Алена Аладава
| Алена Аладава | ||||||||||
Памятная манэта Нацбанку Беларусі «А. В. Аладава. 100 год» |
||||||||||
| Імя пры нараджэньні | Алена Васільеўна Пук | |||||||||
|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| Род дзейнасьці | мастацтвазнаўца | |||||||||
| Дата нараджэньня | 22 траўня 1907 | |||||||||
| Месца нараджэньня | Пружаны, Гарадзенская губэрня | |||||||||
| Грамадзянства | Расейская імпэрыя → СССР | |||||||||
| Дата сьмерці | 29 траўня 1986 | |||||||||
| Месца сьмерці | Менск | |||||||||
| Бацька | Васіль Пук | |||||||||
| Маці | Алена Карпызава | |||||||||
| Муж | Мікалай Аладаў | |||||||||
| Дзеці | Гельмір, Вальмен, Радаслава | |||||||||
| Узнагароды |
|
|||||||||
Але́на Васі́леўна Ала́дава (у дзявоцтве Пук[1]; 22 траўня 1907, г. Пружаны, Расейская імпэрыя — 29 траўня 1986, Менск) — заслужаная дзяячка мастацтваў БССР (1966), мастацтвазнаўца, дырэктарка Дзяржаўнага мастацкага музэю БССР (1944—1977), заслужаная дзяячка культуры Польшчы[2].
Зьмест |
Біяграфія [рэдагаваць]
Нарадзілася А. В. Аладава ў Пружанах 22 траўня [ст. ст. 9 траўня] 1907 у сям’і настаўнікаў гарадзкой чатырохкляснай школы Васіля Ісаевіча Пука (1882—1931) і Алены Сільвестраўны Пук (Карпызавай) (1885—1925). У Пружанах прайшло ранняе дзяцінства Аладавай. У 1916 сям’я пераехала ў мястэчка Парычы пад Бабруйскам, куды на пасаду загадчыка школы быў пераведзены бацька Алены Васілеўны. У 1922 Алена скончыла Парыцкую школу другой ступені. У 1925 памерла яе маці. Бацька ажаніўся другі раз, і сям’я пераехала ў Жлобін.
У 1922—1928 навучалася на натуральна-гістарычным аддзяленьні пэдагагічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. З наведваньняў вячэрняе працоўнае студыі пры Доме мастака пачалося яе знаёмства з мастакамі і захапленьне выяўленчым мастацтвам. У 1925 упершыню паспрабавала сябе ў якасьці экскурсавода і кансультанта на Першай Усебеларускай мастацкай выставе, пачынае публікавацца ў беларускай прэсе.
Сябра творчага аб’яднаньня «Літаратурна-мастацкая камуна» (1927), а затым моладзевага аб’яднаньня беларускіх мастакоў «Прамень»[1] (19291932). У 1930 року яе бацька расстраляны ў Воршы па абвінавачаньні ў контаррэвалюцыйнай дзейнасьці (рэабілітаваны пасьля XX зьезду КПСС).
Па сканчэньні ўнівэрсытэта Алена выйшла замуж за кампазытара Мікалая Аладава, зь якім пазнаёмілася ў студэнцкія гады. У 1937 пачала працаваць навуковым супрацоўнікам арганізацыйнай групы па стварэньні Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР, а ў 1939 г. стала загадчыцай аддзелу беларускага і расейскага мастацтва ўжо заснаванай галерэі. За ўдзел у правядзеньні выставы «Ленін і Сталін — арганізатары беларускай дзяржаўнасьці» Алена была ўганараваная Ганаровай граматай Вярхоўнага Савету БССР. Навучалася на завочным аддзяленьні мастацтвазнаўца Інстытута філязофіі, літаратуры і мастацтва імя Чарнышэўскага ў Маскве, аднак дыплём атрымаць не пасьпела з-за выбуху вайны зь Нямеччынай.
У вайну Алена Васілеўна эвакуяваная ў Саратаў разам з творамі зь віцебскіх і менскіх галерэяў. Не знайшоўшы сьпярша працы па спэцыяльнасьці, пайшла на курсы кіроўцаў, уладкавалася кіроўцам грузавіку на рыбзавод. Пасьля атрымала пасаду намесьніцы дырэктара па навуковай частцы і адначасова галоўнага захавальніка Дзяржаўнага мастацкага музэя імя А. М. Радзішчава.
У 1944 г. Аладава прымала ўдзел у рабоце Камісіі па стратах, нанесеных нямецкімі войскамі музэям БССР. Прызначаная дырэктаркай Музэю гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У тым жа годзе ўзначаліла адноўленую Дзяржаўную карцінную галерэю і некаторы час кіравала абодвума музэямі. У 1957 г. на базе карціннай галерэі быў створаны Дзяржаўны мастацкі музэй БССР, які А. В. Аладава ўзначальвала да 1977 году, а потым да сьмерці была яго навуковым кансультантам.
Чалец КПСС з 1964, чалец праўленьня Саюзу мастакоў БССР з 1966.
