Тэгеранская канфэрэнцыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Тэгера́нская канфэрэ́нцыя — 4-дзённая нарада кіраўнікоў урадаў Брытаніі, ЗША і СССР 28 лістапада[1] — 1 сьнежня 1943 г. у Тэгеране (Іран). Стала першай за гады Другой сусьветнай вайны сустрэчай прэм’ер-міністра Брытаніі Ўінстана Чэрчыля (1940—1945), прэзыдэнта ЗША Франкліна Рузвэлта (1933—1945) і старшыні Савету народных камісараў СССР Ёсіфа Сталіна (1941—1953). Праводзілася ў савецкай амбасадзе пры ўдзеле дыпляматычных і вайсковых прадстаўнікоў 3 дзяржаваў. На сустрэчы абмяркоўвалася ўзгадненьне вайсковых дзеяньняў супраць Нямецкай дзяржавы і яе саюзьнікаў, забесьпячэньне трывалага міру пасьля заканчэньня вайны. 1 сьнежня 1943 г. кіраўнікі ўрадаў Чэрчыль (Брытанія), Рузвэлт (ЗША) і Сталін (СССР) падпісалі: «Дэклярацыю трох дзяржаваў», «Дэклярацыю аб Іране»[2] і «Ваеннае рашэньне».

Сталін, Рузвэльт, Чэрчыль

У ходзе 1-га пасяджэньня 28 лістапада 1943 г. Сталін вусна пагадзіўся: «калі мы прымусім Нямеччыну капітуляваць. Тады — агульным фронтам супраць Японіі». На 4-м пасяджэньні 1 сьнежня Чэрчыль вусна прапанаваў «перасунуць на захад» межы Польшчы зь Нямеччынай і СССР дзеля «забесьпячэньня бясьпекі заходніх межаў Савецкага Саюза»: «ачаг польскай дзяржавы і народа мае разьмясьціцца між так званай лініяй Керзана (на ўсходзе) і лініяй ракі Одра» (на захадзе), з чым Сталін папярэдне вусна пагадзіўся. Тады ж Сталін вусна пагадзіўся на «расчляненьне Нямеччыны» і «перадаць гэтае пытаньне ў лёнданскую камісію, у якой ёсьць прадстаўнікі трох нашых дзяржаваў»[2].

Пастановы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэклярацыя трох дзяржаваў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

1 сьнежня 1943 г. у савецкай амбасадзе ў Тэгеране (Іран) кіраўнікі ўрадаў Брытаніі, ЗША і СССР — Ўінстан Чэрчыль, Франклін Рузвэлт і Ёсіф Сталін адпаведна — падпісалі «Дэклярацыю трох дзяржаваў»[2], дзе адзначалася:

  • «нашыя краіны будуць працаваць сумесна як падчас вайны, так і ў наступны мірны час»;
  • «прадстаўнікі нашых вайсковых штабоў ўдзельнічалі ў нашых перамовах за круглым сталом, і мы ўзгаднілі нашыя пляны зьнішчэньня нямецкіх узброеных сілаў. Мы прыйшлі да поўнага пагадненьня адносна маштабу і тэрмінаў апэрацыяў, якія прадпрымем з усходу, захаду і поўдня»;
  • «існая між намі згода забясьпечыць трывалы мір. Мы цалкам прызнаем высокую адказнасьць, якая ляжыць на нас і на ўсіх Аб’яднаных народах, за ажыцьцяўленьне такога міру, які атрымае ухваленьне пераважнай масы народаў зямнога шару»;
  • «Мы будзем імкнуцца да супрацы і жвавага ўдзелу ўсіх краінаў, вялікіх і малых, народы якіх сэрцам і розумам прысьвяцілі сябе, падобна нашым народам, задачы касаваньня тыраніі, рабства, прыгнёту і нецярпімасьці. Мы будзем вітаць іх ўступленьне ў сусветную сям’ю дэмакратычных краінаў, калі яны пажадаюць гэта зрабіць».

Дэклярацыя аб Іране[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

1 сьнежня 1943 г. у савецкай амбасадзе ў Тэгеране кіраўнікі ўрадаў Брытаніі, ЗША і СССР падпісалі «Дэклярацыю аб Іране» зь цьверджаньнямі:

  • пра «дапамогу, якую аказаў Іран у справе вядзеньня вайны супраць агульнага ворага, асабліва аблягчэньнем перавозу грузаў з-за мяжы ў Савецкі Саюз»;
  • «надаваць Ураду Ірана такую гаспадарчую дапамогу, якую магчыма будзе аказаць»;
  • «гаспадарчыя праблемы, які ўстануць перад Іранам пасьля заканчэньня ваенных дзеяньняў, падлягаюць поўнаму разгляду разам з гаспадарчымі праблемамі, якія ўстануць перад іншымі сябрамі Аб’яднаных народаў»;
  • «захаваць поўную незалежнасьць, сувэрэнітэт і тэрытарыяльную недатыкальнасьць Ірана»[2];
  • аб разьліку «на ўдзел Ірана сумесна зь іншымі міралюбнымі народамі ва ўсталяваньні міжнароднага міру, бясьпекі і росквіту пасьля вайны, у адпаведнасьці з прынцыпамі Атлянтычнай хартыі, якую падпісалі ўсе чатыры Ўрады».

Ваеннае рашэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

1 сьнежня 1943 г. у савецкай амбасадзе ў Тэгеране кіраўнікі ўрадаў Брытаніі, ЗША і СССР падпісалі «Ваеннае рашэньне» з 5 пунктаў. У 1-м пункце згадвалася, што партызаны ў Югаславіі маюць падтрымлівацца прыпасамі і рыштункам у як мага большым памеры, а таксама дэсантнымі апэрацыямі». 2-і пункт зьмяшчаў пажаданьне, «каб Турэччына ўступіла ў вайну на баку саюзьнікаў да канца году». Паводле 3-га пункту меркавалася: «калі Турэччына апынецца ў вайне зь Нямеччынай і калі ў выніку гэтага Баўгарыя абвесьціць вайну Турэччыне або нападзе на яе, Савецкі Саюз неадкладна апынецца ў стане вайны з Баўгарыяй». 4-м пункт прадугледжваў, што «апэрацыю "Ўладыка"(fr) прадпрымуць цягам траўня 1944 г., разам з апэрацыяй(fr) супраць паўднёвай Францыі. …савецкія войскі прадпрымуць наступ прыкладна ў гэты ж час з мэтай прадухіліць перакідку нямецкіх войскаў з усходняга на заходні фронт»[2]. Паводле 5-га пункту, «вайсковыя штабы трох дзяржаваў павінныя з гэтага часу трымаць цесны кантакт адзін з адным датычна маючых адбыцца апэрацыяў у Эўропе. У прыватнасьці, было вырашана, што між адпаведнымі штабамі патрэбна ўзгадніць плян утойваньня і падману ворага датычна гэтых апэрацыяў».

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 28 лістапада 2013. — № 224 (27589). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ а б в г д Уладзімер Калаткоў. Тэгеранская канфэрэнцыя 1943 // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2003. — Т. 16. — С. 104. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0263-6

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]