Ум Кульсум

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ум Кульсум
Фатма Ібрагім аль-Бальтаджы
Дата нараджэньня 4 траўня 1904
Месца нараджэньня Тамаз эс-Загайра, Эгіпет
Дата сьмерці 3 лютага 1975 (70 гадоў)
Месца сьмерці Каір, Эгіпет
Месца пахаваньня
Грамадзянства Эгіпет
Прафэсія сьпявачка
Гады дзейнасьці 1923—1973
Жанры music of Egypt[d]
Вакал кантральта[d]
Інструмэнты голас[d]
Лэйблы EMI Classics[d]
Узнагароды
Order of the Republic Order of the Virtues Order of the Two Rivers Supreme Order of the Renaissance Order of the Republic Order of Civil Merit (Syria) Нацыянальны ордэн Кедра
Сайт omkolthoum.com

Ум Кульсу́м (па-арабску: أم كلثوم‎, сапраўднае імя Фатма Ібрагім аль-Бальтаджы, па-арабску: فاطمة إبراهيم البلتاجي‎‎‎; 4 траўня 1904, Тамаз эс-Захайра — 3 лютага 1975, Каір) — эгіпецкая сьпявачка, аўтарка песьняў, акторка. Адна з найбольш вядомых выканаўцаў у арабскім сьвеце. Праз больш за тры дзесяцігодзьдзі пасьля ейнае сьмерці шматлікія[Хто?] лічаць яе найвыбітнейшым выканаўцам у арабскім сьвеце XX стагодзьдзя. Кульсум славілася вакальнымі здольнасьцямі і непаўторным стылем. Было прададзена больш за 80 мільёнаў плястынак па ўсім сьвеце, што робіць яе адной з самых прадаваных блізкаўсходніх сьпявачак усіх часоў[1]. У родным Эгіпце яе лічаць нацыянальнай іконай, ахрысьціўшы тытулам «Голас Эгіпту»[2] і «Чацьвёртай пірамідай Эгіпту»[3]. Была ўладальніцай голасу кантральта[4].

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Малалецтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кульсум разам з бацкькам.

Ум Кульсум нарадзілася ў рэлігійнай сям’і, бо ейны бацька быў імамам[5]. Месцам ейнага нараджэньня была вёска Тамаз эс-Загайра, якая месьцілася ў правінцыя Дакаглія[5]. Дата ейнага нараджэньня ёсьць не пацверджанай, бо ў той час рэгістрацыя нараджэньня не праводзілася па ўсім Эгіпце. Некаторыя крыніцы сьцьвярджаюць, што сьпявачка нарадзілася альбо 31 сьнежня 1898 году, альбо 31 сьнежня 1904 году, альбо 4 траўня 1904 году. Дзяўчынка навучылася сьпяваць, слухаючы, як бацька вучыць старэйшага брата Халіда. З маладых гадоў яна праяўляла выключны сьпеўны талент. Праз бацьку Кульсум навучылася чытаць Каран і, як паведамляецца, запомніла цэлую кнігу[5]. Калі ёй было 12 гадоў, бацька заўважыў ейную сілу ў сьпевах, таму папрасіў яе далучыцца да сямейнага ансамблю, напачатку проста паўтараючы тое, што сьпявалі іншыя[6].

У той час яна апраналася хлопчыкам па-бэдуінску, таму бацька пазьбягаў неадабрэньня іншых праз тое, што на сцэне была дзяўчынка[6]. У 16 гадоў яе заўважыў Магамэд Або Аль-Эла, ня вельмі вядомы сьпявак, які навучыў яе старому клясычнаму арабскаму рэпэртуару. Празь некалькі гадоў яна сустрэла вядомага кампазытара і аўдыста Закарыя Агмада, які запрасіў яе прыехаць у Каір. Хоць яна некалькі разоў наведвала Каір у пачатку 1920-х гадох, толькі ў 1923 годзе яна канчаткова пасялілася ў сталіцы. Тамака, сьпявачка наведвала дом Аміна Бэ Аль-Магдзі, які навучыў яе іграць на удзе, адной з варыяцыяў лютні. У яе склаліся блізкія адносіны з Раўгэяй Аль-Магдзі, дачкой Аміна, якая сталася Ум найбліжэйшай сяброўкай. Ум Кульсум нават прысутнічала на вясельлі дачкі Раўгэі, хаця звычайна аддавала перавагу пазьбягаць публічных мерапрыемстваў акрамя зьяўленьня на сцэне.

