Шэйх Мансур

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Шэйх Мансур
Ушурма
чэрвень 176213 красавіка 1794(1794-04-13) (31 год)
Месца нараджэньня Алды, Чачэнія
Месца сьмерці Шлісэльбурская крэпасьць (паводле іншых зьвестак — Салавецкі манастыр)
Званьне шэйх
Бітвы/войны Каўкаская вайна (1787—1791)

Шэйх Мансу́р (сапраўднае імя — Ушурма; 1765, паводле іншых зьвестак 1760, Алды, Чачэнія — 13 красавіка 1794) — вайсковы, рэлігійны й палітычны лідэр каўкаскіх горцаў у канцы XVIII стагодзьдзя. Удзельнік Каўкаскае вайны 1785—1791 гадоў. Нацыянальны герой чачэнскага народу.

Дзяцінства й юнацтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Належыў да тэйпу Элістанжхой. Бацька Шаабаз быў родам зь сяла Элістанжы. Некаторы час сям’я жыла ў сяле Хатуні, затым — у сяле Алды. У дзяцінстве вывучаў Кур'ан у дагестанскага мулы.

Кіраўнік антырасейскага паўстаньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У канцы XVIII стагодзьдзя пачаў прапаведаваць сваё рэлігійнае вучэньне сярод чачэнцаў і падбухторыў іх супраць Расеі. Аддзел колькасьцю ў 2000 чалавек з 2 гарматамі на чале з палкоўнікам Дэ П’еры, пасланы для захопу Мансура й яго аднадумцаў, быў разьбіты 6 ліпеня 1785 году ля паселішча Алды. Сам П’еры загінуў. У ліку палонных апынуўся ад’ютант Пётр Багратыён.

Посьпех у гэтай бітве заахвоціў Мансура распачаць шэраг наступальных дзеяньняў супраць расейскіх умацаваньняў і станіцаў Каўкаскае лініі. Гарнізоны, што займалі ўмацаваньні ад Маздоку да Ўладзікаўказу, не былі ў стане засьцерагчы дарогу ў Грузію ад нападаў з боку чачэнцаў. З прычыны гэтага ў 1786 годзе толькі што збудаваныя ўмацаваньні (Пацёмкіна, Грыгарыпаль, Уладзікаўказ) былі пакінутыя й гарнізоны выведзеныя на лінію.

Асноўнымі сваімі мэтамі Мансур ставіў змаганьне з рабствам, фэўдаламі, кроўнай помстай, і ў цэлым, замену горскіх адатаў на мусульманскія законы шарыяту.

Рух Мансура, які распаўсюдзіўся сярод кабардынцаў і закубанцаў, хутка ахапіў увесь Паўночны Каўказ. Змаганьне з Мансурам і туркамі, якія зьявіліся да яго на дапамогу, падчас вайны 1787—1791 гадоў запатрабавала вялікіх высілкаў і каштавала Расеі шматлікіх ахвяраў.

Пасьля некалькіх удалых паходаў, а галоўнае — пасьля перамогі 30 верасьня 1790 году генэрала Германа над турэцка-горскім аддзелам турэцкага ары Батал-бэя на беразе Кубані, сілы Мансура былі зьнясіленыя й ён з апошнімі аддзеламі адышоў у занятую туркамі Анапу. 22 чэрвеня 1791 году, падчас штурму й узяцьця расейскімі войскамі Анапы, Мансур быў паранены й трапіў у палон.

Памёр у ссылцы ў Шлісэльбурскай крэпасьці (паводле іншых зьвестак — у Салавецкім манастыры[1]).

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Шейх-Мансур // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона : в 86 т. (82 т. и 4 доп.). — СПб., 1890—1907.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Шэйх Мансурсховішча мультымэдыйных матэрыялаў