Ў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
У нескладовае
У нескладовае
Кірыліца
А Б В Г Ґ Д Ђ
Ѓ Е Ё Є Ж Ѕ З
И І Ї Й Ј К Л
Љ М Н Њ О П Р
С Т Ћ Ќ У Ў Ф
Х Ц Ч Џ Ш Щ Ъ
Ы Ь Э Ю Я
Састарэлыя літары
Ҁ Ѹ Ѡ Ѿ Ѻ Ѣ ІА
Ѥ Ѧ Ѫ Ѩ Ѭ Ѯ Ѱ
Ѳ Ѵ Ѷ

Ў, у нескладовае ([w]) — 22-я літара беларускага кірылічнага альфабэту, якая адсутнічае ў іншых кірылічных славянскіх альфабэтах, хоць літара наяўная ва ўкраінскай мовазнаўчай літаратуры[1], а таксама ўжываецца ў некалькіх мовах народнасьцяў былога СССР, для якіх савецкімі мовазнаўцамі былі распрацаваныя варыянты кірылічнай азбукі (узбэцкая, дунганская, асэтынская, эскімоская мовы).

Гук [ў] уяўляе сабой звонкі лабіявэлярны паўгалосны гук (анг. voiced labiovelar semivowel)[a].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лічыцца, што падставаю зьяўленьня гуку [ў] на месцы этымалягічнага [в] (кроў, праўда) была наяўнасьць у старабеларускіх дыялектах губна-губнога [w] супраць губна-зубнога [в] (або [v]) у расейцаў і палякаў, а прычынаю — заняпад рэдукаваных [ъ], [ь][2][3]. Цяжка сказаць, калі адбыўся дадзены пераход, але ўжо ў грамаце 1229 году пісалася: оутвєрдять; уzдоумалъ; оу риzє; оу роусе; оустоко (усток); оу смольнєскь; оуzяти; наоуспять і г.д.[4][5]

Даўней [у] пісалася амаль так, як і прынята ў сучаснай беларускай мове — пасьля зычных — у складовае: будучи дей у мене (Акты, 1600 г.), а пасьля галосных в замест у нескладовага: добре в парсуну познавши (Акты, 1569 г.); злого вмыслу (Акты, 1569 г.)[6].

Прыклад ужываньня літары ў у «Русалцы Днестровай»
Ф. Багушэвіч, «Немец» — гук [ў] пазначаны літарай ŭ

Графічна літара ў паходзіць ад зьядняньня іжыцы з брэвісам (Іереѵ̆ская власть, пучина Егеѵ̆ская і да т. п.), выкарыстоўванай у некаторых старабеларускіх выданьнях XVI-га — пачатку XVII-га стагодзьдзя. Пазьней гэты сымбаль ужываўся ў румынскай кірыліцы, адкуль яе ў 1837 годзе запазычылі складальнікі зборкі ўкраінскай паэзіі «Русалка днѣстровая». У прадмове аўтары, між іншым, пісалі[7]:…мы прынялі сэрбскае џ… і валоскае ў… У гэтай кнізе ў выкарыстоўвалі, у асноўным, на месцы этымалягічнага [л], там, дзе гэты гук ужо ператварыўся ў гук [ў] ва украінскай мове)[b].

Упершыню ў сучаснай беларускай мове літара ў зьявілася напрыканцы XIX стагодзьдзя, у лацінкавай форме — ŭ. Яна ўжытая ў кракаўскім выданьні Францішка Багушэвіча «Dudka Białaruskaja» 1891 году[8]. Перад Багушэвічам, у новай беларускай літаратуры, для пазначэньня адпаведнага гуку таксама мелі месца спробы выкарыстаньня розных варыянтаў графікі: курсіўнае u у Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, у вершаванай брашуры Яна Чачота «Da milych mužyczkoú», якая была выдадзеная ў 1846 годзе, літара выглядала як u з рыскай — ú. Звычайная u на месцы нескладовай зьмешчана ў публікацыях Кастуся Каліноўскага 1862–1863 гадоў. Сустраканыя таксама варыянты u з гачыкам (ǔ)[8]. W з брэвісам () выкарыстоўваў Браніслаў Эпімах-Шыпіла (1889). І толькі ў Багушэвіча літара набывае свой сучасны выгляд — ŭ.

Пазьней з лацінкі гэтая літара патрапіла ў беларускую кірыліцу. У 1870 годзе выкарыстоўваць камбінацыю у з брэвісам як адпаведнік лацінкавай ŭ для беларускай мовы прапанаваў расейскі дасьледчык фальклёру Пётар Бяссонаў[8]. Сярод раньніх выпадкаў ужываньня кірылічнай літары ў — апублікаваная у Санкт-Пецярбургу ў 1895 годзе брашура зь вершам — A.J. (Александр Ельский) «Сынокъ! Расказъ зъ праўдзиваго здарэньня… 1895 року». Ёсьць літара ў і ў пасьмяротным выданьні Янкі Лучыны «Вязанка» (1903). Да 1907 году ў пачало ўжывацца ў беларускай кірыліцы больш-менш пасьлядоўна.

