Аляксандар Слушка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Аляксандар Слушка
Аляксандар Слушка
Аляксандар Слушка

Герб «Астоя»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся каля 1580
Памёр ліпень 1647
Пахаваны
Род Слушкі
Бацькі Мікалай Слушка
Альжбета з Кміцічаў
Жонка Соф’я Канстанцыя зь Зяновічаў
Дзеці Альжбета, Багдан Уладзіслаў, Яўстах Адам, Багуслаў Юры, Жыгімонт Адам

Аляксандар Слушка (каля 1580 — ліпень 1647) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Кашталян менскі (1618—1628) і жамойцкі (1628—1638), ваявода наваградзкі (1638—1642) і троцкі (з 1642)[1].

Быў старостам рэчыцкім, прапойскім, гомельскім і мазырскім.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадстаўнік шляхецкага роду Слушкаў гербу «Астоя», сын Мікалая, старосты крычаўскага, і Альжбеты, дачкі маршалка гаспадарскага Яна Кміціча (прыходзілася ўнучкай ваяводу наваградзкаму Яну Літавору Храптовічу). Меў брата Крыштапа.

Партрэт, Стоўпцы

Быў каралеўскім дваранінам. 12 лістапада 1618 году атрымаў прызначэньне на кашталяна менскага «па Пятру Тышкевічу», 11 сакавіка 1628 году — на кашталяна жамойцкага «па сьмерці Адама Тальваша», 2 сакавіка 1633 году — на ваяводу менскага «па сьмерці Балтазара Стравінскага» (у Энцыкляпэдыі Вялікага Княства Літоўскага няма ўпаміна пра гэты урад[1]), у 1638 годзе — на ваяводу наваградзкага, у ліпені 1642 году — на ваяводу троцкага «па сьмерці Паца». На сойме 1628 году абіраўся маршалкам Галоўнага Трыбуналу 1631 году. Быў камісарам аплаты войска, дэпутатам на Фіскальны Трыбунал у 1633 годзе.

Ажаніўся з Соф’яй Канстанцыяй, дачкой ваяводы берасьцейскага Крыштапа Зяновіча, сястрой кашталяна полацкага Мікалая і ўдавой Станіслава Кішкі. У шлюбе меў дачку Альжбету (першы раз выйшла за маршалка надворнага кароннага Адама Казаноўскага, другі — за падканцлера кароннага Гераніма Радзеёўскага) і сыноў Багдана Ўладзіслава (дваранін каралевіча Ўладзіслава; памёр у 1630 годзе, у пятнадцаць гадоў), Яўстаха Адама, Багуслава Юрыя і Жыгімонта Адама.

Выхоўваўся ў кальвінізьме, аднак пазьней разам з жонкай перайшоў у каталіцтва. Быў значным фундатарам Касьцёла. 23 красавіка 1623 году Аляксандар і Соф’я Слушкі з аднаго боку і правінцыял Рускай правінцыі дамініканаў айцец Марыян Крэпіцэнс і айцы Сымфарыян і Шчырыц з другога склалі ўгоду аб фундацыі Стаўпецкага кляштару дамініканаў, сам фундуш на кляштар выдалі 20 лістапада 1626 году. Над Нёманам спачатку збудавалі драўляныя касьцёл і кляштар, а потым мураваны касьцёл, абнавіліся таксама касьцельныя рэчы. Фундаваў дамініканскі кляштар у Рэчыцы і жаночы бэрнардынскі кляштар ў Менску. Збудаваў касьцёлы ў Валожыне (дзьве сьвятыні) і вёсцы Кавалеўшчыне, дзе яго пахавалі.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Вяроўкін-Шэлюта У. Слушкі // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 597.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аляксандар Слушкасховішча мультымэдыйных матэрыялаў