Алена Лебенбаўм

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Алена Верабей
Імя пры нараджэньні Алена Якаўлеўна Лебенбаўм
Дата нараджэньня 5 чэрвеня 1967(1967-06-05) (56 гадоў)
Месца нараджэньня
Месца вучобы
Занятак актрыса, сьпявачка
Гады дзейнасьці 1990—
Псэўданімы Елена Воробей
Узнагароды
заслужаны артыст Расейскай Фэдэрацыі
IMDb ID nm0495596
Сайт vorobei.ru
Подпіс Выява аўтографу

Алена Якаўлеўна Лебенбаўм, псэўд. Верабей (па-расейску: Елена Яковлевна Лебенбаум, псевд. Воробей; нар. 5 чэрвеня 1967, Берасьце) — эстрадная акторка парадыйнага жанру і кіно, сьпявачка. Жыве і працуе ў Расеі.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзілася ў сям’і беларускіх габрэяў Якава і Ніны Лебенбаўмаў у Берасьці. Ганарылася сваім прозьвішчам і любіла падкрэсьліваць яго значэньне: дрэва жыцьця. Вучылася ў сярэдняй школе № 20 г. Берасьця, а затым у музычнай вучэльні (цяпер — Берасьцейскі дзяржаўны музычны каледж імя Рыгора Шырмы). Здольнасьці да пародыяў выявіліся ў яе яшчэ ў школе. Школьныя настаўнікі сталі першымі пэрсанажамі для яе пародыяў. Разам з тым любіла сьпяваць і марыла стаць эстраднай сьпявачкай. Але бацькі рыхтавалі яе на настаўніка музыкі.[1]

У 1988 з трэцяй спробы паступіла ў Ленінградзкі тэатральны інстытут (сёньня — Санкт-Пецярбурская дзяржаўная акадэмія тэатральнага мастацтва). Паводле яе словаў, каб езьдзіць у Ленінград на ўступныя іспыты, тры гады запар ёй давялося мыць пад’езды, разгружаць хлеб, дапамагаць прадаўцам ў хлебным аддзеле. Цікава, што пры паступленьні прыёмная камісія адзначыла, што сьпяваць Алена Лебенбаўм ня ўмее і ня здольная гэтаму навучыцца.[2] У Ленінградзкім тэатральным інстытуце, які скончыла ў 1993 годзе, яна праходзіла навучаньне па клясе артыст тэатру, эстрады і кіно Ісака Штокбанта. Артыстка прызнаецца, што падчас навучаньня цяжэй за ўсё ёй было пазбавіцца свайго беларускага акцэнту, каб пачаць правільна размаўляць па-расейску. А лягчэй за ўсё ёй даваўся вакал. Пэдагогу па вакале Алене Шмыдлеўскай, якая вучыла ня толькі класычнай манэры сьпеваў, але і эстраднай, і джазавай, і якая пасьля ўгавораў пагадзілася ўзяць Алену Лебенбаўм у сваю клясу, яна паабяцала стаць лепшай вучаніцай. І сапраўды стала ёю.[3]

Творчы шлях[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З студэнцкіх гадоў пачала працаваць у Ленінградзкім тэатры музычнай пародыі «Буфф» разам з такімі вядомымі сёньня парадыстамі як Юры Гальцаў, Генадзь Ветраў. Там у яе была магчымасьць іграць у драматычных спэктаклях, сьпяваць, і рабіць пародыі. Знайсьці свой жанр для яе тады аказалася няпроста — хацела стаць і сьпявачкай, і парадыстам, і акторкай.

У 1991 выступіла на конкурсе акторскай песьні імя Андрэя Міронава з музычнай пародыяй. Сваім вобразам і вакальным нумарам яна шакавала журы, якое не ацаніла яе выступ, але пры гэтым у гледачоў яна выклікала вялікае захапленьне і была адзначана прызам глядацкіх сымпатыяў.[2] У 1993 Алена выдатна прадэманстравала свае вакальныя і акторскія здольнасьці на Ўсерасейскім конкурсе «Ялта-Масква-Транзыт». Тады яна зьявілася перад гледачамі ў вобразе няўклюднай школьніцы ў акулярах з касічкамі і бутэрбродам у руцэ. Меркаваньні прафэсійнага журы і гледачоў гэтым разам супалі і Алена Верабей атрымала на конкурсе Гран-пры, адмысловы прыз 1-га тэлеканалу — паездку ў Сан-Рэма ды прыз глядацкіх сымпатыяў.

Аднак пасьля гэтага выдатнага посьпеху ў Ялце Алена Верабей эстраднай сьпявачкай ня стала — для гэтага патрэбныя былі вялікія грошы, якіх яна ня мела. Ты ня менш, яна працягвала пісаць песьні, агучвала шматлікія рэклямныя ролікі. Вялікую ролю ў яе далейшай акторскай кар’еры адыграла знакамітая сьпявачка Ала Пугачова, якая ў 1998 годзе запрасіла яе прыняць удзел у здымках «Калядных сустрэчаў» («Рождественских встреч»).

