Ёсіф Лянгбард

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ёсіф Рыгоравіч Лянгбард
Род дзейнасьці беларускі савецкі архітэктар
Дата нараджэньня 6 студзеня 1882
Месца нараджэньня Бельск, Бельскі павет, Гарадзенская губэрня, Расейская імпэрыя
Дата сьмерці 3 студзеня 1951
Месца сьмерці Ленінград, РСФСР
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак архітэктар
Узнагароды
ордэн «Знак Пашаны»
Заслужаны дзяяч мастацтваў Беларускай ССР

Ё́сіф Рыго́равіч Ля́нгбард (6 (18) студзеня 1882, Бельск, Гарадзенская губэрня, Расейская Імпэрыя — 3 студзеня 1951, Ленінград, РСФСР) — беларускі савецкі архітэктар габрэйскага паходжаньня, пэдагог.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Раньнія гады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў 1882 годзе ў мястэчку Бельск у сям’і Гірша Лянгбарда. Бацька бачыў будучыню для сына ў камэрцыі, аднак малы Ёсіф любіў маляваць.

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бліскуча скончыўшы мясцовую гімназію, ён паступае на архітэктурнае аддзяленьне Адэскай мастацкай вучэльні, а ў 1907 годзе перабіраецца ў Санкт-Пецярбург, дзе пасьпяхова вытрымлівае экзамэны ў Пецярбурскую акадэмію мастацтваў на архітэктурны факультэт. Сем гадоў працягвалася яго вучоба ў Пецярбургу, а архітэктура гораду моцна паўплывала на далейшую творчасьць архітэктара. Сярод настаўнікаў Лянгбарда быў слынны Аляксандар Памяранцаў (спраектаваў будынак ГУМа ў Маскве). Менавіта пад яго кіраўніцтвам Лянгбард у 1914 абараніў дыплёмны праект «Будынак дзяржаўнага савету».

Пачатак архітэктурнай дзейнасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У час Першай сусьветнай вайны Лянгбард працуе на фронце ў якасьці начальніка інжынэрнага атраду. Пад яго кіраўніцтвам ў гэты час паўстаюць земская ўправа ў Кастраме, сельскагаспадарчы музэй і тэатар мініяцюраў у Петраградзе. Па заканчэньні вайны ён робіцца выканаўцам працаў будаўнічай канторы пры аддзеле аховы здароўя ў Петраградзе.

1930-я[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У пачатку 1930-х Лянгбард атрымлівае першыя буйныя замовы на будаўніцтва ў Беларусі і Ўкраіне. Першым праектам, рэалізаваным Лянгбардам па прыезьдзе ў Менск, сталіцу БССР, стала будаўніцтва блізу 40 драўляных павільёнаў для Ўсебеларускай сельскагаспадарчай і прамысловай выставы. Пасьля гэтага яго запрашаюць да праектаваньня забудовы цэнтральнай часткі гораду. Лянгбард прапануе макеты трох будынкаў: Дом ўраду, Тэатар опэры і балету і Дом Чырвонай Арміі (сучасны Дом афіцэраў). Праект Дому ўраду быў падрыхтаваны і зацьверджаны ў 1929 годзе, а з 1930 па 1934 гады ён быў рэалізаваны. Перад ім быў пастаўлены помнік У. Леніну, распрацаваны Лянгбардам разам зь Ленінградзкім скульптарам М. Манізерам. За гэты ансамбль Ёсіф Лянгбард атрымаў званьне «заслужанага дзеяча мастацтваў БССР».

У 1935 годзе Лянгбарду было даручана распрацаваць праект Дому Саветаў ў Магілёве, куды неўзабаве меркавалася перанесьці сталіцу БССР. Будынак узводзіцца ў 19381940 гады. Пачынаючы з 1933, рэалізоўваюцца яшчэ два праекты архітэктара: Тэатар опэры і балету на месцы былога Траецкага кірмашу і Дом Чырвонай Арміі на падмурках колішняга архіерэйскага палацу. У 1935 годзе Лянгбард бярэцца за перапрацоўку праекту Акадэміі навук БССР, распрацаваны Г. Лаўровым.

1940-я[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пад час вайны працаваў над маскіроўкай будынкаў у Ленінградзе, жыў у Яраслаўскай вобласьці. У 1944 годзе вяртаецца ў разбураны Менск. Працаваў над плянамі рэканструкцыі Менску і Гомелю. У 1949 годзе за гэтую працу атрымаў «Ордэн Гонару». Разам з М. Бакланавым распрацоўваў праект кінатэатру «Перамога», скончанага ў 1950 годзе.

З 1935 па 1950 Ёсіф Лянгбард выкладаў ў Акадэміі мастацтваў у Ленінградзе. У 1939 абараніў доктарскую дысэртацыю па архітэктуры.

Памёр 3 студзеня 1951 году ў Ленінградзе.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ёсіф Лянгбард быў прыхільнікам вэртыкальных архітэктурных вырашэньняў. «Гарызантальная форма ўяўляецца як стан спячага альбо мёртвага чалавека, што адмоўна ўзьдзейнічае, — адзначаў ён. — Між тым як вэртыкальнае становішча ўвасабляе жыцьцё, бадзёрасьць і сілу, яно супрацьстаіць цяге да зямлі».

Па прафэсійных поглядах быў прыхільнікам крытычнага засваеньня і выкарыстаньня традыцыяў мінулага. У клясыцы лічыў вартым архітэктурную дысцыпліну, парадак, сувымернасьць асноўных формаў, імкнуўся разьвіваць простасьць і яснасьць кампазыцыйнага вырашэньня характэрныя для беларускай нацыянальнай архітэктуры. Наконт дэкарацыі фасаду меў наступнае меркаваньне: «Лепей ня ведаць, як упрыгожыць будынак, чым зрабіць у гэтым лішняе».

На практыцы былі рэалізаваныя 15 праектаў архітэктара, зь якіх 8 на Беларусі.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]