Інвэнтары

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Малюнак сядзібы ў Маёнтку Кавалеўшчына. Інвэнтар пачатку XVIII стагодзьдзя

Інвэнтары́ (ад лац. inventarium ― вопіс) ― вопісы шляхецкіх і іншых фэадальных уладанняў ў Беларусі, Летуве, Польшчы, Украіне, Вугоршчыне ў XVI — 1-ай палове XIX стагодзьдзяў. Найважнейшая крыніца па гісторыі маёмасных і аграрных адносінаў у Эўропе. Падзяляюцца на поўныя і кароткія.

Поўныя інвэнтары[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Звычайна складаліся з трох частак. Першая частка ўтрымлівала зьвесткі пра ўсе сядзібныя пабудовы, іх пляніроўцы; далей ішлі зьвесткі пра маёмасьць, даходы і крыніцы даходаў.

Другая частка ўтрымлівала зьвесткі пра воласьці з пазначэньнем вуліц гарадоў, мястэчак і вёсак, якія ўваходзілі ў шляхецкае ўладаньне. Падаваліся зьвесткі па кожным двары, па прысядзібных участках, колькасьці ворыўнай зямлі, колькасьці сенажацяў. У XVI — першай палове XVII стагодзьдзяў інвэнтары валасьцей вяліся па валоках, а дзе ня дзейнічала «Устава на валокі» ― па службах. У аснове «Ўставы на валокі» ляжаў абмер зямлі на стандартныя зямельныя ўчасткі ― валокі, якія станавіліся адзінкай абкладаньня павіннасьцямі (служба ― зямельны ўчастак, які знаходзіўся ва ўладаньні двух і болей дымоў). Пры кожнай валоцы пазначаліся пайменна ўсе сяляне, якія карысталіся яе доляй. У другой палове XVII—XVIII стагодзьдзяў праводзілася павалочна-падворныя інвэнтары, дзе ўжо ўлічваліся і сялянскія двары ― дымы[1].

У трэцяй частцы пералічваліся ўсе віды шляхецкіх павіннасьцяў, падаткі, іх памер і тэрміны выплат, умовы земле- і лесакарыстаньня.

У апошняй чвэрці XVIII стагодзьдзя інвэнтары ўжо давалі апісаньне кожнага двара, падзелаў і ўгодзьдзяў; уносіліся сямейнікі гаспадара з пазначэньнем узросту, часам ― батракі, пералічвалася скаціна.

Кароткія інвэнтары[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кароткія інвэнтары былі двух відаў. Першыя ўтрымлівалі інфармацыю пра шляхецкую гаспадарку ці пра воласьць.

Другія — берчакі ― пералічвалі сялянскую гаспадарку з пазнакай падзелу і чыншу (натуральнага і грашовага).

Кароткія інвэнтары праводзіліся па загадзе буйных шляхецкіх землеўладальнікаў для вызначэньня ўзаемаадносінаў зь іншымі землеўладальнікамі і насельніцтвам.

Інвэнтары дзяржаўных і царкоўных уладаньняў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Найбольшую цікавасьць маюць інвэнтары буйных дзяржаўных уладаньняў — каралеўскіх ці вялікакняжацкіх эканомій і старостваў, якія нярэдка зьмяшчаюць апісаньні дзясяткаў і соцень сельскіх пасяленьняў. Інвэнтары ўладаньняў царквы блізкія па структуры да інвэнтароў дзяржаўных уладаньняў.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Козловский П. Г. Магнатское хозяйство Белоруссии во второй половине XVIII в. ― Мн., 1974. (рас.)

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Улащик, Николай Николаевич. Введение обязательных инвентарей в Белоруссии и Литве  (рас.) // Ежегодник по аграрной истории Восточной Европы 1958 : матэрыялы сымпозіюму. — Таллин: Академия наук Эстонской ССР, 1959. — С. 256—277.
  • Шлосберг, Ефим Павлович. К вопросу об изменении феодальной ренты в Белоруссии XVII — XVIII веков (по данным инвентарей феодальных владений)  (рас.) // Ежегодник по аграрной истории Восточной Европы 1958 : матэрыялы сымпозіюму. — Таллин: Академия наук Эстонской ССР, 1959. — С. 105—127.
  • Маслюкоў, Т. В. Інвентар Лаўрышаўскага манастыра 1601 года // Гістарычна-археалагічны зборнік. — Мінск: Беларуская навука, 2020. — Т. 35. — С. 97—108. — ISSN 1728-0532.