Сьцяг Злучаных Штатаў Амэрыкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сьцяг ЗША

Дзяржаўны сьцяг ЗША, вядомы таксама як Зорна-паласаты сьцяг (па-ангельску: Stars and Stripes) — афіцыйны дзяржаўны сымбаль ЗША (нараўне зь Вялікай пячаткай і гімнам).

Уяўляе сабой прамавугольнае палотнішча зь сямю чырвонымі і шасьцю белымі гарызантальнымі палосамі, якія чаргуюцца. У кантоне цёмна-сіняга колеру — 50 пяціканцовых зорак белага колеру. 13 палос — 13 калёніяў, якія ўтварылі незалежную дзяржаву (Нью-Гэмпшыр, Масачусэтс, Род-Айлэнд, Канэктыкут, Дэлавэр, Мэрылэнд, Вірджынія, Паўночная Караліна, Паўднёвая Караліна, Джорджыя, Нью-Ёрк, Нью-Джэрзі, Пэнсыльванія). Сіні прамавугольнік зь левага боку сымбалізуе Зьвяз. Колькасьць зорак у сінім полі адпавядае ліку штатаў (у цяперашні час іх 50). Чырвоны колер увасабляе цягавітасьць і доблесьць; цёмна-сіні — стараннасьць, справядлівасьць, пільнасьць; белы — нявіннасьць і чысьціню. Суадносіны шырыні сьцяга да яго даўжыні 10:19.

Сьцяг мяняўся зь цягам часу ў залежнасьці ад колькасьці штатаў, якія складалі Зьвяз. Новая зорка дадаецца да сьцяга 4 ліпеня пасьля ўваходжаньня ў зьвяз новага штату. Колькасьць палос застаецца нязьменнай; адзінае выключэньне — сьцяг 1795—1818 гг., калі разам зь дзьвюма зоркамі былі дададзеныя яшчэ і 2 паласы (пазьней прыбраныя).

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сьцяг Злучаных Штатаў Амэрыкісховішча мультымэдыйных матэрыялаў