Пахаваная з мужам на Ўсходніх могілках Менску[3].
Сям’я [рэдагаваць]
У 1943 у Саратаве афіцыйна ажаніліся зь Мікалаем Ільічом Аладавым, зь якім ужо мелі двох сыноў, народжаных да вайны, — Вальмэна[4] і Гэльміра. У 1945 нарадзілася дачка Радаслава[5].
Дзейнасьць [рэдагаваць]
Дзякуючы Алене Аладавай была адноўлена калекцыя Нацыянальнага мастацкага музэя Беларусі, сярод экспанатаў якой — карціны сусьветна вядомых майстроў У. Баравікоўскага, К. Брулова, В. Трапініна, І. Айвазоўскага, І. Рэпіна, В. Сурыкава, М. Урубеля, палотны слынных мастакоў-беларусаў — І. Аляшкевіча, А. Гараўскага, І. Хруцкага, С. Жукоўскага і іншых. Пасьля вайны ўласна езьдзіла па Савецкім Саюзе, набываючы экспанаты для музэю ў прыватных калекцыянэраў. Найбольшая з сабраных калекцый — больш за 400 твораў — калекцыя В. Бялыніцкага-Бірулі, на яе аснове быў адкрыты музэй мастака ў Магілеве.
За Аладавай музэй правёў 30 экспэдыцыяў, дасьледваў больш за 700 касьцёлаў і цэркваў заходніх раёнаў Беларусі[6]. Фонд музэю, адноўлены намаганнямі мастацтвазнаўца, у 1977 г. налічваў 15 тысяч экспанатаў[7].
Алена Васілеўна — аўтарка і складальніца шматлікіх працаў па беларускім савецкім мастацтве: «Дзяржаўны мастацкі музэй БССР» (1958), «Іван Восіпавіч Ахрэмчык» (1960), «Павал Нікіфаравіч Гаўрыленка» (1963), «Народны мастак БССР В. К. Цьвірка: На зямлі беларускай» (1963), «Беларускі савецкі жывапіс» (1978) і інш.
У 1976 годзе А. В. Аладава і супрацоўнікі Нацыянальнага мастацкага музэю Ірына Мікалаеўна Паньшына і Тацяна Іванаўна Сцёпіна дамагліся таго, каб зрабіць у Раўбіцкім касьцёле філію музэю, уратаваўшы такім чынам касьцёл ад зьнішчэньня: у яго муры ўжо былі закладзеныя запалы, каб падрываць[8].
Захавалася ліставаньне Алены Аладавай са знакамітымі мастацтвазнаўцамі, калекцыянэрамі, рэстаўратарамі, мастакамі, сярод якіх Ігар Грабар, Вольга Канчалоўская, Вера Мухіна, Вітольд Бялыніцкі-Біруля, Аляксандар Грубе, Міхаіл Керзін, Марыя Максакава, Ільля Зільберштэйн, Надзея Хадасевіч-Лежэ і інш.
Узнагароды [рэдагаваць]
- Ордэн Дружбы народаў
- 2 ордэны «Знак Пашаны»
- Заслужаная дзяячка мастацтваў БССР (1966)
- мэдаль «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»
- мэдаль «За працоўную доблесьць»
- юбілейны мэдаль «Трыццаць гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»
- юбілейны мэдаль «За доблесную працу (За вайсковую доблесьць). У азнаменаваньне 100-годзьдзя зь дню нараджэньня Ўладзімера Ільіча Леніна»
- мэдаль «За заслугі перад польскай культурай»[9]
- дзьве Ганаровыя граматы Вярхоўнага Савету БССР
- Ганаровыя граматы Вярхоўных Саветаў Украіны і Летувы
Ушанаваньне памяці [рэдагаваць]
Згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21 траўня 1998 г. № 801 «Аб ушанаванні памяці былога дырэктара Дзяржаўнага мастацкага музея БССР, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Аладавай Алены Васілеўны» 26 чэрвеня 1998 на будынку Нацыянальнага мастацкага музэю Беларусь адбыўся ўрачысты акт устаноўкі бронзавай дошкі з барэльефам Аладавай, выкананай па праекце скульптара Івана Міско.
2007 у Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі быў абвешчаны годам Алены Аладавай[10][11].
22 траўня 2007 у паштовы зварот выдадзеная мастацкая капэрта з арыгінальнай маркай «100 год з дня нараджэння А. В. Аладавай»[12] і адмысловы паштовы штэмпель.
25 ліпеня 2007 Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь уведзеная ў абарачэньне срэбная і медна-нікелевая памятныя манэты «А. В. Аладава. 100 год»[13].
26 кастрычніка 2007 году памятная дошка ў гонар 100-годзьдзя з дня нараджэньня ўрачыста адкрытая на радзіме Алены Васілеўны Аладавай — у Пружанах (Берасьцейская вобласьць) — на будынку архітэктурнага помніка сярэдзіны XIX стагодзьдзя музэя-сядзібы «Пружанскі палацык».
