Іказьнь (вёска)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Іказьнь
лац. Ikaźń
Панарама: налева возера Іказьнь, направа вежы касьцёла Божага Цела
Панарама: налева возера Іказьнь, направа вежы касьцёла Божага Цела
Першыя згадкі: 1499
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Віцебская
Раён: Браслаўскі
Сельсавет: Цяцеркаўскі
Вышыня: 167 м н. у. м.
Насельніцтва: 295 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2153
Паштовы індэкс: 211971
СААТА: 2208892096
Нумарны знак: 2
Геаграфічныя каардынаты: 55°37′18″ пн. ш. 27°15′31″ у. д. / 55.62167° пн. ш. 27.25861° у. д. / 55.62167; 27.25861Каардынаты: 55°37′18″ пн. ш. 27°15′31″ у. д. / 55.62167° пн. ш. 27.25861° у. д. / 55.62167; 27.25861
Іказьнь на мапе Беларусі ±
Іказьнь
Іказьнь
Іказьнь
Іказьнь
Іказьнь
Іказьнь
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Іка́зьнь[1] — вёска ў Беларусі, на беразе возера Іказьні. Уваходзіць у склад Цяцеркаўскага сельсавету Браслаўскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 295 чалавек. Знаходзіцца за 15 км на ўсход ад Браслава, за 31 км ад чыгуначнай станцыі Мёры, на аўтамабільнай дарозе Браслаў — Мёры.

Іказьнь — даўняе мястэчка гістарычнай Браслаўшчыны (частка Віленшчыны), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Варыянты напісаньня назвы паселішча ў гістарычных крыніцах: Икажно, Кажня, Ыкажна, Иказно[2].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы пісьмовы ўпамін пра Іказьнь датуецца 1499 годам, калі навакольныя землі набыў сакратар вялікай княгіні Алены Іван Сапега. 25 сакавіка 1504 году вялікі князь Аляксандар дазволіў яму заснаваць у маёнтку замак, мястэчка і назваць апошняе «паводле свайго меркаваньня».

У пачатку XVI стагодзьдзя ў Іказьні збудавалі царкву, якую неўзабаве пераабсталявалі пад кальвінскі збор. У 1515 годзе мястэчка спалілі маскоўскія захопнікі, аднак Іказьненскі замак вытрымаў аблогу. У Інфлянцкую вайну ў 1561 годзе яны зноў спрабавалі здабыць замак. Польскі гісторык А. Гваньіні ў «Хроніцы Эўрапейскай Сарматыі» (2-я палова XVI стагодзьдзя) адзначаў, што «Іказьнь — замак мураваны і места драўлянае… ад Браслава за 2 мілі ляжыць».

Замак, з мапы 1613 г.

6 чэрвеня 1593 году ўладальнік Іказьні Леў Сапега фундаваў тут касьцёл Цела і Крыві Хрыста, пры якім адкрыліся школа і шпіталь. У 1627 годзе Ян Сапега ўнёс фундуш на царкву. На 1628 год у мястэчку было 5 дамоў пры Рынку і 80 вулічных; сярод насельнікаў 5 шаўцоў, 4 млынары, купец, кравец, рэзьнік.

У час вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай ў 1654 годзе Іказьненскі замак занялі маскоўскія, а ў 1655 годзе — швэдзкія войскі. Паводле падымнага рэестру 1690 году, у іказьненскіх уладаньнях ваяводы віленскага К. Я. Сапегі налічвалася 240 дымоў. У Вялікую Паўночную вайну Іказьнь моцна пацярпела ад ваенных дзеяньняў паміж прыхільнікамі Станіслава Ляшчынскага і Аўгуста Моцнага (страты ацэньваліся ў 50 тыс. флярынаў). На 1781 год у парафіяльнай школе было 14 вучняў, на 1782 год — 12.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Праект касьцёла, 1912 г.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Іказьнь апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Дзісенскім павеце Менскай, пазьней Віленскай губэрні. У 1800 годзе Іказьнь перайшла ў валоданьне старосты браслаўскага I. Бужынскага. У гэты час тут было 50 двароў, касьцёл, царква, плябаніі каталіцкая і вуніяцкая, карчма, млын, папскі двор.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Іказьнь занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Іказьнь абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР[3]. У 1919 годзе Іказьнь была адным з цэнтраў сялянскага паўстаньня на Дзісенскім павеце супраць бальшавіцкай улады («мяцеж зялёных»). Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году мястэчка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Перабродзкай гміне Браслаўскага павету. На 1931 год у Іказьні было 96 двароў, пачатковая школа, млын, дзейнічаў гурток Беларускага Інстытуту гаспадаркі і культуры.

У 1939 годзе Іказьнь увайшла ў БССР, дзе ў 1940 годзе стала цэнтрам сельсавету Браслаўскага раёну. Статус паселішча панізілі да вёскі. На 1971 год у Іказьні было 88 двароў[4], на 1994 год — 128[2], на 1997 год — 134. У 2000-я гады вёска атрымала афіцыйны статус «аграгарадку».

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XVII стагодзьдзе: 1628 год — каля 600 чал.
  • XVIII стагодзьдзе: 1800 год — 163 чал.
  • XIX стагодзьдзе: 1879 год — 541 чал. (270 муж. і 271 жан.)[5]
  • XX стагодзьдзе: 1931 год — 480 чал.; 1971 год — 268 чал.; 1994 год — 328 чал.; 1997 год — 325 чал.[6]; 1999 год — 329 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2005 год — 305 чал.[7]; 2010 год — 295 чал.

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Іказьні працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, бібліятэка, дом культуры.

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Касьцёл Божага Цела (1593)
  • Царква Сьвятога Мікалая (1500)

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7. (pdf) С. 128.
  2. ^ а б Шыдлоўскі К. Іказнь // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 478.
  3. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  4. ^ Шыдлоўскі К. Іказнь // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 479.
  5. ^ Wejssenhof J., Łopaciński A. Ikaźń // Słownik geograficzny... T. III. — Warszawa, 1882. S. 255.
  6. ^ БЭ. — Мн.: 1998 Т. 7. С. 190.
  7. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]