Ёсіф Апанскі
| Ёсіф Казіміравіч Апанскі | |
| Род дзейнасьці | супрацоўнік савецкіх спэцслужбаў |
|---|---|
| Дата нараджэньня | 18 ліпеня 1897, |
| Месца нараджэньня | |
| Дата сьмерці | 7 чэрвеня 1927 |
| Месца сьмерці | |
Ёсіф Казіміравіч Апанскі (18 ліпеня 1897, Сталярышкі (Сталерышкес), Вількамірскі павет — 7 чэрвеня 1927, ст. Ждановічы) — супрацоўнік савецкіх спэцслужбаў. Намесьнік паўнамоцнага прадстаўніка АДПУ па Беларускай вайсковай акрузе і адначасова начальнік Беларускага аддзяленьня Галоўнага мытнага ўпраўленьня СССР.
З пачаткам Першай Сусьветнай вайны бежанцам патрапіў у Петраград, дзе вучыўся ў рэальным вучылішчы. Далучыўся да рэвалюцыйнага руху. Чалец РСДРП з 1916, пад час грамадзянскай вайны падпольна працаваў у Беларусі і Летуве. У 1919 чалец Віленскага ДК КП(б)ЛіБ, выканкама гарсавету, рэвтрыбуналу. Пасьля старшыня Мазырскага ўезнага рэўкаму.
У 1920 намесьнік начальніка асобага адзелу 16-й Беларуска-Летувіскай арміі. Гэта асобы аддзел сфармаваў справу і растраляў кіраўніка справамі па харчаваньні арміі Фабіяна Шантыра (першага мужа Зоські Верас)[1].
З 1922 у ЧК Петраградзкага ваеннай акругі, Пасьля ў Самары. У 1923 — начальнік Вышэйшай пагранічнай школы АДПУ ў Маскве. Маючы званьне камдзіва чытае курс «Пограндело и чекистская методика». У той самы час займае пасаду памочніка начальніка Аддзела пагранічнай аховы і старэйшага памочніка галоўнага інспэктара войск АДПУ.
У 1924 — намесьнік старшыні ГПУ БССР, намесьнік паўнамоцнага прадстаўніка АДПУ пры СНК СССР па Беларускай Вайсковай Акругі й адначасова з 1926 кіраўнік Беларускага аддзяленьня Галоўнага мытнага ўпраўленьня СССР.
[рэдагаваць] Праца ў БССР
Адзін з арганізатараў ліквідацыі эсэраўскага руху на Беларусі. Займаўся разгромам арганізацыіі Юркі Лістапада й выстаўленьнем пра правільны савецкі шлях Якуба Коласа. Дапытваў Пічэту адносна Лёсіка, Карскага і Доўнар-Запольскага[2].
Удзельнічаў у чэкісцкай апэрацыі «Сындыкат-2», а таксама ў захопе ў 1924 у Менску Барыса Савінкава — ён граў ролю гаспадара кансьпіратыўнай кватэры куды прывезьлі Савінкова. За гэта быў узнагароджаны Ордэнам Працоўнага Чырвонага Сьцяга БССР.
Сумесную п’янку з Апанскім апісаў Францішак Аляхновіч ў кнізе «У капцюрох ГПУ»: «Быў гэта бляндын у сярэдніх гадох, добра адкормлены, са сьвірлячым поглядам гепістага… Спазніўшыся, Апанскі наліў сабе адразу цэлую шклянку гарэлкі, выпіў яе адным махам і закусіў ікрой».
[рэдагаваць] Сьмерць
7 чэрвеня 1927 Апанскі разам з кіроўцай АДПУ Голубевым і двума іншымі супрацоўнікамі ГПУ ехаў на дрызіне са станцыі Радашковічы (каля вёскі Пятрышкі пагранічнікі затрымалі польскага шпіёна). А восьмай вечару, пры таямнічых абставінах каля чыгуначнай станцыі Ждановічы яна перакулілася — Апанскі і Голубеў загінулі на месцы, цяжка параненыя былі супрацоўнікі Карытаў і Федасеенка. Віну за аварыю ўсклалі на «контррэвалюцыю», а таксама на людзей, чые зямельныя надзелы прылягалі да чыгункі. Дзве сям’і Лукомскіх і Эйсмонтаў выслалі ў Архангельскую вобласьць[3].
Пахваны разам з кіроўцам на Вайсковых могілках у Менску. На помніку напісана, што «загінулі ад рукі контррэвалюцыі».
Яго прозьвішча было нададзена адной з вуліц Менску (у 1993 годзе вуліцы вярнулі назву Кальварыйская) і Мазыра.