Іван Чыгрынаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Іван Чыгрынаў
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 21 сьнежня 1934
Вялікі Бор, Магілёўская вобласьць, БССР
Памёр: 5 студзеня 1996
Менск, Беларусь
Грамадзянства: Сьцяг СССРДзяржаўны сьцяг Беларусі
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці: пісьменьнік, драматург, перакладнік
Гады творчасьці: 19581996
Жанр: ваенная проза
Прэміі: Дзяржаўная прэмія БССР
Творы на сайце Knihi.com

Іва́н Гаўры́лавіч Чыгры́наў (21 сьнежня 1934 — 5 студзеня 1996) — народны пісьменьнік Беларусі, драматург, грамадзкі дзяяч. Аўтар раманаў «Плач перапёлкі» і «Апраўданьне крыві», якія апавядаюць пра трагічныя падзеі пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі. Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР. Кавалер Ордэну Дружбы народаў.

Зьмест

[рэдагаваць] Біяграфія

Іван Чыгрынаў нарадзіўся 21 сьнежня 1934 году ў вёсцы Вялікі Бор Касьцюковіцкага раёну Магілёўскай вобласьці[1] ў сям’і старшыні сельсавету[2]. У дзяцінстве перажыў Вялікую Айчынную вайну, на якой згубіў бацьку. Пасьля сканчэньня Вялікаборскай сямігадовай школы працягнуў навучаньне ў Саматэвіцкай сярэдняй школе, якая знаходзілася за восем кілямэтраў ад хаты. У той час, натхнёны творчасьцю Аркадзя Куляшова, Чыгрынаў упершыню пачаў публікаваць свае вершы ў газэтах.

У 1952 паступіў на аддзяленьне журналістыкі філялягічнага факультэту БДУ. Пасьля сканчэньня ўнівэрсытэту з 1957 па 1962 год працаваў у выдавецтве Акадэміі навук БССР. З 1965 году — рэдактар аддзелу публіцыстыкі часопіса «Полымя»[1]. У 1973 годзе далучыўся да КПСС. З 1975 зьяўляўся намесьнікам старшыні, а з 1976 году — сакратаром праўленьня Саюзу пісьменьнікаў БССР. У 1978 годзе удзельнічаў у працы XXXIII сэсіі Генэральнай асамблеі ААН у складзе дэлегацыі БССР[1].

З 1986 па 1990 год быў дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР. З 1987 году — старшыня праўленьня Беларускага аддзяленьня савецкага фонду культуры. З 1989 году — галоўны рэдактар часопісу «Спадчына».

Памёр 5 студзеня 1996 году. Пахаваны на Маскоўскіх могілках у Менску.

[рэдагаваць] Творчасьць

У друку дэбютаваў вершам у 1952, як празаік — у 1958 годзе ў моладзевай газэце «Чырвоная змена».

Аўтар кніг апавяданьняў і аповесьцей «Птушкі ляцяць на волю» (1965), «Самы шчасьлівы чалавек» (1967), «Ішоў на вайну чалавек» (1973), «Ці бываюць у выраі ластаўкі?» (1983), раманаў «Плач перапёлкі» (1972), «Апраўданьне крыві» (1977), «Свае і чужыя» (1984), «Вяртаньне да віны» (1992), «Ня ўсе мы згінем» (1996), п’есаў - «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» (1986), «Сьледчая справа Вашчылы» (1988), «Чалавек з мядзьвежым тварам» (1988), «Звон — не малітва» (1988), «Толькі мёртвыя не вяртаюцца» (1989), «Ігракі» (1989), «Прымак» (1994), кнігі крытыкі і публіцыстыкі — «Новае ў жыцьці, новае ў літаратуры» (1983), «Паміж сонцам і месяцам» (1994). У 1984 выйшлі Выбраныя творы ў 3 тамах.

Адзін з аўтараў сцэнару шматсэрыйнага тэлевізійнага фільма «Руіны страляюць…» (пастаўлены ў 1973).

[рэдагаваць] Узнагароды

Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1974) як суаўтар сцэнару тэлефільма «Руіны страляюць…». У 1994 атрымаў званьне Народнага пісьменьніка Беларусі.

Узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў (1984), срэбным мэдалём імя А. Фадзеева (1979) за раманы «Плач перапёлкі», «Апраўданьне крыві»; мэдалём Францішка Скарыны 1992.

[рэдагаваць] Крыніцы

  1. ^ a b c Чыгрынаў Іван // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А.К. Гардзіцкі. Нав.рэд. А.Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994.— 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.
  2. ^ Иван Гаврилович Чигринов // Советские писатели. Автобиографии. — Худ. лит. — М.: 1988 Т. 5. — С. 483−491. — 527 с. — ISBN 5-280-00412-X

[рэдагаваць] Літаратура

  • Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А.К. Гардзіцкі. Нав.рэд. А.Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994.— 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.
Асабістыя прылады
Прасторы назваў

Варыянты
Дзеяньні
Навігацыя
Удзел
Інструмэнты
На іншых мовах