У першыя гады сваёй кар’еры Ум сутыкнулася з жорсткай канкурэнцыяй з боку іншыз дзьвюх вядомых сьпевачак, як то Муніры Эль-Магдэі і Фатыі Агмад, якія мелі падобныя галасы. У той час бацька Ум запатрабаваў ад яе вярнуцца ў родную вёску да сваёй сям’і, аднак тая адмовілася. Каля 1923 году яна склала дамову з кампаніяй Odeon Records, якая да 1926 году абяцала выплочваць ёй за запісы больш, чым любому іншаму эгіпецкаму музычнаму выканаўцу[7].

Прафэсійная кар’ера[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Амін Аль-Магдзі пазнаёміла яе з культурнымі коламі Каіра, дзе яна асьцярожна пазьбягала законаў багэмнага стылю жыцьця і сапраўды на працягу ўсяго жыцьця падкрэслівала сваё сьціплае паходжаньне і адстойваньне кансэрватыўных каштоўнасьцяў. У 1924 годзе яе пазнаёмілі з паэтам Агмэдам Рамі[8], які павінен быў напісаць для яе 137 песень, а таксама пазнаёміў яе з францускай літаратурай і, у рэшце рэшт, стаў ейным галоўным настаўнікам у арабскай літаратуры і літаратурным аналізе. У 1926 годзе яна адмовілася ад супрацоўніцтва з Odeon Records, якая плаціла ёй вялікія грошы і нават далі дадатковы ганарар у 10 тысяч даляраў на год[7]. Акрамя таго, Кульсум клапацілася пра свой імідж, што, несумненна, дадало ёй прывабнасьці з боку арабскае грамадзкасьці. У дадатак, яе пазнаёмілі зь вядомым віртуозам уда і кампазытарам Магамэдам Эль-Касабгі, які прасунуў яе ў Арабскі тэатральны палац, дзе яна атрымала свой першы сапраўдны грамадзкі посьпех. Іншыя музыкі, якія паўплывалі на ейныя музычныя выступы таго часу, былі Давуд Госьні альбо Абу аль-Іла Мугамад[8]. Апошні зь іх працаваў зь ёй над песьнямі ў стылі арабскага мувашага[9]. У 1932 годзе ейная вядомасьць як сьпявачкі павялічылася за кошт продажаў кружэлак да таго моманту, калі яна выправілася ў буйны тур па Блізкім Усходзе і Паўночнай Афрыцы, выступаючы ў вядомых арабскіх сталіцах, як то Дамаск, Багдад, Бэйрут, Рабат, Туніс і Трыпалі.

Афіша канцэрту Ум Кульсум у Ерусаліме ў 1930 годзе.

У 1934 годзе Ум Кульсум сьпявала на першае трансляцыі Радыё Каір, дзяржаўнай радыёстанцыі[10]. З гэтага часу яна выступала на канцэрце кожны першы чацьвер месяцу на працягу сарака гадоў[6]. Ейны ўплыў стала павялічваўся і пашыраўся, бо ейныя выступы часта замаўляла эгіпецкая каралеўская сям’я. У 1944 годзе кароль Эгіпту Фарук I узнагародзіў яе найвышэйшым ордэнам краіны[11], які да таго атрымлівалі выключна чальцы каралеўскае сям’і і выбітныя палітыкі. Незважаючы на гэткае прызнаньне, каралеўская сям’я аднак жорстка выступіла супраць ейнага патэнцыйнага шлюбу зь дзядзькам караля. Гэтая адмова глыбока параніла ейнае сэрца і закранула гонар сьпявачкі, што яна аддалілася ад каралеўскае сям’і і нават адмовілася выступаць на просьбу эгіпецкага легіёну, які апынуўся ў цяжкім становішчы падчас арабска-ізраільскай вайны 1948 году.

