Храм Труны Гасподняй

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Славутасьць
Храм Магілы Гасподняй
Ναός της Αναστάσεως
Краіна Ізраіль
Горад Ерусалім
Каардынаты 31°46′42.4″ пн. ш. 35°13′47.1″ у. д. / 31.778444° пн. ш. 35.22975° у. д. / 31.778444; 35.22975Каардынаты: 31°46′42.4″ пн. ш. 35°13′47.1″ у. д. / 31.778444° пн. ш. 35.22975° у. д. / 31.778444; 35.22975
Канфэсія выкарыстоўваецца 6 хрысьціянскімі цэрквамі
Эпархія Ерусалімская праваслаўная царква і лацінскі патрыярхат Ерусаліму[d] 
Архітэктурны стыль раманскі, барока
Заснавальнік роўнаапостальная Алена
Дата заснаваньня XIV стагодзьдзе
Будаваньне 335 год—???
Сайт Афіцыйны сайт
Храм Магілы Гасподняй на мапе Ізраілю
Храм Магілы Гасподняй
Храм Магілы Гасподняй
Храм Магілы Гасподняй
Храм Магілы Гасподняй на Вікісховішчы

Храм Магілы Гаспо́дняй (па-габрэйску: התקווה, па-лацінску: Sanctum Sepulchrum), вядомы таксама (ва ўсходняй хрысьціянскай традыцыі) пад назвай Храм Уваскрасеньня Хрыстовага — хрысьціянская царква, на месцы якой, паводле Сьвятога Пісаньня, быў укрыжаваны і пахаваны Ісус Хрыстос і дзе ён пазьней уваскрос.

У храме штогод зьдзяйсьняецца цырымонія сыходжаньня Жыватворнага агню. Асноўныя правы валоданьня і карыстаньня сьвятынямі Храма належаць Ерусалімскаму патрыярхату, комплекс адміністрацыйных будынкаў якога непасрэдна прымыкае да паўднёва-заходняга боку храма.

Апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Схема разьмяшчэньня Галготы і Магілы Гасподняй ў сучасным храме

Сучасны храм Магілы Гасподняй — гэта вялікі рэлігійны і архітэктурны комплекс, які ўключае ў сябе Галготу зь месцам укрыжаваньня, досыць вялікую ратонду зь вялікім купалам, пад якім непасрэдна разьмешчаныя кувуклія, каталікон або саборны храм, які зьяўляецца катэдральным для патрыярхаў Ерусалімскай Праваслаўнай Царквы, падземны храм Адшуканьня Жыцьцядайнага Крыжа, храм сьвятой роўнаапостальнай Алены і некалькі створак. У межах храма Магілы Гасподняй таксама разьмешчаныя некалькі дзеючых манастыроў, ён уключае шэраг дапаможных будынкаў, галерэй і г. д.

Пры ўваходзе ў храм знаходзіцца камень намашчэньня — гэта падоўжаная нізкая пліта, абліцаваная мармурам. Паводле паданьня, на гэтую глыбу паклалі цела Ісуса, зьнятае з крыжа, для паіазаньня яго паводле юдэйскага звычаяю духмянымі алейкамі перад пахаваньнем і тут жа загарнулі яго ў плашчаніцу.

У цэнтры храмавай залы-ратонды знаходзіцца невялікая капліца з ружовага мармуру, пабудаваная ў 1910 годзе над пячорай Магілы Гасподняй (Кувуклія). У грабніцу вядзе вузкі праход. Грабніца асьветленая лямпадамі, у ёй зьмяшчаецца мармуровае надмагільле. Памер грабніцы — 2×1,5 м.

Перад капліцай — каталікон Ерусалімскай Праваслаўнай Царквы. У ім, сярод іншага, утрымліваюцца мармуровая паўсфэра «мэзамфалас», якая сымбалізуе «цэнтар Зямлі», разьмешчаны ў Ерусаліме (г. зв. «пуп Зямлі»), і пасад патрыярха.

У заходняй частцы да кувукліі прыбудаваная капліца Зьверхніка, якая належыць Копцкай Царкве.

Пры ўваходзе ў храм, непадалёк каменя намашчэньня дзьве лесьвіцы вядуць уверх — да Галготы, месца, дзе, паводле паданьня, стаяў крыж, на якім быў укрыжаваны Ісус Хрыстос. Калянада падзяляе гэтую прастору на дзьве часткі: адна належыць Ерусалімскай Праваслаўнай Царкве, іншая — Рыма-Каталіцкаму Касьцёлу.

