэтраў. Наклад кожнага найменьня манэты складаў 7000 асобнікаў. Іх адбілі на Летувіскай мынцы. Срэбраныя манэты мелі якасьць «пруф» з тампадрукам, медна-нікелевыя — «пруф-лайк»[4].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Трызна Д. Слуцкія паясы // ЭГБ. — Мн.: 2003 Т. 6. Кн. 2. С. 355.
  2. ^ а б Наркевіч І. Квітнеюць серабром і золатам слуцкія паясы // Культура. № 21 (839), 2008 г.
  3. ^ Трызна Д. Слуцкія паясы // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 596.
  4. ^ Уладзіслаў Кулецкі. Слуцкія паясы на манэтах // Зьвязда : газэта. — 21 лістапада 2013. — № 219 (27584). — С. 3. — ISSN 1990-763x.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]