Ёда

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Ёда
Пэрсанаж «Зорных войнаў»
Раса невядомая
Родная плянэта невядомая
Належыць да джэдай
Стаць мужчынская
Рост 66 см
Валасы карычневыя, пасьля сівыя
Вочы карычневыя
Зброя кароткі сьветлавы меч зялёнага колеру
Здымкі
Актор Лялька, кампутарная графіка
Агучка Фрэнк Оз

Ё́да (896 ДБЯ — 4 ПБЯ; па-ангельску: Yoda) — пэрсанаж і адзін з галоўных герояў сусьвету «Зорных войнаў», наймацнейшы і наймудрэйшы джэдай. Фігуруе ва ўсіх фільмах франшызы, за выняткам IV эпізоду.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паходжаньне і раса Ёды невядомыя. Ён навучаўся джэдайскаму майстэрству ў майстроў, выхаваных непасрэдна ў традыцыі часоў Новых войнаў сытхаў(pl). Пасьля гэтага шмат стагодзьдзяў сам займаўся навучаньнем рыцараў-джэдаяў, разам з мабільнай акадэміяй Чу’унтар лётаў па галяктыцы ў пошуках новых адэптаў Моцы, пакуль карабель не разьбіўся на Датаміры.

З часам Ёда стаў наймагутнейшым і найстарэйшым джэдаем у галяктыцы, увайшоў у Раду джэдаяў на Карусанце, дзе працягваў трэніраваць падаванаў і маладзейшых адэптаў. Большасьць джэдаяў пэрыяду канцу старой рэспублікі на тым ці іншым этапе навучаньня праходзілі празь ягоныя рукі. Ёда навучаў найбольш магутных джэдаяў: графа Дуку, Мэйса Вінду, Кі-Адзі-Мундзі, Кіта Фіста і Люка Скайўокера.

У фільмах[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выслоўі Ёды на сьцяне храму джэдаяў на Дантуіне

На экране Ёда ўпершыню зьяўляецца ў V эпізодзе як настаўнік Люка Скайўокера, а ўвогуле фігуруе ва ўсіх фільмах франшызы, за выняткам IV эпізоду.

У «Атацы клонаў» Ёда выпраўляецца на плянэту Каміна з мэтаю ўзяць на ўзбраеньне Рэспублікі войска клонаў. На чале вялізнай арміі Ёда прыбывае на Геанозіс — прытулак сэпаратыстаў, — такім чынам распачынаючы клянічныя войны. Тут адбываецца ягоны паядынак з правадыром сэпаратыстаў Дартам Тыранусам, які сканчаецца уцёкамі сэпаратыста.

У заключнай фазе клянічных войнаў, прадстаўленай у III эпізодзе, Ёда з батальёнам клонаў выпраўляецца на родную плянэту вукаў — Кашыіік — дзеля каардынацыі дзеяньняў супраць сэпаратыстаў. Акурат у гэты час канцлер Палпатын уводзіць у дзеяньне загад 66, накіраваны на вынішчэньне джэдаяў, аднак Ёда здолеў ацалець, забіўшы пасланых да яго клонаў-асасынаў.

Пасьля ўтварэньня імпэрыі і паразы ў бітве з Палпатынам, у якой ён страціў свой сьветлавы меч, Ёда сыходзіць у падпольле на забагненую плянэту Дагоба. Тут у 3 року ПБЯ яго адшуквае Люк Скайўокер, прысланы духам Обі-Вана Кенобі дзеля навучаньня джэдайскаму майстэрству. Ёда працягвае ягонае навучаньне да ўласнага скону ў «Вяртаньні джэдая» ва ўзросьце 900 гадоў. Па сьмерці аб’яднаўся з Моцай і ператварыўся ў дух, які можа зьяўляцца жывым асобам, што прадэманстравана напрыканцы VI эпізоду.

Этымалёгія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле задумкі Лукаса, Ёда мусіць заставацца загадкавай асобаю, таму пра яго амаль нічога не вядома. Імя Ёды можа быць узята са старажытнае зямное мовы; так, на санскрыце «yoddha» азначае «жаўнер», а «yodea» на іўрыце — «той, хто ведае».

Мова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выклікае цікавасьць таксама своеасаблівая гаворка Ёды, багатая на разнастайныя інвэрсіі. На галяктычнай асноўнай мове ён размаўляе, выкарыстоўваючы парадак словаў «Аб’ект — суб’ект — дзеяслоў». Напрыклад, сябе ён характарызуе Люку Скайўокеру так:

« Памер значэньня ня мае. Паглядзі на мяне. Мяркуеш пра мяне па росьце ты? Га? Гм… А не павінен ты. Бо мой хаўрусьнік — Моц, і магутны хаўрусьнік гэта. »

—Ёда, «Зорныя войны: Імпэрыя наносіць удар у адказ»

Здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У першай трылёгіі ролю Ёды выконвала лялька, якою кіраваў і агучваў Фрэнк Оз. У першай сэрыі трылёгіі-прыквэла Ёда часткова быў анімаваны кампутарна, часткова выкананы лялькай. У наступных сэрыях ён ужо выключна згенэраваны кампутарна.

Узнагароды і адзнакі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • У 2008 року Ёда заняў 25 месца ў сьпісе найвялікшых кінапэрсанажаў усіх часоў і народаў, складзеным часопісам «Empire»[1].

Цікавосткі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Ёда ня браў удзелу ў «Новай надзеі», але ягонае імя згадвалася ў сцэнары.
  • Паводле задумкі Лукаса, Ёда павінен заставацца загадкаваю, нераскрытаю цалкам істотаю. Ягонае паходжаньне і мінулае забаронена апісваць ва ўсіх кнігах, мультфільмах, гульнях ды іншых твораў па матывах «Зорных войнаў».
  • Італійскія прыхільнікі «Зорных войнаў», асабліва дзеці, часта называюць Ёду «першым сардынцам» або «тым, хто гаворыць па-сардынску». Гэта тлумаччыца тым, што пры перакладзе фільмаў на італійскую мову манэра размовы Ёды вельмі нагадвала сардынскі акцэнт, які лічыцца ў Італіі дзіўным і нават бязглуздым.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Empire's The 100 Greatest Movie Characters(анг.). Empire Magazine.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Ёдасховішча мультымэдыйных матэрыялаў

  • Ёда ў афіцыйнай энцыкляпэдыі StarWars.com
  • Ёда(анг.) ў Вукіпэдыі — вікі-энцыкляпэдыі «Зорных войнаў»