Эфраімава пакаленьне

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Тэрыторыя Эфраімавага пакаленьня паказана сьветла-жоўтым колерам на цэнтральным захадзе гэтае мапы іншых пакаленьняў. Тэкст напісаны па-нямецку.

Эфраі́мава пакале́ньне — паходзіла, як падаецца ў Бібліі, ад малодшага сына Ёсіфа, які нарадзіўся ў Эгіпце. Пры падзеле Палестыны яно атрымала цэнтральную, багатую і ўрадлівую паласу зямлі ад ракі Ярдан да Міжземнага мора на поўнач ад Ерусаліма. Прасякнутае духам самабытнасьці і адчуваючы сваю сілу, яно ўступіла ў саперніцтва з Іудзіным пакаленьнем і пастаянна праяўляла свой сэпаратызм і гегеманізм, матывуючы тым, што зь яго асяродзьдзя паходзіў пераемнік Майсея і правадыр ізраільскага народа Ісус Навін, што ў іх уладаньнях знаходзіцца яго бацькаўшчына і месца пахаваньня. Нашчадкі Эфраіма, паводле біблейскіх паданьняў, адыгралі вялікую ролю ў гісторыі ізраільскага народа, прымалі ўдзел у вырашэньні яго гістарычнага лёсу. Менавіта зь іх асяродзьдзя паходзіў Самуіл, вядомы прарок і судзьдзя ізраільскі. Калі пасьля сьмерці цара Саламона яго дзяржава распалася на два царствы, палітычную вагу ў новаствораным Ізраільскім царстве набыло пакаленьне Эфраіма. Яно абрала царом прадстаўніка свайго племя Эраваама, а яго рэзыдэнцыяй зрабіла свой горад Самарыю, якая была сталіцай Ізраільскага царства да канца яго гістарычнага існаваньня.[1]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Скарына Ф. Творы:… С. 166.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Скарына Ф. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія / Уступ. арт., падрыхт. тэкстаў, камент., слоўнік А. Ф. Коршунава, паказальнікі А. Ф. Коршунава, В. А. Чамярыцкага. —Мн.: Навука і тэхніка, 1990. — 207 с.: іл. С.165. ISBN 5-343-00151-3.