Пазьней ёй зацікавўся парадыст Уладзімер Вінакур, які шукаў актрысу для свайго тэатру, аднак працаваць у яго тэатры ёй не давялося: пасьля адзінага выступу ў канцэртнай праграме «Левчик и Вовчик. 30 лет спустя», дзе Верабей разам з Гальцавым і Ветравым выканалі парадыйны нумар, да яе падышоў прэзыдэнт культурнага фонду «АРТЭС» А. Достман і прапанаваў падпісаньне выгаднага кантракту. Праз пэўны час Алена Верабей цалкам перайшла на эстраду ў парадыйны жанр і пачала браць удзел у праграме «Аншлаг». Пачаліся і сольныя канцэрты перад вялікай аўдыторыяй у розных гарадах і краінах. За некалькі гадоў Алена Верабей пасьпела аб’езьдзіць з гастролямі паўсьвету. Здымаецца ў кіно.

Творчы псэўданім Алены Лебенбаўм мае наступнае тлумачэньне: з аднаго боку, слова «верабей» выдатна адлюстроўвае няўрымсьлівы тэмпэрамэнт артысткі, а яшчэ Алена зь дзяцінства любіць сьпявачку Эдыт Піаф, прозьвішча якой з францускай мовы перакладаецца як «верабей».

Сям’я[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сёньня Алена Верабей жыве ў Маскве на Вараб’ёвых гарах, выхоўвае дачку Сонечку, якая нарадзілася ў 2003 годзе насуперак дыягназу дактароў, якія ставілі ёй дыягназ «бясплоднасьць». Раней рэгулярна наведвалася ў Берасьце, дзе ў сям’і бацькоў выхоўвалася яе дачка Сонечка. Заўчасна спачылы дзядзька Алены Лебенбаўм (родны брат бацькі) — Яфім Лебенбаўм — быў сябрам Берасьцейскай гарадзкой арганізацыі БНФ «Адраджэньне», выступаў за незалежнасьць Беларусі, яе дэмакратызацыю, прыхільна ставіўся да беларушчыны і, будучы прыватным прадпрымальнікам, нават матэрыяльна рэгулярна падтрымліваў утрыманьне сядзібы БНФ у Берасьці. Наогул для ўсіх Лебенбаўмаў, любоў да Берасьця і сваёй краіны былі зусім не чужыя.[4]

З 2010 году бацькі Алены Верабей (Лебенбаўм) Якаў і Ніна ды сям’я малодшай сястры Натальлі жывуць разам зь ёй у Маскве.

Ролі ў кіно[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • 2011 «Новые приключения Аладдина» — мама Аладзіна
  • 2010 «Морозко»(мюзыкл) — Марфушэнька (галоўная роля)
  • 2009 «Золотой ключик» — ліса Аліса
  • 2008 «Золотая рыбка» — Залатая Рыбка
  • 2007 «Первый дома» — сэржант міліцыі/Паша Строганава
  • 2007 «Королевство кривых зеркал»
  • 2006 «Бедная крошка» — Кікімара
  • 2006 «1-й Скорый» — бяздарная акторка (пародыя на «кікімару» кінарэжысэра Якіна з к/ф «Иван Васильевич меняет профессию»)
  • 2005 «Это все цветочки» — Інга
  • 2005 «Бриллианты для Джульетты» — Жанна сьпявачка
  • 2005 «12 стульев» (Украіна) — Фіма Собак, сяброўка Элачкі-людажэркі
  • 2004—2005 «Осторожно, Задов!»
  • 2004 «Операция „Эники-Беники“»
  • 2004 «Афромосквич» — настаўніца Жэні
  • 2003 «Женский роман» — эпізод
  • 2001 «Вуліцы разьбітых ліхтароў»-3 (па-расейску: Улицы разбитых фонарей)— Ларыса, разьвядзёная багачка
  • 2001 «Домовой» (16-я сэрыя)
  • 2001 «Старые песни о главном. Постскриптум» (тэлепраект)
  • 1998 «Тело будет предано земле, а старший мичман будет петь» — эпізод
  • 1993 «Страсти по Анжелике» (Украіна, Расея) — сяброўка
  • 1990 «Бакенбарды» | Sudeberns — удзельніца «Капэлы»

Тэатральная праца[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • «Чего хотят мужчины?» (рэжысэр Вольга Швэдава)
  • 2012 «Ты мой Бог» — роля сабачкі-дварнягі па мянушцы Сыльвія

Сцэнарыст[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • 2007 «Школа № 1»

Агучваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • 2006 «Элька» (анімацыйны)

Вакал[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • 2001 «Улицы разбитых фонарей-3» — вакал

Выконвае песьню «Домовой» (музыка Андрэя Іванова, словы Дзьмітрыя Рубіна)

  • 2001 «Домовой» (16-я сэрыя)

Песьні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • «Арлекино»
  • «Белый снег»
  • «Домовой» (з сэрыялу «Улицы разбитых фонарей»)
  • «Замечталась»
  • «Идет солдат по городу» (з хорам ВВ МУС Расеі)
  • «Ой, я мама»

Узнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заслужаны артыст Расейскай Фэдэрацыі. Алена Верабей неаднаразова станавілася ляўрэатам Усерасейскіх конкурсаў артыстаў эстрады:

  • «Хит-парад Останкино» (1995)
  • «Кубок юмора» (2002)

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]