Аль-Ідрысі
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Аль-Ідрысі (Абу Абдалах Мухамэд ібн Мухамэд ібн Абдалах аш-Шэрыф ал-Ідрыс) (1099 або 1100 – 1161 або 1165) — славуты арабскі географ.
Паходзіў з арыстакратычнага роду, атрымаў дасканалую адукацыю ў Кардоўскім унівэрсытэце. З 1139 году працаваў у Палерма пры двары нарманскага караля Сыцыліі Ражэра II. Да 1154 году (шаувал 548 год хіджры) скончыў вялікую каляровую карту свету (Charta Rogeriana ці Tabula Rogeriana) на 70 аркушах з суправаджальным тэкстам да яе на арабскай мове пад назвай Kitab nuzhat al-mustak fi htirak al-afak («Кніга — забаўляньне для стомленага ў вандраваньнях па абласьцях сьвету»), вядомым пад назвай «Кніга Ражэра». Згодна з арабскай традыцыяй, Charta Rogeriana арыентаваная на поўдзень, а не на поўнач, як сучасныя карты.
Тэрыторыя сучаснай Беларусі прадстаўленая ў асноўным на аркушы 65 (5 сэкцыя VII клімату паводле клясыфікацыі Ідрысі) Паказаныя горад Менск («Муніска») — першая выява гораду на карце, «возера Тэрмі» — верагодна, Прыпяцкія балоты. Дняпро («Днабрус») пададзены ад вытокаў Бярэзіны («Бельцес»). Ёсьць падставы атаясаміць горад «Бармунію» (аркуш 55) з Бярэсьцем. Яшчэ шэраг аб'ектаў можна лякалізаваць у Беларусі гіпатэтычна, напрыклад, горад «Барманза» ля сутокаў Дняпра і Бярэзіны. Усьлед за іншымі мусульманскімі аўтарамі Ідрысі згадваў «тры віды русаў», у тым ліку Артанію, але другаснасьць інфармацыі Ідрысі не дазваляе зьвязаць апошнюю з якім-небудзь пэўным рэгіёнам.
Праца Ідрысі зьявілася вяршыняй клясычнай арабскай картаграфіі і далёка пераўзыходзіла паўнатой і дакладнасьцю любыя вядомыя карты сьвету XII – XIII стагодзедзяў.
[рэдагаваць] Літаратура
- Белы А. Беларусь на арабскай карце XIII стагодзьдзя // Падарожнік. № 7, 1996.
- Крыніца: Алесь Белы, «Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі»