Ісус Хрыстос
Ісус Хрыстос (паміж 7 і 2 да н. э. — паміж 26 і 36 н. э.), яшчэ вядомы як Ісус Назарэйскі — цэнтральная асоба хрысьціянства, шанаваны большасьцю хрысьціян у якасьці ўвасабленьня Бога ў чалавеку. Акрамя гэтага зьяўляецца важнай асобай і ў некаторых іншых рэлігіях. Галоўнай крыніцай інфармацыі пра Хрыста і яго вучэньні зьяўляюцца чатыры Эвангельля. На погляд стваральнікаў нікейскага хрысьціянскага веравучэньня Хрыстос — другая асоба Тройцы, Бог Сын і чалавек, сумяшчаючы ў сябе прыроду боскую і чалавечую, поўнасьцю Бог і поўнасьцю чалавек, які прыйшоў выратаваць чалавецтва ад грахоў і прымірыць яго з Богам. Монафізыты прызнаюць толькі боскую прыроду Хрыста і не прызнаюць чалавечай.
Каталіцкая традыцыя на Беларусі выкарыстоўвае напісаньне Езус Хрыстус (ад лац. Iesus Christus).
Зьмест |
[рэдагаваць] Паходжаньне і значэньне імя
Імя «Ісус» уяўляе сабой беларускае вымаўленьне грэцкага Ἰησοῦς (Iēsous), якое ў сваю чаргу зьяўляецца грэцкай формай жыдоўскага יהושע (Yehoshua) ці арамейскага ישוע (Yeshua), азначаючага «Гасподзь ратуе».
Слова «Хрыстос» не зьяўляецца імем у чыстым выглядзе, а ўяўляе сабой эпітэт — «Памазаньнік», ці «Мэсія». Пайшло з грэцкага Χριστός (Christós), якое зьяўляецца перакладам з Іўрыту משׁיח (Маши́ах) і з арамейскага משיחא (Меши́ха). Эпітэт «Памазаньнік» выкарыстоўваўся ў дачыненьні да цароў ці сьвятароў. Пастанова першых на трон і другіх на сьвятарства праводзілася ў Ізраілі праз ўрачыстае памазаньне ялеем.
[рэдагаваць] Хрысьціянскае бачаньне Хрыста
Хрысьціяне вераць, што Ісус зьяўляецца Сынам Божым, Сынам чалавечым (так ён сам сябе называў, паводле эвангелістаў), Ягнём міру, абяцаным Мэсіяй, грунтуючыся на розных прароцтвах Старога Запавету. З пункту гледжаньня хрысьціянскага багаслоўя, гэтыя прароцтвы кажуць пра час прыхода Мэсіі, пра яго місію, сьмерць і ўваскрэсеньне. Напрыклад, лічыцца што Быц.49:10 указвае на тое, што Мэсія прыйдзе да зьнішчэньня дзяржаўнасьці Юдэі, лічыцца таксама, што ў Дз.9:25 указваецца дакладны час прыйсьця Хрыста, лічачы ад указу аб аднаўленьні Ерусаліму, а ў наступных двух вершах прадказваецца зруйнаваньне Іерусаліму і храму пасьля сьмерці Мэсіі. Кніга Ісаі тлумачыцца як прароцтва аб Мэсіі, уключаючы нараджэньне ад Дзевы Марыі, пакутнай сьмерці і аб другім прышэсьці. Разьдзел 53 кнігі найбольш вядомы. Ён распавядае пра пакуты і сьмерць Мэсіі. Згодна з гэтым, у Новым Запавеце жыцьцё Ісуса Хрыста апісана як спаўненьне гэтых прароцтваў і прыводзяцца шматлікія цытаты з іх як эвангелістамі, так і самім Хрыстом.
Згодна з пастановай IV Усяленскага Сабору, ува Хрысьце Бог зьяднаўся з чалавечай прыродай, то бок ува Хрысьце прызнаюцца дзьве прыроды (боская і чалавечая), але адна Асоба (Бог-Сын). Пры гэтым ані прырода Бога, ані прырода чалавечая ня зьведалі ніякага зьмяненьня, але засталіся па-ранейшаму паўнавартаснымі. Распусная звычайная чалавечая існасьць (уключая ў сябе дух, душу і цела) Хрыстос сваімі хрэснымі пакутамі аднавіў (вярнуў у спракаветны райскі стан), загоіў і абогатварыў (бясконца наблізіў да Бога). Хрыстос роўны Богу Айцу і Духу Сьвятому па боскасьці і, пры гэтым, роўны ўсім людзям па чалавечай прыродзе.
Сам жа Хрыстос характарызаваў сябе так: «Я — і шлях, і праўда, і жыцьцё» (Ян.14-6), а таксама — «альфа і амега, пачатак і канец» (Ад.1:8), хлеб нябесны, сьвет міру, пастыр добры, судзьдзя і г. д.
[рэдагаваць] Жыцьцеапісаньне
[рэдагаваць] Нараджэньне
- Асноўны артыкул: Нараджэньне Хрыстовае
Паводле хрысьціянскага веравызнаньня, зьяўленьне Ісуса — выкананьне даўняга прароцтва пра Мэсію — Сына Боскага; Ісус был беззаганна народжаны ад Сьвятога Духа Паннай Марыяй, у горадзе Бэтлеем (Біблія, Мц, 2:1), дзе яму прыйшлі пакланіцца тры вешчуны як будучаму юдэйскаму цару. Па нараджэньні Ісус быў зьвезены бацькамі ў Эгіпет (Біблія, Мц, 2:14). Па сьмерці цара Ірада Ісус са сваімі бацькамі вярнуўся ў Назарэт.
