Алег Бябенін

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Алег Бябенін
Алег Мікалаевіч Бябенін
Род дзейнасьці журналіст
Дата нараджэньня 14 чэрвеня 1974
Месца нараджэньня Кастрама, РСФСР, СССР
Дата сьмерці 3 верасьня 2010
Месца сьмерці Пярхурава, Менская вобласьць, Беларусь

Алег Мікалаевіч Бябенін (14 чэрвеня 1974 г., Кастрама, РСФСР — 3 верасьня 2010 г., в. Пярхурава, Койданаўскі раён, Менская вобласьць, Беларусь) — беларускі журналіст, рэдактар сайту «Хартыя'97», які памёр пры нявысьветленых абставінах.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў сям’і вайсковага пракурора. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ.

Пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту працаваў у «Белорусской деловой газете», потым — намесьнкіам галоўнага рэдактара[1] у новастворанай газэце «Имя». У 1998 годзе стварыў сайт «Хартыя'97», якім кіраваў да сваёй сьмерці.

Цела Алега Бябеніна было знойдзена ў пятлі 3 верасьня 2010 году ў яго загарадным доме ў вёсцы Пярхурава Дзяржынскага раёну Менскай вобласьці. Пахаваны на Ўсходніх могілках Менску. У Алега Бябеніна засталіся жонка й два сыны.

Афіцыйная вэрсія сьмерці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На месца здарэньня выехала апэратыўна-сьледчая група Дзяржынскага РАУС і работнікі пракуратуры Дзяржынскага раёну. Пры аглядзе дома яны знайшлі дзьве пустыя бутэлькі з-пад сьпіртнога напою «Беларускі бальзам». Сьлядоў барацьбы й зьнешніх пашкоджаньняў на трупе не было выяўлена.

Праверку абставін сьмерці журналіста праводзіла пракуратура Менскай вобласьці. Тэрмін праверкі некалькі разоў працягвалі, але ў выніку ўзбуджаць крымінальную справу па факце сьмерці адмовіліся, спыніўшыся на вэрсіі самагубства. Сьмерць выклікала буйны скандал і шырокае абмеркаваньне ў СМІ[2].

Экспэрты АБСЕ, якіх беларускі бок запрашаў для расьсьледаваньня, «…на падставе доказаў і даступнай для іх інфармацыі… прыйшлі да высновы, што няма прычын думаць, што Бябеніна павесілі пасьля сьмерці», — гаварылася ў паведамленьні АБСЕ. У той жа час ў ім адзначалася, што АБСЕ прасілі забясьпечыць «тэхнічную ацэнку, а не поўнае расьсьледаваньне гэтай сьмерці». Эксгумацыі цела не праводзілася.

Альтэрнатыўныя вэрсіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Многія калегі й сябры Бябеніна зь вэрсіяй самагубства катэгарычна не пагадзіліся й дагэтуль лічаць, што чакаць аб’ектыўнага расьсьледаваньня пры ўладзе Аляксандра Лукашэнкі няма сэнсу. «Алег не пакінуў пасьля сябе ніякай запіскі. Сябры і калегі журналіста, якія былі на месцы здарэньня, заяўляюць пра наяўнасьць на яго целе сьлядоў гвалту», — нагадвае сайт «Хартыя-97».

Журналісты падкрэсьліваюць, што Бябенін уваходзіў у каманду аднаго з галоўных канкурэнтаў Лукашэнкі на выбарах 19 сьнежня 2010 году — лідэра грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Андрэя Саньнікава, каманда якога пасьля выбараў падверглася жорсткаму перасьледу й пакараньням. Андрэй Саньнікаў лічыць, што супраць асноўнай вэрсіі кажа тое, як паводзіў сябе Алег Бябенін напярэдадні: ён быў поўны плянаў, нядаўна вярнуўся з адпачынку ў Грэцыі, паводзіў сябе, як звычайна.

Шэраг прадстаўнікоў уплывовых міжнародных арганізацый заклікалі беларускія ўлады правесьці «ўсебаковае, у поўным аб’ёме і празрыстае» расьсьледаваньне сьмерці Алега Бябеніна.

Беларуская асацыяцыя журналістаў у сувязі са сьмерцю Алега Бябеніна накіравала адмысловыя лісты генэральнаму пракурору Беларусі Рыгору Васілевічу й міністру ўнутраных справаў Анатолю Куляшову.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]