Акбар Вялікі
| Акбар Вялікі جلال الدین محمد اکبر |
|
| Імпэратар Індыі | |
|---|---|
| Папярэднік | Хумаюн |
| Наступнік | Джахангір |
| Асабістыя зьвесткі | |
| Нарадзіўся | 14 кастрычніка 1542 |
| Памёр | 27 кастрычніка 1605 |
| Дынастыя | Вялікія Маголы |
| Бацька | Хамаюн |
| Маці | Хаміда Бану Бэгум |
Джаляль-ад-Дзін Мухамад Акбар (па-арабску: جلال الدین محمد اکبر, Jalāl ud-Dīn Muhammad Akbar) (14 кастрычніка 1542 — 17 кастрычніка 1605) — трэці падышаг дынастыі Вялікіх Маголаў (імпэратар Індыі), тымурыд, сын Хумаюна, якога ён зьмяніў у якасьці валадара Магольскай імпэрыі, унук Бабура, заснавальніка дынастыі. Напрыканцы праўленьня Акбара Магольская імпэрыя ахоплівала большую частку паўночнай Індыі.
Жыцьцяпіс [рэдагаваць]
Акбар, які лічыцца найвялікшым з магольскіх імпэратараў, узышоў на дэлійскі трон ува ўзросьце трынаццаці з паловай гадоў, пасьля сьмерці свайго бацькі Хумаюна. Ён паходзіў з цюркска-мангольскага роду тымурыдаў. Падавіўшы некалькі паўстаньняў (у тым ліку з боку свайго брата Хакіма), ён на працягу двух дзесяцігодзьдзяў аб'ядноўваў пад сваім панаваньнем землі паўночнай і цэнтральнай Індыі. Акбар ліквідаваў на доўгі час ваенную пагрозу з боку пуштунскіх нашчадкаў Шэр Шаха, правёўшы некалькі войнаў супраць аўганскіх плямёнаў. Умацаваў сваю уладу, прыцягнуўшы ўмелай дыпляматыяй на свой бок магутную касту раджпутаў.
Скончыўшы ў асноўным тэрытарыяльнае фармаваньне дзяржавы, у 1574 годзе Акбар прыступіў да правядзеньня ўнутраных рэформаў. Мэтай рэформаў было стварэньне цэнтралізаванай дзяржавы на аснове большай роўнасьці народаў, якія яе насяляюць. Быў умацаваны кантроль за войскам, праведзена новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел, усталявана адзіная сыстэма падаткаабкладаньня. Падатковая рэформа прадугледжвала строгі ўлік і справаздачнасьць, былі адмененыя рэлігійныя падаткі на немусульман, прадугледжана магчымасьць не спаганяць падаткі пры неўраджаі. Па ўсёй імпэрыі была ўведзеная ўніфікаваная сыстэма мераў і вагаў, адзіны сонечны каляндар, заснаваны на базе табліцаў Улугбека. Вялікае значэньне Акбар надаваў развіцьцю гандля, які наладзіў нават з эўрапейцамі. Імкнучыся пашырыць уплыў Маголаў на індыйскае грамадзтва актыўна прыцягваў індускіх раджаў на важныя пасады ў дзяржаве й войску. Разам з тым, нягледзячы на ягонаю значную талерантнасьць і пэўныя сацыяльныя экспэрымэнты, ён заставаўся мусульманскім імпэратарам.
Дасягненьні [рэдагаваць]
Акбар заахвочваў развіцьцё навукі й мастацтваў, сабраўшы вакол свайго стальцу лепшых навукоўцаў, музыкаў, паэтаў і мастакоў. Была створана школа жывапісу, сабрана багацейшая бібліятэка. Практыкаваўся рэлігійны плюралізм, а з 1582 года была зроблена спроба зацьвердзіць у краіне новае містычнае веравучэньне дзін-і-йлахі («боская вера»), якое ўяўляла сабою спалучэньне элемэнтаў індуізма, зараастрызма, іслама й часткова хрысьціянства й фактычна ўтварала культ асобы Акбара. Сутыкнуўся з моцным супрацьдзеяньнем сваім рэлігійным рэформам.
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Акбар Вялікі — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў