Абстракцыянізм

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Абстракцыянізм (ад лац. abstractio — «выдаленьне», «адцягненьне») — беспрадметнае мастацтва, г. зн. мастацтва, якое паказвае не навакольны бачны сьвет, а якое імкнецца непасрэдна выяўляць «духоўныя сутнасьці» (Кандзінскі), агульныя паняцьці, непаўторны ўнутраны сьвет аўтара.

Паўстала прыблізна ў 1910 г. Некаторыя плыні ў абстракцыянізьме, перагукваючыся з пошукамі рацыянальна арганізаваных формаў у дойлідзтве й мастацкай прамысловасьці, стваралі лягічна спарадкаваныя канструкцыі з аб’ёмаў, лініяў, геамэтрычных фігур (супрэматызм Малевіча, нэапластыцызм нідэрляндзкага жывапісца Піта Мандрыяна, кубізм расейскага скульптара Барыса Каралёва). Для іншых плыняў характэрна імкненьне выказаць стыхійнасьць, бесьсьвядомасьць творчасьці ў імпэце, імпульсіўнасьці дзеяньняў мастака, у дынаміцы плям, аб’ёмаў, лініяў (жывапіс амэрыканскіх «абстрактных экспрэсіяністаў» Джэксана Полака, Марка Тобі, ташыстаў (ад франц. tache — «пляма») П’ера Сулажа.

Паняцьцем «абстрактнае мастацтва» аб’ядноўваюцца разнастайныя зьявы — антыгуманістычныя мастацкія канцэпцыі, памкненьні да «абсалютнай волі» ад рэчаіснасьці й грамадзтва, спробы выказаць сьвет асабістых адчуваньняў мастака.

Гісторыя ўзьнікненьня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Абстрактнае мастацтва паўстала як анархічны выклік грамадзкім густам падчас расслаеньня шэрагу плыняў у мастацтве XX ст. — кубізму, экспрэсыянізму, футурызму й інш. У 1910—1913 гг. першыя яго ўзоры ў жывапісе стварылі мастакі, якія працавалі ў Нямеччыне — экспрэсыяністы Васіль Кандзінскі й Паўль Клеэ, парыскія арфісты — Робэр Дэланэ, гішпанец Францыска Пікабія, чэх Фрацішак Купка, італьянскія футурысты — Джакома Бала, Умбэрта Бачоні, Джына Сэвэрыні, у Расеі — супрэматыст Казімер Малевіч, прамяністы Міхаіл Ларыёнаў і Натальля Ганчарова, у Нідэрляндах — нэапластыцысты Піт Мандрыян, Тэа ван Дусбюрг, Барт ван дэр Лэк. Мастакі, якія працавалі ў Парыжы: украінец Аляксандар Архіпэнка, румын Канстантын Брынкушы й інш. зьвярнуліся крыху пазьней да досьведу абстрактнай скульптуры.

Пасьля Першай сусьветнай вайны абстрактнае мастацтва сілкавалася на нігілістычных настроях буржуазнай інтэлігенцыі (дадаізм — гішпанец Хуан Міро, француз Жан Арп). Адначасова вызначылася імкненьне знайсьці невыяўленчым формам ужываньне ў дойлідзтве й дэкаратыўным мастацтве (экспэрымэнты групы «Стыль» — у Нідэрляндах, «Баўхаўз» — у Нямеччыне), будаваць іх па матэматычных і інжынэрных прынцыпах (канструкцыі Уладзімера Татліна, братоў Антуана Пэўзнэра й Наўма Габо, пазьней — амэрыканца Аляксандра Колдэра).

У гады Другой сусьветнай вайны ў ЗША паўстала школа «абстрактнага экспрэсіянізму» (жывапісцы Джэксан Полак, Марк Тобі). Гэты накірунак мастацтва распаўсюдзіўся ў шматлікіх краінах пад назвай ташызма, ці бясформавага мастацтва. Былі абвешчаны галоўныя мэтады — бесьсьвядомасьць і аўтаматызм творчасьці, непрадбачанасьць эфэктаў. У жывапісе й графіцы стала культывавацца выдасканаленасьць нечаканых каляровых і фактурных спалучэньяў (Альфрэд Манэс’е, (Жан Дзюбюфэ, П'ер Сулаж у Францыі, Карэл Апэль у Нідэрляндах, Афра Базальдэла ў Італіі), у скульптуры — парадаксальная вычварнасьць кампазыцыі й апрацоўкі матэрыялаў (Ліптан у ЗША, (Эдуард Чылід у Гішпаніі).

У сярэдзіне XX ст. абстрактнае мастацтва стала прывілеяваным і ваяўнічым накірункам, якое імкнулася да абсалютнага панаваньня. У 60-х гг. абстрактнае мастацтва эвалюцыянуе ў бок арнамэнтальна-геамэтрычных кампазыцый («оп-арт»), як плынь абстрактнае мастацтва губляе свае пазыцыі й выцясьняецца рознымі па характару й мэтам плынямі, якія зьвяртаюцца да прадмета й малюнку.

Некаторыя плыні ў абстрактным мастацтве[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • А. А. Мелик-Пашаев. Современный словарь-справочник по искусству. — М.: «Олимп»: ООО «Издательство АСТ», — 2000. — 816 с.
  • Большая советская энциклопедия. 3-е издание БСЭ. 1969—1978 гг.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Абстракцыянізмсховішча мультымэдыйных матэрыялаў