У першай трэці XX-га, у сувязі з правядзеньнем палітыкі беларусізацыі ў БССР, вакол правапісу беларускай мовы вяліся працяглыя дыскусіі, сярод іншых, ставілася пытаньне наконт мэтазгоднасьці пазначэньня ці не пазначэньня на пісьме літары ў. Супраць пазначэньня скарачэньня на пісьме літары выказваўся, у прыватнасьці, Язэп Лёсік. У выніку правапісная камісія 1926 году пастанавіла: не пазначаць у пісаньні пазыцыйнага чаргаваньня і/й (даволі й гэтага -> даволі і гэтага), але пазначаць чаргаваньне у/ў (за выняткам пазычаных слоў ды ўласных найменьняў)[9]. Гэтыя пастановы ў 1933 годзе былі ўнесеныя ў новы правапіс, т.зв. «наркамаўку».

Ужываньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля галосных літара у заўсёды пераходзіць у літару ў: хлеб увесь — хлеб зьелі ўвесь; улез у хату — увайшлі ў хату. Літара ў можа знаходзіцца на пачатку, у сярэдзіне і ў канцы слова: праўда, даў, воўк, поўны, доўга, ішоў, быў, на ўлоньні. Гук [ў] пішацца і вымаўляецца замест гуку [в] пасьля галосных перад зычнымі: галава — галоўка. У адпаведных выпадках гук [ў] пераходзіць таксама ў гук [л]: казала — казаў; падобныя пераходы адзначаюцца і на ўзроўні праславянскай этымалёгіі (напрыклад, пр.-слав. *vьlkъ > воўк). Літара ў не ўтварае самастойнага складу, таму й завецца — у нескладовае (або у кароткае). У пазыцыі пасьля галоснага гуку можа ўтвараць з гэтым гукам дыфтонг, у якім гукавае значэньне літары ў пазначаецца сымбалем [u̯].

Літара ў этымалягічна зьяўляецца пасьля галосных пры чаргаваньні:

  • у з ў;
  • в з ў;
  • л з ў.

Чаргаваньне у з ў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Чаргаваньне у з ў адбываецца (за выключэньнем некаторых выпадкаў):

  • на пачатку слова, незалежна ад яго паходжаньня: ва ўнівэрсытэце, сонца ўзімку, ледзьве ўчуў;
  • у сярэдзіне слова, незалежна ад яго паходжаньня: клоўн, каўчук, аўдыякасэта, па-ўдарнаму;
  • пасьля злучка ці двукосься: паўночна-ўсходні, пачуў «будзь ласкавы» ўпершыню, па-ўкраінску.
  • літараю ў, у клясычным правапісе беларускай мовы, калі-некалі пазначаюць гук [w] у іншамоўных запазычаньнях[10]: тўітэр, Франсўа.

Чаргаваньне не адбываецца ў клясычным і акадэмічным правапісах беларускай мовы[11][12][c]:

у акадэмічным правапісе сьпіс выключэньняў дапаўняецца наступнымі выпадкамі[12]:
  • на пачатку ўласных імёнаў і назваў: кніга Уладзімера, ва Узбекістане;
  • на канцы нязьменных запазычаных слоў: ноу-хау, шоу, фрау;
  • у запазычаных словах, якія канчаюцца на -ум, -ус, і вытворных ад іх: прэзідыум, кансіліум, соус, страусіны.

Чаргаваньне в з ў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Чаргаваньне адбываецца ў большасьці славянскіх і неславянскіх слоў: лаўка, кроў, маўр, Аўрора.

Чаргаваньне л з ў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Чаргаваньне адбываецца ў большасьці славянскіх слоў і некаторых неславянскіх словах: воўк, моўчкі, паўмэтры.

Распаўсюджаньне ў іншых кірылічных альфабэтах[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ў прысутнічае таксама ў некаторых неславянскіх кірылічных альфабэтах.

  • Выкарыстоўваецца ў дунганскім альфабэце, ўведзеным у 1953 годзе.
  • Выкарыстоўваецца ў альфабэце эскімосаў.
  • Выкарыстоўваецца ў ніўскім кірылічным альфабэце, уведзеным у канцы 1970-х гадоў.
  • Раней ужывалася ва ўзбэцкім альфабэце, дзе пазначала гук [o][13]; у сучаснай узбэцкай лацінцы ёй адпавядае літара o‘.
  • Да лацінізацыі 1923 году ўжывалася для запісу асэцінскіх тэкстаў (так званая «шэгрэнаўская азбука») — у прыватнасьці, у першай асэцінскай газэце «Ірон газэт» (1906) .
  • У 1961—1964 гадах (у Карачаева-Чаркесіі да 1970-х) выкарыстоўвалася ў карачаева-балкарскім кірылічным альфабэце.
  • У 1989 годзе плянавалася ўвесьці літару ў у татарскі альфабэт.