У глыбіні грэцкага бабінца — укрыжаваньне над адкрытым пасадам. У падлозе пад пасадам зьмяшчаецца срэбны дыск з адтулінай, які пазначае месца, куды быў устаўлены крыж, яшчэ дзьвюма чорнымі коламі пазначаныя месцы крыжоў, на якіх адначасова з Хрыстом катавалі двух злодзеяў.

Каталіцкі бабінец упрыгожаны мазаічнымі карцінамі на біблейскія сюжэты. Тут знаходзіцца алтар «Прыбіваньне да крыжа». У адной з калён, якія падзяляюць бабінцы, ёсьць скульптурная выява сьвятой Дзевы Марыі, упрыгожаная золатам і каштоўнымі камянямі, які быў падораны партугальскай каралевай Марыяй Набожнай у другой палове XVIII стагодзьдзя[1].

Ступаючы галерэяй уздоўж сьцяны храма і спусьціўшыся на 30 прыступак, можна трапіць да грэцкай праваслаўнай царквы сьв. Алены. Гэтая царква, у сваю чаргу, вядзе да пячоры Адшуканьня Крыжа. Мармуровая пліта ў пячоры пазначае месца, дзе, паводле паданьня, быў знойдзены крыж, на якім укрыжавалі Ісуса.

Праваруч ад каменя намашчэньня пад Галготай, разьмешчаны ўваход у капліцу праайца Адама, які, паводле паданьня, пасьля выгнаньня з раю жыў у Ерусаліме. Адам, згодна зь легендай, прадказаў, што калі Хрыстос будзе ўкрыжаваны, каменны падмурак Галготы расколецца. Праз шкляное акенца ў глыбіні капліцы паказваюць расколіну, якая, як мяркуюць, утварылася ад землятрусу падчас укрыжаваньня Хрыста.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вядомы пажар 1808 году, калі згарэў драўляны шацёр над Анастасісам і была пашкоджаная кувуклія. Неўзабаве ў пэрыяд 1808—10 гадоў ратонда была адноўленая з удзелам архітэктараў з розных краінаў. Пры аднаўленьні кувукліі былі выкарыстаныя габарыты падобнай кувукліі з Уваскрасенскага Новаерусалімскага манастыра пад Масквой (афармленьне архітэктара Барталямэё Растрэлі). У 1860-х гадах быў збудаваны паўсфэрычны купал над ратондай зь мэталаканструкцый, які сваёй формай нагадвае першапачатковае завяршэньне Анастасіса часоў Канстанціна Вялікага. У такім выглядзе будынак існуе і цяпер.

Храм сёньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыж на купале храму

Сучасны Храм Труны Гасподняй зьяўляецца падзеленым паміж шасьцю канфэсіямі хрысьціянскай царквы: грэцка-праваслаўнай, каталіцкай, армянскай, копцкай, сырыйскай і этыёпскай, кожнай зь якіх прызначаныя свае межы і гадзіны (расклад) для малітваў.

Царква францішканцаў і Алтар цьвікоў належаць каталіцкай царкве, Храм Роўнаапостальнай Алены і бабінец «Тры Марыі» — Армянскай апостальскай царкве, магіла сьв. Юзафа Арыматэйскага, алтар на заходнім баку кувукліі — Этыёпскай / Копцкай цэрквам. Галоўныя ж сьвятыні Храма — Галгофа, кувуклія, каталікон, як і агульнае кіраваньне царкоўнымі набажэнствамі, належыць Ерусалімскай праваслаўнай царкве.

