Уладыслаў Андэрс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Уладыслаў Андэрс

Уладыслаў Альбэрт Андэрс (па-польску: Władysław Albert Anders; 11 жніўня 1892, Блоне каля Кросьневіц, Кутнаўскі павет — 12 траўня 1970, Лёндан) — Генэрал Броні (Генэрал Войска), Кіраўнік польскіх узброеных фармаваньняў у 1944—1945 гадах.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся на землях, што ўваходзілі ў склад Расейскай імпэрыі. Бацька Альбэрт Андэрс — аграном, працаваў адміністратарам маёнткаў, маці Эльжбэта. Бацькі былі немцамі па паходжаньні, пратэстанцкага веравызнаньня.

Навучаўся ў варшаўскай рэальнай гімназіі. Пасьля на палітэхніцы ў Рызе. З 1913 году ў расейскім войску. Скончыў кавалерыйскую школу афіцэраў рэзэрву. Удзельнічаў у 1-й сусьветнай вайне, як паручнік драгунаў. Кіраваў швадронам. Быў тройчы паранены. У 1917 годзе скончыў скарочаныя курсы Акадэмі Генэральнага Штабу ў Пецярбургу. Браў удзел у фармаваньні аддзелаў Першага Польскага Корпусу, якім камандываў Юзэф Доўбар-Мусьніцкі. Пасьля капітуляцыі корпусу перад немцамі, вярнуўся дахаты і далучыўся да Войска Польскага. Шэф штабу Арміі Велікапольскай у велікапольскім паўстаньні 1919 году. Пад час польска-бальшавіцкай вайны 1920 году камандываў 15 Палком познанскіх уланаў.

У кастрычніку 1921 году навучаўся ў Вышэйшай вайсковай Школе (Ecole Superieure de Guerre) у Парыжы. Вярнуўся ў Польшчу ў 1924 годзе і быў прызначаны шэфам штабу Генэральнага Інспэктарата Кавалерыі. Зь лістапада 1925 — камэндант Варшавы. Пад час майскага перавароту — шэф штабу ўрадавых войскаў. У 1928—1939 гадах камандзір Крэсовай, а пасьля Наваградзкай Брыгады Кавалерыі, камандзір гарнізону Баранавічы. Адтуль накіраваўся на вайну 1939 году.

Андэрс, Уладзіслаў Сікорскі пад час візыта да Сталіна, Куйбышаў, сьнежань 1941 году

Пад час прабіваньня Арміі Познань і Памор’е да Варшавы адмовіўся выконваць загад пра абарону Кампіноскай пушчы, матывуючы тым, што брыгада панесла вялікія страты. З 12 верасьня 1939 году камандуючы апэратыўнай групай кавалерыі. Пасьля цяжкіх баёў пад Мінскам Мазавецкім і Тамашовам Любельскім яму пашчасьціла прабіцца на поўдзень. Здолеў расфармаваць групу кавалерыі на малыя групы, якія мусілі прабівацца да Вугоршчыны. Прабіваючыся разам з адной такой групай 29 верасьня ў ваколіцах Самбару, Андэрс, двойчы паранены, трапіў у савецкі палон.

Утрымліваўся ў львоўскім шпіталі, пасьля ў вязьніцы Львова. 29 лютага 1940 году вывезены ў Маскву ў цэнтральную вязьніцу НКУС на Лубянцы. Пад час 22-месячнага побыту быў на допытах шмат разоў. Адмовіўся ад прапановы пра службу ў Чырвоным войску. Вызвалены пасьля пачатку савецка-нямцкай вайны.

З 4 жніўня 1941 году ствараў Польскія Ўзброеныя Сілы ў СССР. Пасьля эвакуацыі летам 1942 войска і 20 тысячаў цывільных (уратаваных зь вязьніц і лягероў) да Ірану, стаўся камандуючым Польскай Арміі на Ўсходзе (Іран, Палестына) і 2 Польскага Корпусу, якім кіраваў у італьянскай кампаніі (бітва пад Монтэ-Касына). З 2 кастрычніка 1944 да 5 траўня 1945 году выконваў абавязкі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага Польскіх Сілаў.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Уладыслаў Андэрссховішча мультымэдыйных матэрыялаў