Акавіта

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Акавіта (па-лацінску: aqua vitae — «вада жыцьця») — традыцыйная назва моцнага алькагольнага напою.

З XIII стагодзьдзя агульнаэўрапейскім тэрмінам aqua vitae называлі гарэлку або вінны сьпірт, атрыманыя праз дыстыляцыю віна, пазьней таксама гарэлку з соладу, збожжа, мукі і інш. У кельцкіх народаў скарочаны даслоўны пераклад лацінскага выразу uisce beatha — «вада жыцьця» — стаў назвай нацыянальнага моцнага напою зь ячменнага соладу — ўіскі.

У Польшчы і ВКЛ гэтая назва вядомая з канца XV – пачатку XVI ст. Пачаткова акавіта ўжывалася як аптэчны сродак (найчасьцей для настойваньня лекавых зёлак і г.д.). З пашырэньнем ужытку моцных напояў і дывэрсыфікацыяй іх тыпаў акавітай у вузкім сэнсе пачалі называць найвышэйшую ступень дыстыляцыі гарэлкі (ад 70% аб.), даступную даіндустрыяльнай тэхналёгіі. У сучасных скандынаўскіх краінах акавітай называюць моцную гарэлку (як правіла, з жыта), часам араматызаваную невялікай колькасьцю кмена, якую прынята піць зь невялікіх (50 г.) кілішкаў адным глытком. Да сярэдзіны XX стагодзьдзя ўжываўся старадаўні жартаўлівы беларускі тост:

— Як ты называешся?
— Акавіта.
— А з чаго ты?
— З жыта.
— Пашпарт ёсьць?
— Няма.
— Вось табе турма!

(пасьля чаго акавіту выпівалі). У сучаснай беларускай папулярнай гістарычнай літаратуры акавітай часта называюць старадаўнюю гарэлку ўвогуле.

Артыкул створаны з дапамогай матэрыялаў з: Алесь Белы, праект «Наша Ежа»

Глядзі таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Акавіта — беларускі партал, зьмяшчае навіны, каталёг спасылак на сайты, і лічыльнік наведвальнікаў.