Іпаці Пацей
| Іпаці Пацей | |
Іпаці Пацей |
|
Герб «Вага» |
|
| Кашталян берасьцейскі | |
| 1588 — 1592 | |
| Папярэднік: | Крыштап Зяновіч |
| Наступнік: | Рыгор Война |
| Біскуп уладзімерскі і берасьцейскі | |
| 1593 — 1613 | |
| Папярэднік: | Мялеці Храптовіч |
| Наступнік: | Яўхім Марахоўскі |
| II-і мітрапаліт кіеўскі, галіцкі й усяе Русі | |
| 1600 — 1613 | |
| Папярэднік: | Міхал Рагоза |
| Наступнік: | Язэп Руцкі |
| Асабістыя зьвесткі | |
| Нарадзіўся: | 12 красавіка 1541 Ражанка Берасьцейскага ваяводзтва |
| Памёр: | 18 ліпеня 1613 Уладзімер-Валынскі |
| Род: | Пацеі |
| Бацькі: | Леў Пацей Ганна Лаза |
| Жонка: | Ганна з Галаўнёў-Астрожацкіх |
| Дзеці: | Ян, Пётар, Крыштап, Аляксандра, Кацярына |
Іпаці Пацей (сьвецкае імя Адам; 12 красавіка 1541, вёска Ражанка Берасьцейскага павету, цяпер Польшча — 18 ліпеня 1613, Уладзімер-Валынскі, цяпер Украіна) — дзяржаўны й царкоўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага[1], багаслоў, пісьменьнік-палеміст.
Зьмест |
[рэдагаваць] Паходжаньне й сям’я
Паходзіў з праваслаўнага роду Пацеяў гербу «Вага», быў сынам падскарбія Льва Пацея й Ганны Лазы, якая пасьля сьмерці мужа каля 1550 выйшла замуж за кашталяна смаленскага Дамініка Паца. Такім чынам, стаў зводным братам ваяводы менскага Яна Паца. Быў ахрышчаны ў праваслаўе пад імем Адам.
Месцам нараджэньня лічыцца вёска Ражанка ў сёньняшнім Люблінскім ваяводзтве Польшчы. Аднак у той час гэтая вёска была ўладаньнем Галаўнёў-Астрожацкіх, І. Пацей, імаверна, у пасаг ад сваёй жонкі Ганны з Галаўнёў-Астрожацкіх. Менавіта ад таго часу Ражанка й сталася родавым гняздом Пацеяў[2].
У 1561 ажаніўся з Ганнай (памерла ў 1592), дачкой Хведара й Ганны з Адзінцэвічаў Галаўнёў-Астрожацкіх. Меў зь ёй 6 дзяцей, трох сыноў: Яна, Пятра й Крыштапа — і столькі ж дачок Аляксандру (Падгарадэнскую), Кацярыну (жонку Рафала Ляшчынскага) й яшчэ адну невядомую па імю.
[рэдагаваць] Жыцьцё да пострыгу
Быў узяты пад апеку князем Мікалаем Радзівілам Чорным, да якога пазьней перайшоў на службу сакратаром. Пад ягоным уплывам, верагодна, перайшоў у кальвінізм. Жыў пры двары князя ў Нясьвіжы, скончыў там кальвінскую школу, пасьля навучаўся ў Кракаўскім унівэрсытэце.
У 1566 прызначаны пісарам земскім берасьцейскім. У 1569 падпісаў акт Люблінскае вуніі, а ў 1573 — Варшаўскае канфэдэрацыі. Ад 1576 берасьцейскі земскі судзьдзя, у 1578—1580 падатковы інспэктар Берасьцейскага ваяводзтва. У 1578—1579 удзельнічаў у Інфлянцкай вайне. У 1588 прызначаны берасьцейскім кашталянам. Быў сэнатарам.