Пасьля рэвалюцыі эгіпецкая гільдыя музыкаў, чальцом якой Кульсум была, выключыла сьпявачку з сваіх шэрагаў, бо яна сьпявала зрынутаму каралю Эгіпта Фаруку. Калі Гамаль Абдэль Насэр, новы кіраўнік краіны, даведаўся пра гэты факт, і пра тое, што ейныя песьні былі забароненыя да трансьляваньня па радыё, ён адмяніў гэтае рашэньне, ведаючы пра неверагодную папулярнасьць Кульсум у краіне[12]. Некаторыя дасьледчыкі лічаць, што папулярнасьць Ум Кульсум спрыяла палітычнаму росквіту Насэра. Напрыклад, прамовы Насэра і іншых урадавыя паведамленьні часта трансьляваліся адразу пасьля штомесячных радыёканцэртаў сьпявачкі. Яна сьпявала шмат песень у падтрымку Насэра, зь якім у яе склалася прыязнае сяброўства. Адна зь ейных песень, як то «Даўно мінула, зброя мая», нават была прынята ў якасьці гімну Эгіпта з 1960 па 1979 гады, калі іншы прэзыдэнт Садат не зьмяніў гімн на іншы[13].

Штомесячныя канцэрты Ум Кульсум славіліся сваёй здольнасьцю расчышчаць вуліцы некаторых з самых густанаселеных гарадоў сьвету, калі людзі сьпяшаліся дадому, каб паслухаць выступ знакамітай сьпявачкі[14]. У ейных песьнях асноўнымі тэмамі былі ўнівэрсальныя тэмы каханьня, тугі і страты. Тыповы канцэрт Ум Кульсум складаўся з выканання дзвюх-трох песень на працягу трох-чатырох гадзінаў. Гэтыя спэктаклі чымсьці нагадвалі структуру заходняе опэры, якая складаецца з доўгіх галасавых урыўкаў, якія зьвязваюцца з больш кароткімі аркестравымі інтэрмэдыямі. Аднак эгіпецкая зорка ня мела стылістычнага ўплыву опэры, і большую частку сваёй кар’еры сьпявала сольна.

На працягу 1930-х гадоў ейны рэпэртуар прыняў канкрэтны стылістычны напрамак. Ейныя песьні былі віртуознымі, што спалучалася зь вельмі належным і здольным голасам, а рэпэртуар быў рамантычным і сучасным ў музычным стылі, сілкуючыся пераважна плынямі эгіпецкае папулярнае культуры таго часу. Яна шмат працавала з тэкстамі паэта Агмада Рамі і музыкай кампазытара Магамада Эль-Касабгі, у чыіх песьнях таксама гучалі эўрапейскія інструмэнты, як то віялянчэль і кантрабас, а таксама выкарыстоўвалі гармонію. У 1936 годзе яна дэбютавала ў амплюа акторкі ў фільме Фрыца Крампа «Вэдад»[15]. За сваю кар’еру яна зьнялася яшчэ ў пяці фільмах, чатыры зь якіх паставіў Агмад Бадрахан, а «Салама» і «Фатма» былі найбольш вядомымі зь іх[16].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ «Oum Kalthoum, a star still shining bright». France 24.
  2. ^ Danielson, Virginia (1996). «Listening to Umm Kulthūm». Middle East Studies Association Bulletin. 30 (2). — С. 170—173. — doi:10.1017/S0026318400033976. ISSN 0026-3184. JSTOR 23061883.
  3. ^ «Umm Kulthum, homage to Egypt's fourth pyramid». Qantara.
  4. ^ «Funeral for a Nightingale». Time.
  5. ^ а б в «Umm Kulthum: Queen Of The Nile». The Quietus.
  6. ^ а б в «'She exists out of time': Umm Kulthum, Arab music's eternal star». The Guardian.
  7. ^ а б Danielson 2008. С. 54—55.
  8. ^ а б Danielson 2008. С. 56.
  9. ^ Danielson 2008. С. 56—57.
  10. ^ Danielson, Virginia (2001). «Umm Kulthum [Ibrāhīm Um Kalthum]». In Root, Deane L. (ed.). The New Grove Dictionary of Music and Musicians. Oxford University Press.‎
  11. ^ «Egypt's Umm Kulthum hologram concerts to take place at the Abdeen Palace on November 20,21». EgyptToday.
  12. ^ «Umm Kulthum: A Voice Like Egypt». Dir. Michal Goldman. Narr. Omar Sharif. Arab Film Distribution, 1996.
  13. ^ «Umm Kulthum – Egyptian musician». Britannica.
  14. ^ «Umm Kulthum: 'The Lady' Of Cairo». NPR.org.
  15. ^ «Film card». Torino Film Fest.
  16. ^ «'Star of the East' — The Life of Umm Kulthum». Al-Bustan Seeds of Culture.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]