Помнік[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Помнік у гонар літары ў Полацку

У верасьні 2003 году падчас дзясятых сьвяткаваньняў «Дня беларускага пісьменства» полацкія гарадзкія ўлады ўстанавілі ў найстарэйшым месьце Беларусі помнік у гонар гэтай унікальнай літары[14]. Першапачатковая ідэя помніка належыць беларускаму каліґрафу прафэсару Паўлу Семчанку, які шмат гадоў вывучае мастацкія шрыфты.

Беларуская раскладка клявіятуры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Стандартная раскладка беларускай клявіятуры мае выгляд[15]:

Табліца кодаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кадыроўка Рэгістар Дзесятковы код Шаснаццатковы код Васьмярковы код Двайковы код
Юнікод
(маналітны)
Вялікая 1038 040E 002016 00000100 00001110
Маленькая 1118 045E 002136 00000100 01011110
Юнікод
(раскладанне)
Вялікая 69403398 0423 0306 00410601406 00000100 00100011 00000011 00000110
Маленькая 71500550 0443 0306 00420601406 00000100 01000011 00000011 00000110
ISO 8859-5 Вялікая 174 AE 256 10101110
Маленькая 254 FE 375 11111110
KOI 8
(нек. вар.)
Вялікая 190 BE 276 10111110
Маленькая 174 AE 256 10101110
Windows 1251 Вялікая 161 A1 241 10100001
Маленькая 162 A2 242 10100010

У HTML вялікая літара Ў запісваецца Ў(Ў), маленькая ў — ў(ў).

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Прыкладам у ангельскай мове для пазначэньня гуку [ў] служыць літара w, у польскай мовеł.
  2. ^ На сёньня, ва ўкраінскай мове выражаецца артаграфічна літарай в у словах кшталту бачив[ў], вов[ў]к і г.д.
  3. ^ Чаргаваньне можа наўмысна парушацца, напрыклад, у вершах для захаваньня рыфмы, пры інтанацыйным адасабленьні.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Гуцульські говірки. Короткий словник, Львів, 1999, с. 9.(укр.)
  2. ^ Янкоўскі Ф. М. Гістарычная граматыка беларускай мовы. Мінск, 1989. С.101.
  3. ^ Rott-Żebrowski T. Gramatyka historyczna języka białoruskiego. Lublin, 1992. S.63.(пол.)
  4. ^ Хрестоматия по истории русского языка. Москва, 1990. С.61—66.(рас.)
  5. ^ Юры Пацюпа Занядбаная старонка правапісу: прапановы пісаньня прыназоўніка у/ў перад словамі, што пачынаюцца з галоснай.
  6. ^ Социально-политическая борьба народных масс Белоруссии: Конец XIV в. — 1648 г.: Сб. документов и материалов. В 3 т. Т.1. Минск, 1988.(рас.)
  7. ^ «…приймилисмо сербскоє џ (виџу wydzu) и волоскоє ў (аў, αυ Erazm. Rotterd., au, еў, ευ: спѣваў, spiwαυ; душеў, dušευ)…». Маркіян Шашкевіч (1837) «Русалка днѣстровая», с. 5.(укр.)
  8. ^ а б в Булыка А. У нескладовае // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. Т.4. Мінск: БСЭ. — 1987.
  9. ^ Працы Акадэмічнай канфэрэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі. Менск, 1927. С.309—310.
  10. ^ БКП. Разьдзел 29. Перадаваньне нехарактэрных для беларускай мовы гукаў // Перадаваньне w.
  11. ^ БКП. Разьдзел 5. Правапіс у – ў.
  12. ^ а б Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, § 15. Нескладовае ў і у складовае.
  13. ^ Ходжиев А. П. Узбекский язык // Языки мира: Тюркские языки. — М.: Институт языкознания РАН, 1996. — С. 427.(рас.)
  14. ^ Памятник букве "Ў" в Полоцке, Holiday.by.(рас.)
  15. ^ The most widely used belarusian keyboard layout STB955-94.(анг.)

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Беларуская мова: Вучэб. дапам. / Э. Д. Блінава, Н. В. Гаўрош, М. Ц. Кавалёва і інш.; Пад рэд. М. С. Яўневіча. — Мн. : Выш. школа, 1991. ISBN 5-339-00539-9.
  • Беларуская мова: Правілы арфаграфіі. Беларуска-рускі слоўнік; У. І. Куліковіч, Э. А. Ялоўская - Мінск: Беларус. асац. «Конкурс», 2010. ISBN 978-985-6821-66-3.
  • Гістарычная граматыка беларускай мовы: Вучэб. дапам. / Янкоўскі Ф. М. — Мн. : Выш. школа, 1989. ISBN 5-339-00178-4.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]