Алег Трусаў
| Алег Трусаў | |
| Старшыня ТБМ | |
|---|---|
| 17 красавіка 1999 — цяперашні час | |
| Дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня | |
| Прэзыдэнт: | Аляксандар Лукашэнка |
| Асабістыя зьвесткі: | |
| Нарадзіўся: | 7 жніўня 1954 (58 гадоў) Амсьціслаў, Магілёўская вобласьць, БССР |
| Нацыянальнасьць: | беларус |
| Партыя: | БСДГ |
Але́г Анато́льевіч Тру́саў (нарадзіўся 7 жніўня 1954) — археоляг, гісторык беларускай архітэктуры, адзіны ў краіне выкладчык гісторыі філятэліі Беларусі. Кандыдат гістарычных навук (1981). Палітык і грамадзкі дзяяч, старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.
Зьмест |
[рэдагаваць] Біяграфія
Алег Трусаў нарадзіўся 7 жніўня 1954 году ў горадзе Амсьціславе Магілёўскай вобласьці. У 1976 годзе скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. У пэрыяд з 1976 па 1992 гады працаваў у Беларускім рэстаўрацыйным праектным інстытуце загадчыкам аддзела комплексных навуковых дасьледаваньняў. У 1981 годзе абараніў кандыдацкую дысэртацыю.
З 1996 да сакавіка 1998 году — дэкан факультэту бібліятэчна-інфармацыйных сыстэмаў Беларускага ўнівэрсытэту культуры. Цяпер дацэнт катэдры гісторыі Беларусі і музэязнаўства.
У 1990 годзе быў адным з заснавальнікаў Беларускага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа.
[рэдагаваць] Грамадзка-палітычная дзейнасьць
Прымаў удзел у абвяшчэньні дзяржаўнага сувэрэнітэту і поўнай незалежнасьці Рэспублікі Беларусь, адзін з распрацоўшчыкаў афіцыйнай выявы дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь «Пагоня», бел-чырвона-белага дзяржаўнага сьцяга Рэспублікі Беларусь і наверша да яго.
У 1990—1996 гады — дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня. З 1990 па 1995 гады — намесьнік старшыні камісіі Вярхоўнага савету Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і ахове гістарычнай спадчыны. Удзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў Апазыцыі БНФ 11—12 красавіка 1995 году супраць арганізаванага Аляксандрам Лукашэнкам рэфэрэндуму аб скасаваньні бел-чырвона-белага сьцяга, гербу «Пагоні» ў якасьці дзяржаўных сымбаляў, скасаваньня статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай мовы і эканамічнай інтэграцыі з Расеяй.
У 1995—1996 гады Трусаў тройчы балятаваўся ў дэпутаты Вярхоўнага Савету XIII скліканьня, тройчы праходзіў у другі тур, аднак па сумнеўных прычынах ня трапіў у ХІІІ ВС.
[рэдагаваць] Таварыства беларускай мовы
У 1989 годзе Трусаў выступіў адным з заснавальнікаў Таварыства Беларускай Мовы. У красавіку 1997 году абраны Рэспубліканскай Радай першым намесьнікам старшыні ТБМ. На VI зьезьдзе ТБМ 17 красавіка 1999 году абраны старшынём Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, якім кіруе дасюль.
Уваходзіць у склад рэдкалегіяў газэты «Наша Слова» і часопісу «Беларуская Мінуўшчына». Узначальвае таварыства «Беларусь-Гішпанія», доўгі час быў сябрам Рады Згуртаваньня Беларусаў Сьвету «Бацькаўшчына».
[рэдагаваць] Навуковая дзейнасьць
Аўтар больш чым 150 навуковых публікацыяў, сярод якіх некалькі манаграфіяў. Як археоляг і гісторык архітэктуры займаецца вывучэньнем манумэнтальнага дойлідзтва XI—XVIII стст.
Распрацаваў мэтодыку архітэктурна-археалягічнага вывучэньня манумэнтальных помнікаў Беларусі, прасочваў эвалюцыю асноўных тыпаў муровак і будаўнічых матэрыялаў.
[рэдагаваць] Цікавыя факты
Алег Трусаў зьяўляецца прыхільнікам распрацоўкі новага правапісу беларускае мовы, а таксама замены запазычаных з расейскай мовы словаў на ўласна беларускую лексыку; клясычны правапіс і наркамаўку лічыць беларускімі культурнымі каштоўнасьцямі, таму ставіцца нэўтральна да ўжываньня абодвух.[1]
[рэдагаваць] Важныя манаграфіі
- Трусов, О. А. Памятники монументального зодчества Белоруссии XI—XVII вв. Архитектурно-типологический анализ. Мн., 1988. — ISBN 5-343-00312-5.
- Трусаў, А. А. Старонкі мураванай кнігі: Манументальная архітэктура эпохі феадалізму і капіталізму. Мн., 1990.
- Трусаў, А. А. Беларускае кафлярства. Мн., 1993.
- Трусаў, А. А. Манументальнае дойлідства Беларусі ХІ—XVIII стагодзьдзяў. Гісторыя будаўнічай тэхнікі. Мн., 2001. — ISBN 985-6305-29-2.
[рэдагаваць] Крыніцы
[рэдагаваць] Літаратура
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. ISBN 985-11-0214-8.
- Трусов Олег // Кто есть кто в Беларуси. — Москва: Книжный дом «Университет», 1999. ISBN 5-8013-0068-6
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
- Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны
- Бяіграфія на Slounik.org
- Трусаў А.А. // на pawet.net
- Нарадзіліся 7 жніўня
- Нарадзіліся ў 1954 годзе
- Асобы па альфабэце
- Вікіпэдыя:Старонкі, якія патрабуюць перакладу з польскай
- Беларускія археолягі
- Беларускія палітыкі
- Беларускія гісторыкі архітэктуры
- Кандыдаты гістарычных навук
- Дэпутаты Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь 12-га скліканьня
- Сябры Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады