Ісак Гурвіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Гурвіч.
Ісак Гурвіч
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 15 (27) красавіка 1860
Памёр: 9 ліпеня 1924(1924-07-09) (64 гады)
Партыя:
Адукацыя:

Іса́к Аро́навіч Гу́рвіч (псэўданімы — Іцхок-Айзэк-бэн-Арыя-Цьві-Галеві, Мойрэ Невухім; 14 красавіка 1860, Вільня — 9 ліпеня 1924, Нью-Ёрк) — эканаміст, публіцыст, выдавец.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся 15 красавіка 1860. У 1877 скончыў Менскую гімназію, падчас вучобы ў якой увайшоў у гурток народніцкай арганізацыі «Зямля і воля». У 1877—1878 вучыўся ў Мэдычна-хірургічнай акадэміі, пасьля на юрыдычным факультэце Санкт-Пецярбурскім унівэрсытэце (1878—1879). У 1879 арыштаваны па справе падпольнай друкарні; выключаны з унівэрсытэту.

Знаходзіўся ў зьняволеньні каля року. Высланы ў Менск пад нагляд паліцыі. Удзельнічаў у стварэньні менскай друкарні арганізацыі «Чорны перадзел». Арыштаваны ў 1880; сасланы на 4 гады ў Сыбір. Знаходзячыся ў ссылцы, вывучаў перасяленчы рух сялянаў у Сыбір; вынікі дасьледаваньняў апублікаваў у працах «Эканамічныя пытаньні Сыбіры» і «Перасяленьні сяляняў у Сыбір».

У 1885 вярнуўся ў Менск, узначаліў гурток друкарскіх рабочых. Здаў экстэрнам іспыты ў Дзямідаўскім юрыдычным ліцэі на ступень кандыдата па праве (1887). Пад уплывам прац Г. Пляханава заняў марксысцкія пазыцыі. У 1889 з-за пагрозы арышту эміграваў у ЗША.

У Нью-Ёрку выдаваў газэту на расейскай мове «Прогресс». У той самы час супрацоўнічаў з амэрыканскім і ангельскім выданьнямі часопісу «Free Russia», які выдаваўся расейскімі палітэмігрантамі Л. Б. Гольдэнбергам і Ф. В. Валхоўскім.

У 1891 абараніў доктарскую дысэртацыю «Эканамічнае становішча расейскай вёскі» (апублікаваў яе ў 1892 у Нью-Ёрку); узначаліў катэдру статыстыкі коледжа ў Чыкага, але з-за левых поглядаў быў пазбаўлены катэдры і званьня прафэсара.

У 1894—1900 займаўся адвакацкай практыкай, з 1900 року на дзяржаўнай службе ў Вашынгтоне.

Адначасна ўдзельнічаў у стварэньні і рэдагаваньні часопісаў «The Class Struggle» і «The Revolutionary Age», актыўна супрацоўнічаў у амэрыканскім жыдоўскім сацыялістычным друкі («Social-Demokraten», «Ur Dagens Kronika»). Быў актывістам прафсаюзнага руху; уступіў у Амэрыканскую сацыялістычную партыю. Пасьля абвяшчэньня Маніфэста 17 кастрычніка 1905 вярнуўся ў Беларусь; у 1906 абраны дэпутатам ІІ Дзярждумы ад Менску. Аднак пасьля таго, як вынікі выбараў былі ануляваныя ўладамі, зноў выехаў у ЗША.

Пасьля адкрыцьця ў Менску БДУ падарыў унівэрсытэту сваю бібліятэку (некалькі тысячаў тамоў).

Памёр 9 ліпеня 1924 року[1] ў Нью-Ёрку[2].

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ David Wolfson and Rachel S. Harrison (ed.), "Guide to the Papers of Isaac A. Hourwich (1860-1924), 1882-1924," New York: YIVO Institute for Jewish Research, 2011.
  2. ^ Hourwich, Isaac // Who Was Who in America. Vol. I. 1897—1942. Chicago, 1962. Р. 591.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.