Ł
Ł, ł — літара лацінскага альфабэту, што выкарыстоўваецца ў польскай, кашубскай, лужыцкіх мовах, у беларускай лацінцы, а зь неславянскіх моваў — у вэнэцыянскай, вілямовіцкай мове, у мовах наваха, інупяк, дэнэ сулінэ, догрыб.
У славянскіх мовах Ł пазначае гук, што ўзыходзіць да агульнаславянскага непаляталізаванага [l].
Упершыню пазначэнне цвёрдага і мяккага польскіх гукаў [l]/[l'] рознымі літарамі сустракаецца ў артаграфічным трактаце Якуба Пакашовіца, напісаным каля 1440 году (захаваўся ў сьпісах 1460—1470-х): для мяккага гуку ён прапанаваў літару ў выглядзе рукапіснага
, а для цьвёрдага — l з рыскай, што йдзе налева дагары (нешта падобнае да Ч); зрэшты, прыкладаў ужываньня такое артаграфіі не захавалася.
Пазначаць мяккі гук літарай L, а цьвёрды — перакрэсьленай Ł упершыню прапанаваў Станіслаў Забароўскі, які ў 1514—1515 надрукаваў у Кракаве кнігу «Orthographia seu modus recte scribendi et legendi Polonicum idioma quam ultissimus»; ён жа лічыцца "бацькам" польскае літары Ż, астатнія ж прапанаваныя ім напісаньні не прыжыліся, хоць сама ідэя выкарыстаньня для польскага пісьменства дыякрытычных знакаў замест зьмены формы ўласна літар таксама належыць яму. Першапачаткова Ł абазначала вэлярызаваны (цьвёрды) гук [ɫ][1], і такое вымаўленьне захавалася і ў цяперашні час на ўсходзе Польшчы[2] і ў мове польскай меншасьці ў Летуве, Беларусі, Украіне. Вымаўленьне гэтага гуку падобнае да вымаўленьня беларускага цьвёрдага Л. Да сярэдзіны XX ст. вымаўленьне цьвёрдага Ł зьяўлялася абавязковым для работнікаў радыё і тэлебачаньня, а таксама ў сцэнічнай мове, з-за чаго атрымала назву «ł aktorskie». У сучаснасьці ж польскае Ł пераважна пазначае гук /w/, блізкі да беларускага Ў або ангельскага W[3]. Гэтак ładny ("прыгожы, ладны") вымаўляецца як /ˈўадны/, słowo ("слова") - /ˈсўова/, і ciało ("цела") - /ˈч'аўа/. Разам з тым, старое вымаўленьне літары Ł (як беларускага [л]) у Польшчы зьяўляецца цалкам зразумелым, але ў большасьці рэгіёнаў лічыцца штучным.
Пры пісьме ад рукі перакрэсьліваньне літары Ł/ł замяняецца тыльдай над літарай.
У беларускай лацінцы літара Ł замяняе звычайную кірылічную Л.
У мове наваха Ł выкарыстоўваецца для пазначэньня безгалосага альвэалярнага лятэральнага фрыкатыўнага гуку [ɬ], падобнага да гуку валійскае мовы, які пазначаецца Ll.
У вэнэцыянскай Ł пазначае слабое (пераходзячае ў [e] і нават цалкам выпадальнае ў вымаўленьні) інтэрвакальнае [l]. Напрыклад, "la gondoła " можа вымаўляцца як "la gondola", "la gòndoa" ці "la gòndoea".
Літару Ł ужываюць таксама для запісу некаторых скандынаўскіх дыялектаў.
Кампутарны ўжытак [рэдагаваць]
Паводле Юнікоду, ł адпавядае U+0142, Ł - U+0141. У сыстэме LaTeX уводзіцца камандай \l.
Крыніцы [рэдагаваць]
Літаратура [рэдагаваць]
- Wiesław Wydra, Wojciech Ryszard Rzepka, Chrestomatia staropolska: Teksty do roku 1543. Wrocław — Warszawa — Kraków — Gdańsk — Łódź: Zakład narodowy im. Ossolińskich, 1984, стар. 298—300 і 315—317, здымак 38.
|
|||||