Адкрыты чэмпіянат ЗША

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Адкрыты чэмпіянат ЗША (па-ангельску: U.S. Open) па тэнісе — чацьверты й апошні з турніраў Вялікага шлема. Праводзіцца штогод у жніўні—верасьні на працягу двух тыдняў перад Днём працы ў ЗША. Асноўны турнір складаецца зь пяці першынствоў: адзінкавыя мужчынскія і жаночыя, парныя мужчынскія і жаночыя, мяшаныя парныя, а таксама два дадатковыя юнацкія турніры і спэцыяльны турнір інвалідаў.

Ад 1978 году турнір праводзіцца ў Нацыянальным тэнісным цэнтры USTA, разьмешчаным у парку Флашын Мэдоўз-Карона ў Кўінзе, Нью-Ёрк.

Значным адрозьнем Адкрытага чэмпіянату ЗША ад трох іншых турніраў Вялікага шлема зьяўляецца прысутнасьць тайбрэйкаў у фінальным сэце. У астатніх турнірах пяты сэт для мужчын і трэці для жанчын доўжыцца, пакуль нехта ня выйграе паводле рэзультатаў двух гэймаў.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адкрыты чэмпіянат ЗША паходзіць з двух асобных турніраў: мужчынскага і жаночага. Упершыню мужчынскі турнір быў праведзены у жніўні 1881 году ў Ньюпорт Казіно, Ньюпорт, Род-Айлэнд. Гэты турнір атрымаў назву «Нацыянальны чэмпіянат ЗША сярод мужчын» (па-ангельску: U.S. National Singles Men's Championship). У турніры маглі ўдзельнічаць толькі клюбы-чальцы Нацыянальнай асацыяцыі вялікага тэнісу ЗША.

Праз шэсьць гадоў, у 1887, у Крыкетным клюбе Філядэльфіі адбыўся першы афіцыйны тэнісны чэмпіянат сарод жанчын (па-ангельску: U.S. Women's National Singles Championship), а ў 1889 — чэмпіянаты сярод жаночых і мяшаных пар.

У 1900 годзе быў упершыню праведзены «Нацыянальны чэмпіянат ЗША сярод мужчынскіх пар» (па-ангельску: U.S. National Men's Doubles Championship). Спачатку турнір праводзіўся асобна ва ўсходняй і заходняй частках краіны для выяўлення двух наймацнейшых камандаў, якія пасьля гулялі паміж сабою, а пераможца атрымліваў права змагацца за чэмпіёнства зь дзейным уладальнікам тытула. Практыка правядзеньня папярэдніх раўндаў была спыненая ў мужчынскай частцы турніру ў 1911 годзе і ў жаночай у 1918 годзе.

Эра адкрытага тэнісу пачалася ў 1968 годзе, калі ўсе пяць першынствоў былі аб’яднаныя ў адзін агульны турнір пад назваю «Адкрыты чэмпіянат ЗША» (па-ангельску: U.S. Open), які праводзіўся ў Тэнісным клюбе Ўэст Сайд, у Форэст Хілз. Акрамя таго, турнір 1968 году быў упершыню адкрыты для тэнісістаў-прафэсіяналаў, якім не дазвалялася выступаць у турнірах да таго моманту. У тым жа годзе ў спаборніцтвах удзельнічала 96 мужчын і 63 жанчыны, прызавы фонд склаў 100 000 даляраў ЗША. У 1978 годзе месца правядзеньня турніру было перанесена з Форэст Хілз у Флашын Мэдоўз, дзе з таго часу ён праходзіць кожны год.

Корты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Галоўны корт турніру — Артур Эш Стэдыюм (па-ангельску: Arthur Ashe Stadium), названы ў гонар знакамітага тэнісіста Артура Эша, які выйграў першы аб’яднаны турнір у 1968 годзе. Трыбуны корту зьмяшчаюць 24 000 гледачоў. Да пабудовы гэтага корту галоўным зьяўляўся Луіс Армстронг Стэдыўм (па-ангельску: Louis Armstrong Stadium).

Усе корты турніру маюць цьвёрдае пакрыцьцё маркі DecoTurf. Матчы праводзяцца на адкрытым паветры.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]