Каля 1574 вярнуўся ў праваслаўе. Актыўна ўключыўся ў рэлігійнае жыцьцё. Быў братчыкам Львоўскага брацтва, у 1592 стаў стваральнікам і фундатарам Берасьцейскага праваслаўнага брацтва, апекаваўся берасьцейскай брацкай школай. Уваходзіў у кола князя Канстантына Васіля Астроскага.
[рэдагаваць] Царкоўная дзейнасьць
У 1592 пасьля сьмерці жонкі пастрыгся ў манахі і прыняў імя Іпаці. У 10 траўня 1593 хіратанісаны на япіскапа Ўладзімерскага і Берасьцейскага.
Яшчэ будучы сьвецкай асобай, прыкладаў намаганьні да аб’яднаньня праваслаўя й каталіцтва, але ў адрозьненьні ад князя Астроскага задавольваўся яе лякальным (у межах Рэчы Паспалітай) варыянтам. У 1588 прасіў біскупа Бэрнарда Мацяёўскага падчас знаходжаньня Канстантынопальскага патрыярха Ерамея ІІ узьняць пытаньне пра вунію. У 1594 у Торчыне ў рэзыдэнцыі біскупа Мацяёўскага разам з Луцкім япіскапам Кірылам Тарлецкім склаў «Акт аб вуніі». У 1595 у Вільні выдаў свой першы праўнійны твор: «Унія, альбо выклад преднейшых артыкулов, ку з’едночэнью Греков с костелом Рымскім належащіх». 15 лістапада 1595 разам з Тарлецкім прыбыў у Рым з прапановамі да папы Клімэнта VIII. Дакумэнты пра вунію былі зацьверджаныя 21 студзеня 1596. Быў галоўным арганізатарам Сабору ў Берасьці ў кастрычніку 1596, на якім была абвешчаная царкоўная вунія.
Праявіў сябе актыўным прыхільнікам вуніі. Здолеў прыцягнуць на свой шмат сьвятароў і шляхецкіх сем’яў, але таксама прыбягаў у сваёй дзейнасьці да прымусу, як адміністрацыйнага, так і гвалтоўнага. За гэта быў двойчы выкліканы ў суд (у 1598 і 1600).
Надзяляў шмат увагі адукацыі. Спрабаваў ператварыць берасьцейскую праваслаўную школу ў духоўную сэмінарыю, прызначыўшы туды настаўнікам доктара багаслоўя Пятра Аркудзія. Запачаткаваў у 1599 падтрыхтоўку сьвятароў пры Сьвята-Траецкім манастыры ў Вільні, у 1601 заснаваў там сэмінарыю.
У 1600, стаўшы Кіеўскім мітрапалітам, узначаліў Уніяцкую Царкву ў Рэчы Паспалітай. Захаваў за сабой пасаду Ўладзімерска-Берасьцейскага япіскапа. У 1599 стаў таксама архімандрытам Кіева-Пячорскае Лаўры, аднак у 1603 быў кароль Жыгімонт Ваза адмяніў сваё ранейшае рашэньне. 3 сакавіка 1605 прызнаны адзіным законным кіраўніком Усходняе Царквы ў Рэчы Паспалітай. За месяц да таго атрымаў уладаньні Кіева-Пячорскае Лаўры, што знаходзіліся ў межах Вялікага княства Літоўскага.
У 1609 перамог уніяцкую апазыцыю, атрымаўшы ад караля ўнівэрсал на прызначэньне сьвятарамі толькі тых, хто атрымаў на гэта санкцыю ад мітрапаліта. У тым самым годзе 21 жніўня на яго быў зьдзейсьнены замах збоку віленскага праваслаўнага братчыка Івана Тупекі. У 1611 далучыў да вуніі Перамышальскую япархію. Удзельнічаў у заснаваньні Ордэну базылянаў.
Памёр 18 ліпеня 1613 ува Ўладзімеры-Валынскім, пахавалі мітрапаліта ў мясцовай катэдры.
[рэдагаваць] Літаратурная дзейнасьць
Аўтар шэрагу палемічных твораў, скіраваных у падтрымку Уніі й супраць яе апанэнтаў. Праявіў сябе таленавітым пісьменьнікам-палемістам. Пісаў па-беларуску й па-польску.
