Аляксандар Галавінскі
Аляксандар Кузьміч Галавінскі (кастрычнік 1886, в. Муравільле, Клімавіцкі павет, цяпер Касьцюковіцкі раён — 1937?, Ніжні Ноўгарад, НКУС) — беларускі грамадзка-палітычны дзеяч, інжынэр.
У 1912 скончыў Кіеўскі політэхнічны інстытут. Падтрымліваў кантакты з эсэрамі, арыштоўваўся за ўдзел у студэнцкім руху.
З 1918 член прэзыдыюма Кіеўскай беларускай рады. У лістападзе 1918 — раднік пасольства БНР на Ўкраіне. Быў радным па тэхнічна-эканамічных пытаньнях у Міністэрстве замежных справаў урада БНР.
З канца 1918 у Горадні, дарадца МЗС БНР. У 1919 затрыманы румынскімі ўладамі.
Вясной 1921 году ў якасьці прадстаўніка ўраду БНР быў дэлегаваны ў Маскву. З 1921 году ў Летуве: старшыня Беларускай нацыянальнай сувязі, замежнага ЦК БПС-Р у Коўне. Выдаваў часопіс «Покліч».
Удзельнічаў у ліквідацыі ўраду БНР на Бэрлінскай канфэрэнцыі ў кастрычніку 1925 году. У 1927 арыштаваны летувіскімі ўладамі. Пасьля вызваленьня пераехаў у Менск, працаваў у Акадэміі і адначасова Саўнаргасе БССР, загадчык сэкцыі (аддзела) праектнага бюро Інстытута прамысловасьці.
Атрымаўшы адукацыю за мяжою, ён быў знаёмы з мэтадам перапрацоўкі драўніны ў шоўк. Удасканаліў гэты мэтад, і ў лябараторных умовах распачаў перапрацоўку кастрыцу на шоўк. За гэтае вынаходзтва ўхапіліся ў Саўнаркоме БССР‚ але дарэмна — ніякай фабрыкі для вырабу шоўку адчыніць не дазволілі[1].
Арыштаваны ў 18 ліпеня 1930[2] па справе «Саюза вызваленьня Беларусі». Асуджаны паводле пастановы калегіі АДПУ СССР 10 красавіка 1931 як «член контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай арганізацыі» на 5 гадоў. Далейшы лёс невядомы.
Рэабілітаваны судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР 10 чэрвеня 1988. Групавая справа № 20951-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Зноскі [рэдагаваць]
Літаратура [рэдагаваць]
- Кароткі нарыс беларускага пытаньня. — Менск: І. П. Логвінаў, 2009. — 396 с. — (Кнігарня «Наша Ніва»). ISBN 978—985-6901-22-8.
- Сымон Кандыбовіч. Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі. Менск, БГА, 2000.