Ігнат Грынявіцкі
Ігнат Грынявіцкі (1856 — 1 сакавіка 1881) — беларускі рэвалюцыянэр-нарадаволец. Нарадзіўся ў маёнтку Басін Бабруйскага павета ў сям’і дробнамаянтковай шляхты.
Студэнтам Пецярбурскага тэхналягічнага інстытуту (1875—1880) удзельнічаў у польска-беларускіх і расейскіх рэвалюцыйных гуртках, вёў прапаганду сярод рабочых, зьбіраў грошы палітычным вязьням, фабрыкаваў пашпарты рэвалюцыянэрам. З 1879 году чалец партыі «Народная воля». Адзін з заснавальнікаў яе беларускай фракцыі, нацыянальная праграма якой надрукавана ў 1884 годзе ў часопісе «Гомон» (№ 2).
У траўні 1880 году Грынявіцкі пакідае інстытут і, перайшоўшы на нелегальнае становішча, ператвараецца ў віленскага мешчаніна Ельнікава. Разам з А. І. Жалябавым, С. Л. Пяроўскай і іншымі ўваходзіць у цэнтральны нарадавольскі гурток прапагандыстаў. Адзін са стваральнікаў, аўтараў і наборшчыкаў нарадавольскай «Рабочей газеты», уключыў у выданьне газэты земляка А. С. Барэйшу. Уваходзіў у групу, якая ўсю зіму 1880—1881 гадоў сачыла за выездамі цара. 26 лютага 1881 году на кватэры Грынявіцкага адбыўся сход арганізатараў замаху на расейскага цара Аляксандра ІІ. Грынявіцкі стаў адным з 4 выканаўцаў, якім «Народная воля» даручыла тэрарыстычную апэрацыю. У сваім запавеце напісаў: «Аляксандар ІІ павінен памерці. Ён памрэ, а разам зь ім памрэм і мы, яго ворагі, яго забойцы… Гісторыя сьведчыць, што раскошнае дрэва свабоды вымагае чалавечых ахвяраў…»
1 сакавіка 1881 году бомбай, якую кінуў Ігнат Грынявіцкі, забіты цар Аляксандар II, а Грынявіцкі сьмяротна паранены.
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
- Гэты тэкст напісаны пры дапамозе матэрыялаў старонкі Гісторыя Беларусі. Асобы.