Сучасны выгляд верхняй часткі Храма Труны Гасподняй з купаламі

Нярэдка такі падзел прыводзіць да непаразуменьняў і нават канфліктаў паміж прадстаўнікамі розных канфэсій. Так, летам 2002 году на глебе разьмеркаваньня адведзенага месца на даху храма мела месца бойка паміж коптамі і манахамі Этыёпскай праваслаўнай царквы[2], у 2004 годзе падчас сьвяткаваньня Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа паўстаў канфлікт паміж каталікамі і праваслаўнымі[3]. Нярэдка падобныя сытуацыі адбываюцца пры вялікім зьбегу народа, асабліва падчас сьвятаў, у прыватнасьці велікодных сьвяткаваньняў, — бойка паміж армянамі і грэкамі на Вербніцу 2008 году[4], або ўнутрыканфэсійных — пры падрыхтоўцы ў пачатку лістапада 2008 году прадстаўнікамі Армянскай праваслаўнай царквы штогадовай сьвяточнай цырымоніі ў гонар знаходжаньня ў IV стагодзьдзі крыжа, на якім, як яны лічаць, быў укрыжаваны Ісус, таксама ўспыхнулі сутыкненьні з грэкамі-хрысьціянамі[5].

У сярэдзіне XX стагодзьдзя плянавалася істотная перабудова храма пад кіраўніцтвам італьянскага архітэктара Антоніё Барлюцьці(it), аднак яе ажыцьцяўленьню перашкодзіла Другая сусьветная вайна. Шырокія аднаўленчыя работы ажыцьцяўляліся ў 1959 годзе. Апошняя буйная рэстаўрацыя, у тым ліку і купалоў асноўнага храма, праводзілася ў пэрыяд 1994—1997 гадоў.

Храм Труны Гасподняй зьяўляецца адной з самых наведвальных сьвятынь хрысьціянства і належыць да агульначалавечай спадчыны.

Дадатковыя зьвесткі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

За больш чым паўтаратысячную гісторыю існаваньня пра Храм Труны Гасподняй сабралося шмат цікавых фактаў, у якія часам цяжка паверыць.

Этыёпскі манах на даху храма, 2008 год
  • У Велікодную суботу ў кувукліі Храма Труны Гасподняй адбываецца цуд сыходжаньня Жыватворнага агню.
  • Як вядома, ні адна з канфэсій, якія вядуць службы ў самім храме, а не кантралююць галоўны ўваход у яго. Яшчэ ў далёкім 1192 годзе Саладын усклаў адказнасьць за яго на дзьве мусульманскія сям’і. Прадстаўнікам роду Джудэхаў давераныя ключы ад храма, а роду Нусейбехаў, члены якога ахоўвалі храм з часоў праўленьня Ўмара ў 637 годзе, — ад храмавых дзьвярэй. Цікава, што гэтая традыцыя зьяўляецца бесьперапыннай і захоўваецца да нашых дзён. Двойчы ў дзень член роду Джудэхаў прыносіць ключы да дзьвярэй, якія адкрывае і закрывае член сям’і Нусейбехаў.
  • Яшчэ ў часы да пачатку дзеяньня статусу кво паміж канфэсіямі ня раз здараліся сытуацыі, калі члены адной зь іх не пускалі прадстаўнікоў іншых ўнутр храма, таму звычайнай справай было выкарыстаньне рознага роду лесьвіцаў, вяровак і г. д. Лічыцца, што хтосьці яшчэ ў 1852 годзе прыставіў да аднаго з вокнаў храма драўляную лесьвіцу, якая захавалася да гэтага часу ў тым жа становішчы, як і ўпершыню. Выяву гэтай лесьвіцы можна бачыць як на фатаздымках і гравюрах стогадовай даўніны, так і на сучасных фатаздымках.
  • Манахі Этыёпскай праваслаўнай царквы і копты акрамя бабінца ўнутры храма разьмяшчаюцца на яго даху, уладкаваўшы там своеасаблівае паселішча.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Падарожжа ў Святую Зямлю, Ерусалім (б.р.), с. 166  (рас.)
  2. ^ Armstrong Chris. Куток хрысьціянскай гісторыі: эмоцыі раздзіраюць хрысьціян, якія змагаюцца за найбліжэйшае месца да Труны Гасподняй, артыкул на www.christianitytoday.com  (анг.)
  3. ^ Allyn Fisher — Ilan. Story/0,2763,1314466,00.html Беспарадкі ля Труны Гасподняй (анг.) // Электронная вэрсія газэты «Гардыян» ад 28 верасьня 2004 году
  4. ^ У Храме труны Гасподняй пабіліся вернікі // інф на [1] ад 20 красавіка 2008 году  (укр.)
  5. ^ Грэкі і армяне зладзілі масавую бойку ў Храме Труны Гасподняй // інф на [2] ад 9 лістапада 2008 году  (укр.)

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]