Адна з вуліц менскага мікрараёну Дамброўка названая зборным імем Аладавых[14].
Крыніцы і заўвагі [рэдагаваць]
- ^ а б «Голас Радзiмы» № 34 от 16.09.2004 Архіў СМІ. Інфармацыйна-адукацыйны партал Bymedia.net. Праверана 18 красавіка 2010 г.
- ^ Аладава, Алена Васільеўна (мастацтвазнавец; 1907—1986) Даведка. Каталёг ЦНБ НАН Беларусі. Праверана 18 красавіка 2010 г.
- ^ Муж Аладавай Мікалай Ільіч (1890—1972) — беларускі кампазытар.
- ^ Доктар архітэктуры, аўтар спарткомплексу ў Раўбічах, Камароўскага рынку.
- ^ Беларуская музыказнаўца.
- ^ Віктар Корбут (17 красавіка 2010) Искусство видеть шедевры(рас.) Культура. «Советская Белоруссия» №69 (23460). Праверана 18 красавіка 2010 г.
- ^ 22 мая - 100 год з дня нараджэння А.В. Аладавай (1907-1986), мастацтвазнаўца. Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Праверана 18 красавіка 2010 г.
- ^ Глеб Лабадзенка (11 сакавіка 2010) Раўбiцкi касцёл: быць музею ці вярнуць храм?. Блёг Глеба Лабадзенкі. Праверана 18 красавіка 2010 г.
- ^ Аладова Е. В. Автобиография. — Мн.: Архив НХМ РБ, 1981. — С. 11.
- ^ Юлія Падляшчук (23 студзеня 2007) В Национальном художественном музее состоялась презентация книги "Елена Аладова. Музей - ее судьба"(рас.) Культура. БелТА. Праверана 18 красавіка 2010 г.
- ^ Людміла Шастаковіч (23 сакавіка 2007) Елене Аладовой посвящается…(рас.). "«Ва-банкъ» для минчан". Праверана 18 красавіка 2010 г.
- ^ 100 лет со дня рождения Е. В. Аладовой. Информационный листок № 09 (266)(рас.). Белпошта (11 траўня 2007). Праверана 18 красавіка 2010 г.
- ^ История и культура Беларуси. Памятные монеты "А.В.Аладава. 100 год" ("Е.В.Аладова. 100 лет")(рас.). Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь. Праверана 18 красавіка 2010 г.
- ^ Дыяна Грышанава (6 ліпеня 2007) У назвах сталічных вуліц — знакамітыя імёны. «Голас Радзімы» №25 (3051). Праверана 18 красавіка 2010 г.
Літаратура [рэдагаваць]
- Здановіч Іван Юльянавіч. Рупліўцы беларускага нацыянальнага адраджэньня з Пружаншчыны: Грамадска-літаратурны даведнік. — Пружаны: 2003. — 144 с.
- Алена Васілеўна Аладава // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Пружан. р-на / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.; Маст. А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1992. ISBN 5-85700-094-7. — С. 416—417.
- Елена Аладова. Музей - её судьба / под редакцией Бориса Крепака. — Мн.: Мастацкая літаратура, 2006. — 319 с. — ISBN 985-02-0884-8
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
- Вольга Архіпава, навуковы супрацоўнік музэю. Навіны. Нацыянальны мастацкі музэй Рэспублікі Беларусь. Праверана 18 красавіка 2010 г.
- 22 мая — 100 год з дня нараджэння А.В. Аладавай (1907-1986), мастацтвазнаўца. Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Праверана 18 красавіка 2010 г.
- Барыс Крэпак. Музейшчык з ласкі Божай. Штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета «Культура» №20 (786)/ 19 - 25.05.2007г.. Праверана 18 красавіка 2010 г.
- 100 лет со дня рождения Е. В. Аладовой. Информационный листок № 09 (266)(рас.). Белпошта (11 траўня 2007). Праверана 18 красавіка 2010 г.
- Надзея Белахвосьцік (15 красавіка 2010) Чтобы выкупить картины у Руслановой, мама подкармливала ее брусничным вареньем(рас.) Культура. «Комсомольская правда». Праверана 18 красавіка 2010 г.
- Нарадзіліся 22 траўня
- Нарадзіліся ў 1907 годзе
- Жанчыны
- Асобы па альфабэце
- Памерлі 29 траўня
- Памерлі ў 1986 годзе
- Кавалеры ордэна Сяброўства народаў
- Кавалеры ордэна «Знак Пашаны»
- Узнагароджаныя мэдалём «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»
- Узнагароджаныя мэдалём «У адзначэньне 100-годзьдзя з дня нараджэньня Ўладзімера Ільліча Леніна»
- Нарадзіліся ў Пружанах
- Выпускнікі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту
- Беларускія мастацтвазнаўцы
- Заслужаныя дзеячы мастацтваў БССР
- Памерлі ў Менску
- Пахаваныя на Ўсходніх могілках Менска