- Унія, альбо выклад преднейшых артыкулов, ку з’едночэнью Греков с костелом Рымскім належащіх (Вільня, 1595);
- Каляндар рымскіх навінаў (1596);
- Отпіс на ліст ніякого кліріка Острожского безіменного (1598—1599);
- Антырэсыс (1599 па-беларуску, у 1600 па-польску; скіраваны супраць твору Хрыстафора Філалета);
- Размова Берасьцейца з Братчыкам (1604);
- Уваскрэшаны Налівайка (1607);
- Ерасі, невуцтва і палітыка папоў і мяшчанаў віленскага брацтва (1608);
- Гармонія, альбо согласіе веры, сакраментов і церемоніей святое Восточное церкві с костелом Рымскім (1608).
- Kazania y Homilie męża bożego Niesmertelnej Slavy y Pamięci Hipacyusza Pocieja Metropolity Kijowskiego, Halickiego y calaey Rusi, Biskup Wlodzimierskiego y Brzeskiego.
- Respons Hipacyusza Pocieia Metropolity całey Rusi, Biskupa Włodzimierskiego y Brzeskiego, na List Melecyusza Patryarchi Alexandryiskiego.
Апроч таго, быў аўтарам шматлікіх лістоў да Канстантына Астроскага, Льва Сапегі й іншых. Ягонаму пяру належаць некалькі сотняў казаньняў, гутарак і павучэньняў. Першае выданьне 74 ягоных казаньняў было зробленае ў 1674 па-беларуску. Яны пад назовам «Казаньні й гаміліі» былі выдадзеныя Львом Кішкам ў Супрасьлі ў 1714. У 1772 зборнік быў перавыдадзены ў Пачаеве.
У 1605 І. Пацей апублікаваў знойдзены ім ліст кіеўскага мітрапаліта Місаіла (1475—1480), у якім выказвалася імкненьне праваслаўнага клеру да уніі з Рымам.
| Папярэднік Крыштап Зяновіч |
Кашталян берасьцейскі 1588—1592 |
Наступнік Рыгор Война |
| Папярэднік Мялеці Храптовіч |
Біскуп Уладзімерскі і Берасьцейскі 1593—1613 |
Наступнік Яўхім Марахоўскі |
| Папярэднік Міхал Рагоза |
Мітрапаліт кіеўскі, галіцкі й усяе Русі 1600—1613 |
Наступнік Язэп Руцкі |
[рэдагаваць] Крыніцы
- ^ Юрась Лаўрык. Пацей Іпацій // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 421.
- ^ Izabela M. Jabłońska. Włodawa: kalendarium dziejów. Część pierwsza 1243—1794 // Zeszyty Muzealne Muzeum Pojezierza Łęczyńsko-Włodawskiego we Włodawie. T. 12, 2004. S. 65.
[рэдагаваць] Літаратура
- С. А. Падокшын. Іпацій Пацей: царкоўны дзеяч, мысліцель, пісьменнік на пераломе культурна-гістарычных эпох. — Мн.: Беларуская навука, 2001. — 118 с. ISBN 985-08-0393-2.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — 592 с.: іл. ISBN 985-11-0141-9.
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
Іпаці Пацей — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Нарадзіліся 12 красавіка
- Нарадзіліся ў 1541 годзе
- Асобы па альфабэце
- Памерлі 18 ліпеня
- Памерлі ў 1613 годзе
- Пацеі
- Кіеўскія ўніяцкія мітрапаліты
- Выбітныя асобы Берасьця
- Уладзімера-берасьцейскія праваслаўныя япіскапы
- Уладзімерскія і берасьцейскія ўніяцкія біскупы
- Кашталяны берасьцейскія
- Беларускія літаратары
- Перайшлі з праваслаўя ў кальвінізм
- Перайшлі з праваслаўя ў каталіцтва
- Перайшлі з кальвінізму ў праваслаўе
- Памерлі ў Уладзімеры-Валынскім