Большасьць хрысьціянскіх канфэсіяў спавядае беззаганнае зачацьце Хрыста (ад Сьвятога Духа) і лічыць звышнатуральным не адзін засьнітак, але й нараджэньне Ісуса, цалкам бязбольнае, пры якім ня была парушаная цнатлівасьць Панны Марыі.
Дата нараджэньня Ісуса Хрыста вызначаная прыкладна. Найранейшым звычайна называецца 12 рок да н. э. (рок мінаньня каметы Галея, якая, паводле некаторых меркаваньняў, магла быць т. зв. Бэтлеемскай зоркай), а самым позьнім — 4 рок да н. э. (рок сьмерці Ірада Вялікага).
[рэдагаваць] Абразаньне і Стрэчаньне
- Асноўны артыкул: Стрэчаньне
Паводле Эвангельля Лукі, у адпаведнасьці са старазапаветнай традыцыяй, на восьмы дзень ад нараджэньня немаўляці абрэзалі і далі яму ймя Ісус, як наказаў анёл яшчэ да ягонага засьнітку ў чэраве.
40-дзённым дзіцем Ісус быў прынесены бацькамі ў Ерусалімскі храм для правядзеньня абраду ахвярапрынашэньня дзьвюх галубак або двух галубіных птушанятаў, якія азначалі, што кожны першынец-немаўля мужчынскага полу прысьвячаецца Госпаду (Лк, 2:22-24). Насустрач выйшаў стары па ймю Сімяон, сустрэў Марыю й Язэпа зь Ісусам на руках, зьвярнуўся да іх з прарочымі словамі.
Пасьля таго, як Сімяон Богапрымец вымавіў блаславеньні, старая Ганна Прарочыца, што знаходзілася ля храму, таксама славіла Госпада і казала пра Яго ўсім, хто чакаў збавеньня ў Ерусаліме (Лк, 2:38).
[рэдагаваць] Дзяцінства і прафесія
У Эвангельлях ад Лукі і ад Мацвея, дзяцінства Ісуса вызначаецца як горад Назарэт у Галілеі. Язэп, мужа Марыі, згадваецца ў сувяззі ў апісаньнем дзяцінства Ісуса, ў далейшым няма ніякіх згадак пра яго. У кнігах Новага Запавету: Эвангэлля ад Матфея, Марка і Галатаў згадваюцца браты і сёстры Ісуса, але грэцкае слова "адэлфас", якое выкарыстоўваецца ў гэтых вершах, адначасова перакладаецца як брат ці сваяк.
У Лук. 2:41-52 апісваецца інцыдэнт з дзяцінства Ісуса, калі ён быў знойдзены бацькамі ў храме, вучачы сьвятароў, пасьля таго, як Яго страцілі на шляху ў Назарэт. Пошукі ў Храме з'яўляюцца апошняй падзеяй з ранняга дзяцінства Ісуса і да хрышчэньня Ен не згадваецца ні ў адным з кананічных Эвангелляў.
У Эвангеллі ад Марка 6:3 Ісус названы "тэктон" (τέκτων па-грэцку),што, як правіла, разумеецца цесляром. Мацв. 13:55 кажа, што Ен быў сынам тектона,што традыцыйна перакладаецца як "цясляр", але гэта даволі абагульнае слова (ад таго ж кораня, што прыводзіць да «тэхнічны» і «тэхналегія»), якое магло б ахопліваць стваральнікаў аб'ектаў у розных матэрыялаў, нават будаўнікоў. Акрамя Новага Запавету, асацыяцыя прафесіі Ісуса з дрэваапрацоўкай шмат разоў з'яўляецца ў традыцыйнай літаратуры першага і другога стагоддзяў. Яўсьцін Пакутнік (памер каля 165) піша, што Ісус рабіў ярма і плугі.
[рэдагаваць] Хрышчэньне
- Асноўны артыкул: Хрышчэньне Гасподняе
Паводле Эвангельля, прыкладна ў 30-гадовым узросьце (Лк, 3:23) Ісус выйшаў на грамадзкае служэньне, якое пачаў з прыняцьця хрышчэньня ад Яна Хрысьціцеля на рацэ Ярдан.
Пасьля хросту (Марк у сваім Эвангельлі ставіць акцэнт, што гэта адбылося неадкладна пасьля хросту) Ісус Хрыстос пад кіраваньнем Духам, выдаліўся ў пустэльню, каб у адзіноце, малітве і посьце падрыхтавацца да выкананьня місіі, зь якой прыйшоў на зямлю. Цягам сарака дзён Ісус быў спакушаны д’яблам і нічога ня еў, а па сканчэньні гэтага тэрміну згаладаў. Тады да Ісуса прыступіў д’ябал і трыма спакушэньнямі паспрабаваў падбухторыць на грэх. Вытрымаўшы ўсе спакусы, Ісус пачаў свае пропаведзі і служэньне.
[рэдагаваць] Ісус у масавай культуры
- «Ісус Хрыстос — супэрзорка» — кінафільм 1973 году, зьняты па аднайменным мьюзікле Эндру Лойда Ўэбэра (у ролі Ісуса — Тэд Нілі)
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
Ісус Хрыстос — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
| Гэта — накід артыкула па рэлігіі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |